Штогод 9 мая ў шэрагу еўрапейскіх краін, і ў першую чаргу - у краінах Еўрапейскага саюза, на афіцыйным узроўні адзначаецца Дзень Еўропы. Гэты дзень быў заснаваны з мэтай актывізацыі грамадзян еўрапейскіх краін у працэс інтэграцыі. Яго мэта таксама - адукаванне грамадзян дзяржаў ЕС і людзей у іншых краінах аб перавагах такой арганізацыі, як Еўрасаюз.
Дарэчы, актуальна існуюць два асобныя Дні Еўропы. Так, першы дзень адзначаецца 5 мая па рашэнню Савета Еўропы, пачынаючы з 1964 года, у гадавіну стварэння гэтай арганізацыі ў 1949 годзе. А другі Дзень Еўропы, які адзначаецца 9 мая, быў афіцыйна зацверджаны Еўрапарламентам у 2008 годзе. Ён таксама вядомы як «Дзень Дэкларацыі Шумана», паколькі адзначаецца ў гадавіну абвяшчэння Дэкларацыі Шумана (іншая назва - План Шумана).
Роберт Шуман, 1949 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/CC BY-SA 3.0 de/Allgemeiner Deutscher Nachrichtendienst
Пасля Другой сусветнай вайны Еўропа аказалася падзеленая на два лагеры – капіталістычны і сацыялістычны. Апусцілася жалезная заслона. Галоўнымі глабальнымі гульцамі ў свеце, у тым ліку і ў Еўропе, сталі Злучаныя Штаты Амерыкі і Савецкі Саюз. Краіны Заходняй Еўропы апынуліся перад дылемай: як стымуляваць знішчаную вайной эканоміку і не дапусціць да маргіналізацыі еўрапейскіх краін на фоне амерыканска-савецкага суперніцтва. І палітыкі прыйшлі да высновы, што еўрапейскія дзяржавы будуць мацнейшымі, калі аб'яднаюцца.
Еўрапейскае абʼяднанне вугалю і сталі, 1952 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/CC BY-SA 4.0/VateGV
9 мая 1950 года ў сваёй прамове ў Парыжы міністр замежных спраў Францыі Роберт Шуман (1886-1963 г.г.) выступіў з прапановай аб'яднаць металургічную, жалезарудную і вуглездабываючую прамысловасці Францыі і Заходняй Германіі. У 1951 годзе было створанае Еўрапейскае абʼяднанне вугалю і сталі. Гэтая арганізацыя паклала пачатак інтэграцыйным працэсам у Заходняй Еўропе. Пазней рашэнне аб падрыхтоўцы дагавора, які прадугледжваў пашырэнне сферы эканамічнай інтэграцыі, было прынятае ў чэрвені 1955 года міністрамі замежных спраў шасці еўрапейскіх дзяржаў. У выніку ў сакавіку 1957 года была створаная Еўрапейская эканамічная супольнасць – гэта быў пачатак Еўрасаюза. Падрыхтоўка дамовы аб стварэнні ЕЭС вялася Камітэтам экспертаў, які атрымаў назву «Камітэт Спаака» ад прозвішча яго старшыні, бельгійскага сацыл-дэмакратычнага палітыка і дзяржаўнага дзеяча Поля-Анры Шарля Спаака. Перамовы аб падпісанні дагавора праходзілі ў Брусэлі з чэрвеня 1956 года. Такім чынам, можна сказаць, што еўрапейская інтэграцыя пачалася ад дэкларацыі Роберта Шумана, агучанай у маі 1950 года.
Таму дзень 9 мая, у які Роберт Шуман ад імя французскага ўраду абнародаваў сваю прапанову, адзначаецца сёння як Дзень Еўропы, а сам Шуман лічыцца адным з бацькоў-заснавальнікаў Еўрапейскага Саюза.
Паводле гісторыка, прафесара Ежы Эйслера ідэя аб’яднання Еўропы, якую высунуў Шуман, не была ў той час папулярнай як сярод палітыкаў, так і насельніцтва. Але Шуман меў палітычнае чуццё і вялікі досвед, гаворыць спецыяліст (архіўны запіс Польскага радыё).
- Ён быў прэм’ерам Францыі, кіраваў рознымі ведамствамі, у тым ліку пяць гадоў – міністэрствам замежных спраў. Калі яго параўноўваць з генералам дэ Голем, Жоржам Клемансо ці Раймонам Пуанкарэ, то, канешне, гэта не той палітычны ўзровень. Але гэта чалавек, які пакінуў у гісторыі свой выразны след – гэта стварэнне еўрапейскай супольнасці. Тады не ўсе разумелі неабходнасць стварэння міжнародных інстытутаў – не разумелі ў Германіі, Францыі і ў ЗША. У перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі вопыт стварэння міжнародных інстытутаў быў негатыўны. Напрыклад, Ліга народаў не была эфектыўнай арганізацыяй. Шмат хто лічыў, што ідэя аб’яднання Еўропы – гэта ўтопія, тым больш, што людзі памяталі яшчэ вайну, а менавіта Гітлер хацеў стварыць аб’яднаную нямецкую Еўропу. І я думаю, што ідэя выступіць з прапановай аб’яднаць Еўропу пасля ўсіх негатыўных з’яваў патрабавала палітычнай адвагі і пэўнай візіі.
Гэтую візію меў Роберт Шуман. Магчыма, таму, што ён нарадзіўся на французска-нямецкім памежжы і добра ведаў дзве краіны, лічыць гісторык, прафесар Ян Замойскі (архіўны запіс Польскага радыё).
- Шуман быў адпаведнай асобай, бо ён быў чалавекам памежжа – так французы называюць людзей з Эльзасу і Латарынгіі. Яны жывуць у двух культурах і добра арыентуюцца ў праблематыцы як французскай, так і нямецкай. Дзякуючы гэтаму ў іх – больш шырокая перспектыва поглядаў. Роберт Шуман быў дасканалым прыкладам чалавека памежжа. Яго сям’я паходзіць з дэпартаменту Мазель на мяжы з Германіяй. Там члены яго сям’і былі буйнымі землеўладальнікамі. Прычым адукацыю яны атрымлівалі не толькі ў французскіх, але і нямецкіх універсітэтах. Роберт Шуман быў доктарам юрыдычных навук, спецыялістам па нямецкаму заканадаўству, і гэтым ён займаўся ўсё жыццё. Дзякуючы гэтаму ён меў шырокі кругагляд, а ідэя стварэння па-над дзяржаўных інстытутаў яму была зразумелая.
У гонар свята на вуліцах многіх еўрапейскіх гарадоў членскіх краін ЕС вывешваюцца сцягі Еўрасаюза і нацыянальныя сцягі. Інстытуты ЕС у Бруселі і Страсбургу праводзяць дні адчыненых дзвярэй, дзе адбываюцца грамадскія інфармацыйна-прапагандысцкія мерапрыемствы, а еўрапейскія камісары і еўрадэпутаты праводзяць сустрэчы з грамадзянамі.
Жыхары Варшавы святкуюць устепленне Польшчы ў ЕС 1 мая 2004 года. Крыніца: JACEK TURCZYK/PAP
Апроч афіцыйных, у гэты дзень праходзіць таксама шмат забаўляльных мерапрыемстваў. Так, на вуліцах гарадоў выступаюць вядомыя артысты, у культурных цэнтрах адкрываюцца выставы, ладзяцца семінары і канферэнцыі для павышэння ведаў пра ЕС.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл