Беларуская Служба

Як галасавалі ў міжваеннай Польшчы і як беларусы выбіралі сваіх дэпутатаў

21.10.2023 06:02
У 1922 годзе ў Сейме Польшчы быў створаны Беларускі пасольскі клуб.
Аўдыё
  • Як галасавалі ў міжваеннай Польшчы і як беларусы выбіралі сваіх дэпутатаў
   ,      . , 1928
Грамадзяне стаяць у чарзе, каб аддаць свой голас у выбарах. Польшча, 1928 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

У мінулую нядзелю ў Польшчы прайшлі парламенцкія выбары. Іх адрозненнем ад папярэдніх выбараў стала рэкордная яўка – больш за 74%. А як у Польшчы галасавалі ў мінулым, у тым ліку ў міжваенны перыяд? Нагадаем, тады ў краіне пражывала шмат прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці.

Дарэчы, папярэдні рэкорд, калі гаварыць пра выбарчую яўку, меў месца ў 1989 годзе, калі яшчэ ў Польскай Народнай Рэспубліцы прайшлі часткова свабодныя парламенцкія выбары. Тады яўка склала амаль 63%.

У гісторыі ж Польшчы найбольшая яўка выбаршчыкаў мела месца падчас парламенцкіх выбараў у 1928 годзе – больш за 78%. Дарэчы, выбары ў 1928 годзе адбываліся пасля дзяржаўнага перавароту, які ў 1926 годзе здзейсніў Юзэф Пілсудскі. Пасля дзяржперавароту пачаўся перыяд санацыі (аздараўлення – рэд.) дзяржавы, і ўся ўлада ў краіне знаходзілася ў руках менавіта Пілсудскага і яго акружэння. Пачаўся час аўтарытарызму, так што выбары 1928 года нельга назваць цалкам дэмакратычнымі.

У часы міжваеннай Польшчы, якую ў польскай гістарыяграфіі называюць Другой Рэччу Паспалітай, нацыянальныя меншасці складалі больш за 30% ад агулу насельніцтва. У залежнасці ад году, калі адбываліся перапісы насельніцтва, беларусы складалі 3-4% грамадзян Польшчы. Зразумела, што ў такой сітуацыі яны мелі сваіх прадстаўнікоў у Сейме і Сенаце краіны. Больш за тое, у парламенце быў створаны Беларускі пасольскі клуб, які існаваў з 1922 да 1930 года. Дарэчы, на польскай мове слова «пасол» азначае менавіта дэпутата ў нацыянальны сход, а не дыпламатычнага прадстаўніка.

Грамадзяне Польшчы ідуць на выбары. 1930 год Грамадзяне Польшчы ідуць на выбары. 1930 год

Беларускі пасольскі клуб быў створаны ў 1922 годзе 11 дэпутатамі. У працэсе сваёй дзейнасці клуб адстойваў сацыяльныя і нацыянальныя правы беларускага насельніцтва ў Польшчы. Спачатку займаў лаяльную пазіцыю ў адносінах да польскага ўраду, але ў палове 1923 года перайшоў у апазіцыю і дапускаў узаемадзеянне з польскімі левымі і цэнтрысцкімі партыямі. У чэрвені 1925 года з-за рознагалоссяў у клубе адбыўся раскол: частка дэпутатаў стварыла асобны Пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады, іншыя ж засталіся ў старым клубе.

Пасля новых выбараў у сакавіку 1928 года Беларускі пасольскі клуб быў створаны паўторна ў складзе чатырох дэпутатаў Сейма і двух сенатараў.

Дарэчы, у 1922 годзе, калі беларусы ўпершыню былі выбраныя ў польскі Сейм, яўка склала амаль 68% у маштабе краіны. Беларускія нацыянальныя арганізацыі ў той час былі даволі актыўныя, што дазволіла прайсці ў польскія парламент ажно 11 беларусам.

Калі гаварыць пра міжваенную Польшчу, то, паводле гісторыкаў, дэмакратычнымі можна назваць выключна выбары 1922 года. Бо пазней, пасля перавароту Пілсудскага, у перадвыбарчы і выбарчы працэсы быў заангажаваны адміністрацыйны рэсурс. Чаму ж менавіта ў 1928 годзе, ужо пасля перавароту, мела месца настолькі высокая яўка? Маршал Пілсудскі вырашыў не распускаць парламенту, а проста ўзяць яго пад кантроль. Быў створаны прасанацыйны Беспартыйны блок супрацоўніства з урадам, які стаў парламенцкай базай для ўраду і асяроддзя Пілсудскага. У той час маршал Польшчы карыстаўся ў краіне вялікай павагай і меў шмат прыхільнікаў сярод грамадзян. Але было таксама нямала людзей, якія ўспрымалі Пілсудскага як зло, і таму падчас выбараў адбылася мабілізацыя народу: людзі пайшлі масава галасаваць – як прыхільнікі санацыі, так і яе праціўнікі. І адсюль – высокая яўка. Дарэчы, падобны працэс адбыўся падчас нядзельных выбараў у Польшчы, бо галасаваць пайшлі як прыхільнікі кіруючай партыі «Права і справядлівасць», так і прыхільнікі апазіцыі, «накруціўшы» такім чынам яўку.

На выбарчым участку. 1930 год На выбарчым участку. 1930 год

Наступныя датэрміновыя выбары, якія адбыліся ў 1930 годзе, абсалютна не былі дэмакратычнымі, таму што рэжым Пілсудскага арыштаваў і пасадзіў у Брэсцкую крэпасць лідараў апазіцыі.

Выбары ў парламент у 1935 і 1938 гадах праходзілі ўжо паводле Канстытуцыі, прынятай асяроддзем санацыі, і згодна з новым Выбарчым кодэксам. З кожнай акругі выбіралі двух дэпутатаў сярод чатырох кандыдатаў. Дарэчы, стварэннем вабарчых спісаў займаліся прадстаўнікі муніцыпальных уладаў і прафесійных самакіраванняў пад кіраўніцтвам камісара, прызначанага Варшавай. На практыцы гэта азначала, што кандыдатам у дэпутаты не мог стаць чалавек, якога не адобрылі цэнтральныя ўлады.

Выбары ў Польшчы. 1930 гады Выбары ў Польшчы. 1930 гады

Пачынаючы з 1935 года яшчэ большыя абмежаванні, чым выбары ў Сейм, датычылі выбараў у Сенат. Толькі 2/3 сенатараў выбіраліся грамадзянамі ў выбарах, прычым пасрэдных. Галасаваць падчас выбараў у Сенат мог не кожны: права голасу мелі грамадзяне з вышэйшай адукацыяй, афіцэры, асобы, узнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі, і прадстаўнікі муніцыпальных органаў улады.

У тэорыі найбольшая выбарчая яўка ў гісторыі краіны мела месца падчас выбараў у 1980 годзе – тады яна склала амаль 99%. Але гэта толькі тэорыя, таму што выбары ў рэаліях Польскай Народнай Рэспублікі назваць свабоднымі нельга.

Валеры Саўко

крыніца фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe 

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу