Беларуская Служба

Кім Чэн Ын хоча сустрэцца з Пуціным, каб абмеркаваць пастаўкі зброі

05.09.2023 14:39
Лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын хоча сустрэцца з Уладзімірам Пуціным у Расіі, каб абмеркаваць продаж зброі Маскве, паведамляе Белы дом.
Kim Dzong Un chce spotkać się z Putinem w celu omówienia dostaw broni
Kim Dzong Un chce spotkać się z Putinem w celu omówienia dostaw broni Alexander Khitrov/ Shutterstock

«Як мы ўжо казалі раней, перамовы па ўзбраеннях паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй актыўна прасоўваюцца», – заявіла прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Эдрыен Уотсан.

«Мы ведаем, што Кім Чэн Ын хоча працягнуць гэтыя перамовы... на самым высокім узроўні ў Расіі», – дадала яна.

Уотсан нагадала, што ў канцы ліпеня міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ездзіў у Пхеньян і спрабаваў пераканаць паўночнакарэйскія ўлады прадць Расіі артылерыйскія боепрыпасы.

Раней у панядзелак газета New York Times паведаміла са спасылкай на ананімных чыноўнікаў адміністрацыі ЗША, што Кім Чэн Ын плануе паехаць у Расію ў гэтым месяцы, каб сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і абмеркаваць магчымасць пастаўкі Маскве зброі для вайны ва Украіне.

Паводле NYT, Кім паедзе на бронецягніку ва Уладзівасток на ціхаакіянскім узбярэжжы Расіі, дзе адбудзецца сустрэча з Пуціным.

Па словах чыноўнікаў, на якія спасылаецца NYT, абодва лідары ​​возьмуць удзел ва Усходнім эканамічным форуме, які пройдзе на тэрыторыі кампуса Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэту ва Уладзівастоку 10-13 верасня. Таксама Кім плануе наведаць базу расійскага флоту ў Ціхім акіяне.

NYT адзначае, што Пуцін хацеў бы набыць у Паўночнай Карэі артылерыйскія снарады і супрацьтанкавыя ракеты, а Кім чакае ад Расіі перадавых тэхналогіяў для спадарожнікаў і атамных падводных лодак. Верагодна, паўночнакарэйскі лідар таксама будзе шукаць у Расіі харчовай дапамогі для сваёй краіны, дзе мільёны людзей жывуць у крайняй галечы.

Dziennik Gazeta Prawna / вх