Беларуская Служба

«Пуцін не адмовіцца ад Запарожскай электрастанцыі. Гэта занадта важная карта ў руках дыктатара»

02.05.2025 18:11
Разлічваць на тое, што расійская армія добраахвотна выйдзе з акупаванага Энeргадару, дзе знаходзіцца найбуйнейшая ў Еўропе АЭС, не варта.
Уладзімір ПуцінEPA/ALEXANDER KAZAKOV/SPUTNIK/KREMLIN POOL Dostawca: PAP/EPA.

Прычын шмат, піша каментатар газеты Rzeczpospolita Руслан Шошын.

Амерыканскія СМІ яшчэ ў сакавіку паведамлялі, што прэзідэнт Дональд Трамп хоча завалодаць украінскімі АЭС. Некалькі дзён таму высветлілася, што пытанне Запарожскай АЭС уключана ў мірны план ЗША, адрасаваны Расіі і Украіне.

Белы дом прапанаваў перадаць амерыканскім спецыялістам найбуйнейшую ў Еўропе электрастанцыю ў акупаваным Расіяй Энергадары. Згодна з гэтай прапановай, вырабленая там электраэнергія будзе трапляць як у гарады, якія кантралююцца ўладамі Кіева, так і на акупаваныя Расіяй тэрыторыі. Адказ Масквы быў прадказальны.

Запарожская АЭС - моцная карта Пуціна ў вайне Расіі з Украінай

У інтэрв'ю CBS News міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адхіліў амерыканскую ідэю, заявіўшы, што «электрастанцыя знаходзіцца ў добрых руках».

Варта зірнуць на карту Украіны, каб зразумець, наколькі стратэгічна важны Энергадар для Крамля. На поўдні краіны лінія фронту праходзіць па Дняпры і застаецца нязменнай з моманту адыходу расійскай арміі з Херсона.

Адступаючы з Энергадару, Крэмль адкрыў бы ўкраінцам шлях на левы бераг ракі для наступу на поўдні краіны. Мэтай такой атакі першапачаткова мог стаць, напрыклад, акупаваны Расіяй Мелітопаль. Вярнуўшы кантроль над горадам, кіеўскія сілы адарвалі б акупаваную частку Данецкай вобласці ад Крыма і вярнулі б страчаны доступ да Азоўскага мора.

Здзіўлены дзеяннямі ўкраінскай арміі ў раёне Курска, Уладзімір Пуцін не выключае паўтарэння падобнага сцэнару на іншых участках фронту.

Найбуйнейшая ў Еўропе атамная электрастанцыя стала страшылкай у руках Пуціна

Запарожская АЭС сёння для Пуціна не з'яўляецца крыніцай электраэнергіі, бо ўсе шэсць рэактараў знаходзяцца ў стане т.зв. халоднага адключэння. У ваенны час гэта перш за ўсё шчыт, прызначаны для абароны расіян ад магчымага наступу ўкраінскай арміі.

Каментатар Rzeczpospolita мяркуе, што расійскі дыктатар без ваганняў падарваў бы электрастанцыю, калі б украінцы вырашылі пераправіцца праз Днепр і Крамлю прыйшлося вывесці адтуль свае сілы. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў абвінаваціў бы ўлады ў Кіеве ў «другім Чарнобылі» ў Еўропе. Наступствы такой катастрофы стварылі б яшчэ адну зону адчужэння на карце Украіны. І шмат што сведчыць аб тым, што ў Кіеве, гледзячы на метады Пуціна за апошні дзясятак гадоў, яны выдатна ўсведамляюць такую пагрозу.
Асабліва пасля таго, як у чэрвені 2023 году расіяне ўзарвалі плаціну Кахоўскай ГЭС.

яс