Беларуская Служба

Як Украіна і Расія мабілізуюць салдат? Кіеў шукае ідэю для эфектыўнай мабілізацыі. Пуцін заваблівае на вайну вялікімі грашыма

29.11.2023 12:39
Упершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна вырашыў дэмабілізаваць частку вайскоўцаў.
Plakat werbunkowy w centrum Moskwy.
Plakat werbunkowy w centrum Moskwy.Foto: PAP/EPA

Тыя, хто пачаў тэрміновую вайсковую службу ў 2021 годзе, хутка вернуцца дамоў. Гаворка ідзе пра амаль 30 тысяч чалавек, якім камандаванне ўкраінскай арміі павінна знайсці замену на франтах вайны з Расіяй. Улады ў Кіеве таксама шукаюць ідэю, як перашкодзіць мужчынам прызыўнога ўзросту ўцякаць з войска за мяжу, піша Руслан Шошын, журналіст Rzeczpospolita.

Хто пойдзе дадому?

У апошнія месяцы ў розных гарадах Украіны (у тым ліку ў Кіеве) адбываюцца пратэсты сваякоў вайскоўцаў. Яны патрабуюць дэмабілізацыі сваіх мужоў і сыноў, якія ваююць больш за 20 месяцаў. Пакуль дадому павінны вярнуцца толькі тыя, хто быў прызваны на тэрміновую службу да расійскага ўварвання. Вясной (красавік-чэрвень) 2021 года ў войска было прызвана больш за 14 тысяч чалавек (уключаючы Узброеныя сілы, Нацыянальную гвардыю, Памежную службу), восенню 2021 года ў войска было прызвана больш за 13 тысяч чалавек. Іх служба павінна была скончыцца праз 18 месяцаў (адзін год для тых, хто мае вышэйшую адукацыю), але ў лютым 2022 года Расія пачала ўварванне. Было аб'яўлена ваеннае становішча і прыпынена дэмабілізацыя.

Улады Украіны шукаюць спосаб заахвоціць украінскіх мужчын служыць у войску. Паводле інфармацыі брытанскага штодзённіка The Guardian, на гэтым тыдні ўкраінскі ўрад зменіць падыход да мабілізацыі. Ён хоча, сярод іншага, прыцягваць камерцыйныя агенцтвы па працаўладкаванні, якія будуць набіраць неабходных арміі спецыялістаў для вайны, напрыклад, зваршчыкаў або токараў. Ва ўрадзе разлічваюць, што такім чынам людзі, якія выконваюць пэўныя прафесіі, не будуць баяцца мабілізацыі і адпраўкі на фронт, а атрымаюць магчымасць служыць па-іншаму.

Зʼехалі сотні тысяч

Нядаўна ўкраінская рэдакцыя Бі-Бі-Сі прааналізавала дадзеныя Еўрастата, з якіх вынікае, што ажно 768 тысяч украінскіх мужчын ва ўзросце 18-64 гадоў (мабілізацыі падлягаюць асобы ва ўзросце 18-60 гадоў) знаходзяцца ў краінах Еўрасаюза і маюць статус часовай аховы. Гэта азначае, што яны павінны былі пакінуць Украіну пасля 24 лютага 2022 года, калі забарона на выезд з краіны ўжо дзейнічала. У адной толькі Германіі, паводле звестак Еўрастата, налічваецца прыкладна 190 тысяч чалавек. Невядома, колькі ўкраінскіх мужчын прызыўнога ўзросту зʼехалі з Украіны легальна, напрыклад, як шматдзетныя бацькі ці па інваліднасці.

У многіх рэгіёнах Украіны існуюць арганізаваныя злачынныя групы, якія за грошы дапамагаюць людзям фальсіфікаваць дакументы (напрыклад, медыцынскія) або пакідаць краіну праз зялёную мяжу. У гэтай практыцы ўдзельнічаюць некаторыя супрацоўнікі вайсковых структур і медыцынскіх камісій, якія ацэньваюць прыдатнасць да службы. У верасні СБУ выявіла пяць «каналаў незаконнага выезду з краіны», у тым ліку размова ішла пра начальніка адной з раённых камендатур у Харкаўскай вобласці.
У пачатку лістапада службы выйшлі на след зламыснікаў, якія вывозілі за мяжу мужчын прызыўнога ўзросту на машыне хуткай дапамогі з сірэнай экстранай дапамогі. Кошт «паслугі» пачынаўся прыкладна ад 5000 долараў.

Пуцін заахвочвае рублём

Уладзімір Пуцін заманьвае суайчыннікаў ваяваць з украінцамі грашыма. У аўторак ён замарозіў заробкі дзяржаўных служачых да студзеня 2025 года. А гэта значыць, што больш за 600 тысяч расійскіх чыноўнікаў, у тым ліку дэпутаты, сенатары, суддзі, у наступным годзе не атрымаюць павышэння заробкаў.

Аднак салдаты і афіцэры сілавых ведамстваў змогуць разлічваць на індэксацыю заробкаў. Цяпер месячны заробак мабілізаванага на вайну з Украінай расіяніна без адукацыі і карыснай для войска прафесіі пачынаецца ад 210 тысяч рублёў (эквівалент 9,5 тыс. злотых). Між тым летась (дадзеныя Расстата) сярэдні заробак у Расіі складаў 65 тысяч злотых. (каля 3 000 злотых). У многіх рэгіёнах краіны ён яшчэ ніжэйшы (Алтайскі край – 39 тыс. рублёў, Дагестан – 35 тыс. рублёў, Інгушэція – 32 тыс. рублёў).

«Улада добра плаціць за забойства ўкраінцаў. Некаторыя нават атрымліваюць па 300-500 тысяч рублёў у месяц (13,5–22,5 тыс. злотых – рэд.). Для большасці расіян гэта неймаверныя грошы. Многія падтрымліваюць падыход Пуціна і кажуць: улады нарэшце далі зарабіць, – кажа выданню Rzeczpospolita адзін з піцерскіх апазіціянераў. – Расія – багатая краіна, і гэты кашмар хутка не скончыцца. Прынамсі, пакуль Расія можа прадаваць энергарэсурсы».

вх