Беларуская Служба

2023 быў складаным годам для Памежнай аховы Польшчы

04.01.2024 15:08
Павялічылася колькасць незаконных перасячэнняў польскай мяжы, а таксама нападаў на памежнікаў. 
Аўдыё
  • 2023 год вачыма Памежнай аховы Польшчы
Напад на польскі памежны патруль парушальнікаў мяжы пры спробе пераходу з боку БеларусіScreenshot z https://twitter.com/Straz_Graniczna

Польская Памежная служба падвяла вынікі 2023 года на мяжы з Беларуссю. Нягледзячы на тое, што на мяжы пабудавана агароджа, колькасць парушэнняў не зменшылася. Больш за тое, парушальнікі сталі больш агрэсіўнымі, ім дапамагаюць кантрабандысты ды злачынцы як з беларускага, так і польскага боку. У адказ польскія памежнікі ўдасканальваюць тэхнічныя сродкі, павялічваюць асабовы склад, супрацоўнічаюць з памежнымі службамі іншых еўрапейскіх краін.

У 2023 годзе супрацоўнікі Памежнай аховы Польшчы зноў зафіксавалі тысячы спроб нелегальнага пераходу польска-беларускай мяжы. З мінулага году на большым участку польскай мяжы з Беларуссю  дзейнічае адмысловая агароджа з сістэмай маніторынгу. Яе будаўніцтва, аднак, пакуль не прывяло да таго, што зменшылася колькасць парушальнікаў. Ахвотных прарвацца ў ЕС праз польскую мяжу паболела, яны пачалі паводзіцца больш агрэсіўна. Былі зафіксаваныя спробы ламаць агароджу, рабіць падкопы, пераразаць калючы дрот, прарывацца праз мяжу па рэках ці праз балоты. Неаднаразова на рпацягу года даходзіла да нападаў на польскіх памежнікаў, распавяла ў інтэрв'ю Польскаму радыё прэсавы сакратар Падляшскага адзела Памежнай аховы маёр Катажына Здановіч.

- Апошні год часта здараліся такія сітуацыі, калі ў бок польскіх памежнікаў кідалі камяні, галлё, але таксама і петарды. Мы павінны быць вельмі ўважныя, клапаціцца пра бяспеку жаўнераў і памежнікаў, якія патрулююць непасрэдна мяжу. Пры гэтым мы мусім дзейнічаць адказна, не даючы ўцягнуць нас у правакацыю.

Апошні такі інцыдэнт меў месца ў нядзелю 31 снежня каля вёскі Дубічы-Царкоўныя, дзе «група мігрантаў, якім не ўдалося нелегальна перасекчы мяжу з Беларусі, пачала кідаць у бок польскага патрулю камяні ды падпаленыя галіны дрэў», паведаміла Памежная служба на партале Х.

Польская Памежная ахова на днях апублікавала статыстыку нелегальных перасячэнняў мяжы ў 2023 годзе. На 247 км. участка мяжы з Беларуссю зафіксавана амаль 26 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы. Гэта на 10 тысяч больш, чым у 2022. Пераважная большасць тых, хто перасякаў мяжу, — гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў з 52 краін свету. У першую чаргу з Афрыкі, краін Персідскага заліва, але былі і замежнікі з такіх далёкіх месц, як Куба. Пры гэтым пры спробе нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы загінулі 28 чалавек. Столькі цел польскія памежнікі знайшлі на мяжы з Беларуссю. Асноўная прычына смерці - пераахалоджванне. 

Апроч таго павялічылася колькасць затрыманых супрацоўнікамі Памежнай службы т.зв. кур'ераў мігрантаў. Летась па падазрэнні ў садзейнічанні або арганізацыі нелегальнай міграцыі праз мяжу з Беларуссю і Літвой затрымана крыху больш за 600 чалавек. Гэта на 100 больш, чым годам раней, зазначыла маёр Катажына Здановіч.

- Мы кажам пра ўвесь участак мяжы, які ахоўвае Падляшскі адзел Памежнай службы. Гэта мяжа з Беларуссю ды Літвой. Гэта кур’еры, якія прыязджаюць, каб забраць людзей, якія нелегальна перайшлі мяжу. Таксама трапляюцца праваднікі, якія праводзяць нелегальных мігрантаў праз мяжу.

Пры гэтым кур'ераў затрымліваюць у розных кутках Польшчы - не толькі ля мяжы. Сярод кур'ераў пераважаюць мужчыны. Летась былі затрыманыя прадстаўнікі больш чым 30 нацыянальнасцяў.

- Гэта грамадзяне такіх краін як Грузія, Украіна, Беларусь, але былі таксама грамадзяне Таджыкістану ды Узбекістану.

У звязку з растучай праблемай нелегальнай міграцыі польская Памежная служба ўвесь час мусіць паляпшаць падрыхтоўку сваіх кадраў ды гарантаваць адпаведнае тэхнічнае забеспячэнне. Так, польскія памежнікі выкарыстоўваюць цяпер пры прарыве мяжы ранцавыя газамёты ды ахоўныя шчыты, асабліва шчытамі часта карыстаюцца жаўнеры. Транспарт, які патрулюе памежную зону, таксама павінен быць добра падрыхтаваны, напрыклад, мець спецыяльныя ахоўныя сеткі.

У гэтым годзе Памежная служба набыла 340 новых адзінак розных тыпаў тэхнікі для патрулявання мяжы. Сярод закупленай тэхнікі — электрамабілі, матацыклы, аўтобусы і поўнапрывадныя аўтамабілі, зазначыла прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы капітан Анна Міхальска.

- У першую чаргу гэта пазадарожнікі з поўным прывадам, каб памежнікі маглі трапіць у любы, нават цяжка даступны ўчастак, хутка даехаць на месца падзей, дзе здарыўся нелегальны пераход мяжы. У сваю чаргу ў гарадах і ў аэрапартах будзе выкарыстоўвацца экалагічная тэхналогія электрарухавікоў.

Польскі бок актыўна карыстаецца дапамогай еўрапейскай Службы аховы мяжы Frontex пры вырашэнні праблемы нелегальнай міграцыі. У 2023 годзе польская Памежная служба пачала супрацоўніцтва з фінскім урадам. У мінулым годзе гэтая скандынаўская краіна таксама сутыкнулася з нелегальнай міграцыяй, арганізаванай Расіяй паводле лукашэнкаўскай схемы.

- Напэўна гэта частка тых мігрантаў, якія былі на мяжы з Беларуссю, іх потым перакінулі на мяжу з Фінляндыяй. Ёсць таксама новыя групы мігрантаў, якіх вязуць адмыслова на фінскую мяжу. Расія ды Беларусь у залежнасці ад палітычнай патрэбы вырашюць як выкарыстоўваць групы мігрантаў, на якую мяжу іх высылаць.

Фіны наведалі з візітам Польшчу, каб паглядзець, як працуе польская сістэма аховы мяжы з Беларуссю. Польскія афіцэры Памежнай службы пачалі службу на фінска-расійскай мяжы ў рамках аперацыі Frontex.

У звязку з тым, што наплыў мігрантаў на польскай мяжы і на фінскай – штучна арганізаваны рэжымамі ў Мінску ды Маскве, польскі бок прагназуе, што ў 2024 годзе нелегальны міграцыйны рух на польска-беларускай мяжы будзе працягвацца. За апошнія 4 дні памежнікі прадухілілі 89 спроб парушэння мяжы з боку Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч