Беларуская Служба

Літоўскія палітыкі шукаюць ворага ў белаурсах

24.10.2023 06:51
Частка літоўскіх палітыкаў пачала казаць пра беларусаў, як пра пагрозу для бяспекі Літвы. Гэта маніпуляцыйная пазіцыя, перакананы палітолаг.
Аўдыё
  • Гісторыя дзеліць літоўцаў і беларусаў
Ілюстрацыйнае фотаPhoto: Y.Likhtarovich

Працяглы палітычны крызіс у Беларусі змусіў тысячы чалавек з’ехаць у пошуках часовага прытулку за мяжой. Аднак гэтая сітуацыя цягнецца ўжо трэці год, што спараджае напружанасць у краінах, якія прымаюць беларусаў. Частка літоўскіх палітыкаў пачала казаць пра беларусаў, як пра пагрозу для бяспекі Літвы. Гэта перабольшаная пазіцыя, перакананы палітолаг.

На пачатку жніўня літоўскія палітыкі выступілі з крытыкай таго, што нібыта беларусы хочуць забраць у літоўцаў спадчыну ВКЛ пад выглядам руху «ліцвінізму» сярод беларусаў. Пра гэта заявіў кіраўнік камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне літоўскага Сейма Лаўрынас Кашчунас ды сябра КНБА Раймундас Лопата.«Я не хачу, каб у нашай краіне зʼявілася абшчына, якая прапаведуе так званую ліцвінскую ідэалогію, якая мала таго, што прысвойвае сабе Вялікае княства Літоўскае, але таксама сцвярджае, што сапраўдныя ліцвіны – гэта беларусы, а мы дзесці на перыферыі», - заявіў палітык.

Увесь час гэтая тэма гучыць у літоўскім публічным дыскурсе, дайшло да таго, што беларусаў у Літве пачалі дыскрэдытаваць, увoдзячы заканадаўчыя абмежаванні. З чым звязаная дадзеныя палітыка мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.

- Насамрэч ніхто не можа дакладна акрэсліць, што такое «ліцвінізм», што гэта за з’ява, і чаму так раптоўна яна з’явілася на павестцы дня ў Літве. Я бачу ў гэтым вынік кансерватыўнага погляду на гісторыю ў Літве. Кансерватыўныя гісторыкі бачаць у гэтым жаданне беларускай інтэлігенцыі перагледзець гісторыю ВКЛ і аспрэчыць той факт, што гісторыя ВКЛ належыць выключна Літве, і што назва сучасная Літва не адпавядае гістарычнай Літве.   

Літоўскі бок баіцца перагляду гістарычных мітаў, створаных савецкімі гісторыкамі, якія былі выгодныя літоўцам, кажа палітолаг.

- Страх перад гістарычнай рэвізіяй збоку беларускага істэблішменту і спарадзіў негатыўную рэакцыю часткі літоўскіх эліт, як абарончая рэакцыя на перагляд гісторыі і назвы Літва. Да гістарычных спрэчак дадалася яшчэ праблема Вільні.

Што гэта за праблема?

- Вядома, што ў гістарычнай памяці часткі беларусаў Вільня належыць да цывілізацыі Літвы. Літоўцы ўздымаючы пытанне «ліцвінізму» рэагуюць на памкненне часткі беларускага грамадства да разумення гісторыі ВКЛ як інтэгральнай часткі сучаснай Беларусі, апасаюцца з’яўлення пытання: чыя Вільня?. Гэтыя спекуляцыі ёсць маніпуляцыяй у адказ на прэтэнзіі беларусаў называцца часткай гістарычнай Літвы. Адсюль заявы пра тое, што тыя, хто лічаць сябе ліцвінамі, нібыта прэтэндуюць на тое, каб забраць Вільню і далучыць яе да Беларусі.  

У 1990 пра гэта ўжо спрачаліся гісторыкі, і прыйшлі да кампрамісу. Чаму цяпер дадзенае пытанне стала палітычным у Літве, і як гэта адаб’ецца на беларусах, якія там жывуць?

-  Спрэчкі гісторыкаў сталі цяпер топавай палітычнай тэмай у Літве. Я бачу ў гэтым спробы манапалізаваць гісторыю ВКЛ і сказаць, што тая дзяржава была папярэднікам сучаснай Літвы, пазбаўляючы Беларусь спадчыны ВКЛ. Жаданне  выкарыстаць спрэчныя моманты ў гісторыі для маніпуляцыі грамадскай думкай, перш за ўсё з боку часткі літоўскага палітычнага істэблішменту, – вельмі небяспечнае. Да гэтага трэба дадаць бачанне беларусаў як пагрозы. Гэта ўжо прывяло да прыняцца дыскрымінацыйных законаў у дачыненні да беларусаў у Літве. З іншага боку мы бачым спробу мабілізацыі супраць унутранага ворага, якім прызначылі беларусаў. Гэта ўжо перадвыбарчыя маніпуляцыі, але яны ўжо прыводзяць да спынення супрацы. Напрыклад, спынена супрацоўніцтва патрыятычнага беларускага клубу «Ліцвіны» з «Літоўскімі стральцамі».

Гэта можа прывесці да адкрытай варожасці, калі беларусаў будуць успрымаць як сапраўднага ворага, кажа палітолаг.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі