Беларуская Служба

Літва адрэагавала на заявы Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі

27.03.2023 13:27
«Размяшчэнне Расіяй ядзернай зброі ў Беларусі выкліча новую хвалю напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе».
Ілюстрацыйны здымакMNStudio/Shutterstock

Размяшчэнне Расіяй ядзернай зброі ў Беларусі выкліча новую хвалю напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе, заявілі ў МЗС Літвы і паведамілі, што ў адказ Літва будзе заклікаць сваіх еўраатлантычных партнёраў увесці новыя санкцыі, адзначаецца на сайце dziennik.pl.

«Гэта адчайныя крокі Пуціна і Лукашэнкі для стварэння чарговай хвалі напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе. Гэтыя дзеянні яшчэ больш уцягваюць Беларусь у вайну з Украінай і супрацьстаянне з дэмакратычным светам», – гаворыцца ў заяве літоўскага МЗС.

«Беларусь, якая ўсё больш губляе суверэнітэт, падтрымаўшы расійскую агрэсію, усё больш уцягваецца ў расійскія ваенныя планы, і становіцца дадатковым фактарам рызыкі для Балтыйскага рэгіёну», – гаворыцца ў заяве.

МЗС абвясціла, што Літва абмяркуе са сваімі еўраатлантычнымі партнёрамі, як адказаць на «гэтыя ваенныя планы расійскага і беларускага рэжымаў» і што «адным са сродкаў рэакцыі будзе заклік да прыняцця новых санкцый».

Паводле міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса, заява прэзідэнта Расіі аб гатоўнасці размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі адрасаваная краінам Захаду і закліканая запалохаць краіны, якія падтрымліваюць Украіну. Анушаўскас нагадаў, што «Злучаныя Штаты Амерыкі ўмерана ацэньваюць гэты крок Уладзіміра Пуціна».

У суботу Пуцін заявіў, што Расія мае намер размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю. Ён паведаміў, што Расія перадала Беларусі 10 самалётаў, здольных несці ядзерныя ракеты, і да 1 ліпеня будуць на тэрыторыі Беларусі пабудаваныя склады для захоўвання гэтай зброі, паведамляе dziennik.pl

яс/Аляксандра Акіньча