Беларуская Служба

Палітычныя партыі Польшчы правялі выбарчыя з’езды, на якіх агучылі свае прапановы

11.09.2023 11:33
Кожная палітычная сіла распавяла пра тое, якую дапамогу атрымаюць розныя сацыяльныя групы. 
Аўдыё
  • Палітычныя партыі Польшчы правялі выбарчыя з’езды, на якіх агучылі свае прапановы
Выбарчы з'езд «Права і справядлівасці» PAP/Łukasz Gągulski

На выходных палітычныя партыі Польшчы правялі выбарчыя з’езды, на якіх агучылі свае прапановы ў выпадку перамогі на выбарах, якія ў Польшчы адбудуцца 15 кастрычніка. Кожная палітычная сіла распавяла пра тое, якую дапамогу атрымаюць розныя сацыяльныя групы. 

Выбарчыя з’езды правялі кіроўная партыя «Права і справядлівасць», апазіцыйныя «Грамадзянская кааліцыя» (уваходзяць «Грамадзянская платформа», «Сучасная», «Польская ініцыятыва» і «Зялёныя»), «Трэці шлях» (Польская сялянская партыя і «Польшча 2050»), а таксама Левыя.

Кіроўная партыя свае галоўныя выбарчыя прапановы агучвала на працягу апошняга тыдня. Гэта лепшае харчаванне ў шпіталях, пашырэнне праграмы Міністэрства адукацыі «Адкрый Польшчу» па дафінансавання адукацыйных паездак школьнікаў.

«Права і справядлівасць» таксама прапануе абавязаць буйнафарматныя крамы прадаваць харчы з лакальнага рынку, дафінансаваць мадэрнізацыю панэльных жылых кварталаў.

На выбарчым з’ездзе партыя агучыла прапанову ўвядзення пенсіяў за выслугу гадоў. Для жанчын пенсійны стаж складзе 38 гадоў, для мужчын – 43.

Лідар Яраслаў Качыньскі, прадстаўляючы перадвыбарчую праграму, сказаў, што яго партыя хоча, каб Польшча была алічбаванай краінай, але пры адначасовай абароне наяўных. Польшча будзе павялічваць прагрэс у развіцці лічбавізацыі, казаў лідар партыі Яраслаў Качыньскі:

-Гэта вельмі вялікі рэсурс, якія сапраўды павінен ахапіць усю Польшчу. Ён ужо пайшоў наперад, але пасля васьмі гадоў Польшча павінна быць лічбавай краінай. Мы не дапусцім да ліквідацыі наяўных. Гэта вельмі небяспечна ў выпадку нейкіх крызісаў ці атак. Гэта таксама перадача кантролю над іншымі групе людзей. Адзін рух і чалавек без грошай. Гэтага нельга дапусціць ні цяпер, ні праз 100 гадоў.

Паводле FOR (Форум грамадзянскага развіцця), выбарчыя абяцанні «Права і справядлівасці» ацэньваюцца ў 115 мільярдаў злотых.

Старшыня «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск распачаў праграмны з’езд «Грамадзянскай кааліцыі» ў Тарнаве. Палітык прадставіў найбольш важныя пункты праграмы, якую партыя ў выпадку перамогі на сёлетніх выбарах хацела б рэалізаваць у першыя сто дзён кіравання.

Першым пунктам праграмы было павелічэнне неабкладаемай падаткам сумы да 60 тысяч злотых. Гэта значыць у два разы больш, чым зараз. Такім чынам, кожны пенсіянер з пенсіяй да 5 тысяч злотых не будзе вымушаны плаціць падаходны падатак.

-На працягу першых ста дзён мы ўвядзем правілы, што за бюлетэнь ад самога пачатку будзе плаціць дзяржава, а не прадпрымальнік. Кожны польскі настаўнік атрымае павышэнне заробку на мінімум 1500 злотых. Кожная цяжарная жанчына атрымае права на бясплатнае абязбольванне падчас родаў, атрымае права да бясплатнага прэнатальнага даследавання, – гаварыў лідар «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск.

У дадатак да згаданых ідэй былі пералічаныя субсідыі на арэнду кватэр для моладзі, зніжэнне ПДВ для сферы прыгажосці да 8 працэнтаў, паўторная індэксацыя пенсій і выплат па інваліднасці, калі інфляцыя перавышае 5%.

Эксперты падлічылі, што праграма «Грамадзянскай кааліцыі» ацэньваецца (паводле FOR) больш чым у 80 мільярдаў злотых.

Лідары «Трэцяга шляху» – Шымон Галоўня і Уладзіслаў Касіняк-Камыш – абвясцілі, што пасля выбараў яны найперш сканцэнтруюцца на барацьбе з інфляцыяй і інвестыцыях у зялёную энергію. Свае перадвыбарчыя абяцанні яны прадставілі ў Варшаве на з’ездзе «Эканоміка, наперад!».

-Калі не будзе таннай зялёнай энергіі, то не будзе падзення інфляцыі, не будзе інвестыцый і ніжэйшых хатніх рахункаў. Мы павінны нарэшце гэта зрабіць, адблакоўваючы сродкі з ЕС. Зрабіць так, каб я мог купіць энергію лакальна, ад ветравой ці сонечнай фермы, – гаварыў Шыман Галоўня.

Абяцанні «Трэцяга Шляху» ўключаюць зніжэнне падаткаў пры большай колькасці дзяцей, інтэрнаты за 1 злоты і дзве гандлёвыя нядзелі ў месяц. Гэта таксама інвестыцыі ў будаўніцтва і транспарт, інвестыцыі ў зброевую прамысловасць паводле правіла 50/50 – 50% ваеннай тэхнікі з польскіх кампаній, астатнія 50% з-за мяжы.

Эксперты FOR (Форум грамадзянскага развіцця) гэтыя прапановы ацэньваюць у 125 мільярдаў злотых.

Найбольш сродкаў вымагаюць прапановы Левых – 227 мільярдаў злотых. Партыя хоча паступова скарачаць працоўны тыдзень і ўвесці 35-дзённы водпуск, 100% аплаты за бальнічныя, платныя стажы, ліквідаваць дамовы падраду.

189 мільярдаў злотых трэба было б падрыхтаваць на прапановы кансерватыўнай «Канфедэрацыі». Іх галоўныя прапановы: простыя і нізкія падаткі; добраахвотнае сацыяльнае і пенсійнае страхаванне для прадпрымальнікаў; кватэры і дамы на 30% танней і абароненыя канстытуцыяй наяўныя сродкі.

Інстытут IBRIS апублікаваў сёння вынікі выбарчага апытання. У ім лідзіруе «Права і справядлівасць» – 33,2% галасоў, на другім месца «Грамадзянская кааліцыя» – 26%, на трэцім месцы «Трэці шлях» – 10,3%, Левыя – 10,1% і Канфедэрацыя – 9,4%.

ав

слухайце аўдыё

Маравецкі: PiS прапануе праграму рэнавацыі панэльных жылых дамоў

04.09.2023 09:25
Прэмʼер апублікаваў відэа, у якім прэзентаваў адзін з пунктаў праграмы PiS на наступны тэрмін. Гэта новая праграма рэвіталізацыі панэльнай жылой забудовы.

Польскія палітыкі спаборнічаюць у заспакаенні патрэб выбарцаў

05.09.2023 14:40
У Польшчы ў разгары перадвыбарчая кампанія. Пакуль у апытаннях грамадскай думкі лідзіруе кіроўная партыя, але апазіцыя таксама можа разлічваць на добры вынік.

Выбарчая кампанія ў Польшчы разгортваецца

09.09.2023 12:01
Свае праграмы прэзентуюць як кіроўная кааліцыя, так і апазіцыйныя партыі.