Вызвалены Юрась Зянковіч, грамадзянін РБ і ЗША, у першым інтэрв’ю пасля вяртання ў Амерыку расказаў, што яго задачай была падрыхтоўка плана трансфармацыі краіны і пераходу да дэмакратыі. Менавіта стварэнне гэтага плана было пастаўлена ў віну яму, Аляксандру Фядуце і Рыгору Кастусёву. У Маскву ён ляцеў для сустрэчы з падпалкоўнікам Іванам Жураўскім, у той час афіцэрам Генеральнага штаба, які нібыта адказваў за ідэю вайсковага перавароту. А таксама Зянковіч прыляцеў для сустрэчы ва Усерасійскім фондзе міру.
Палітолаг Павал Усаў адзначае, што гэта вельмі важная інфармацыя, якая можа сведчыць пра ролю расіян у 2020 годзе:
- Тут пытанне, на колькі гэта была аперацыя лукашэнкаўскіх спецслужб, а на колькі расійскіх. Гэты фонд з’яўляецца пераемнікам савецкага фонду міра, створанага ў 1961 годзе, які выкарыстоўваўся савецкімі спецслужбамі для правядзення рознага віду гібрыдных аперацый на Захадзе і краінах трэцяга свету для дыскрэдытацыі Захаду і папулярызацыі ідэй СССР. У 2020-х гадах ён стаў актыўным інструментам культурна-палітычных уплываў у краінах былога Савецкага Саюзу. І вось нейкім дзіўным чынам грамадзянін Амерыкі быў звязаны з гэтым фондам. І пры гэтым, як кажа Зянковіч, нейкія партнёры гэтага фонду гарантавалі яму бяспечнае прыбыванне ў Маскве. Гэта азначае, што гэта павінны быць вельмі аўтарытэтныя асобы, якія былі зацікаўленыя ў тым, каб Зянковіч з Фядутам прыехалі ў Маскву і былі арыштаваныя расійскім ФСБ. Таму я сыходжу, што гэтая аперацыя па захопу ўлады магла быць арганізаваная расійскімі спецслужбамі для большага псіхалагічнага ціску на Лукашэнку.
Поўны каментар – у далучаным гукавым файле.