9 мая ў Расіі пройдуць традыцыйныя святкаванні Дня Перамогі. Ужо некалькі тыдняў ідуць падрыхтоўчыя і іншыя мерапрыемствы, якія пацвярджаюць вядучую ролю Масквы ў разгроме фашызму і спыненні Вялікай Айчыннай вайны, гэта значыць перыяду Другой сусветнай вайны 1941-45 гадоў, калі СССР ваяваў з Трэцім Рэйхам. Тлумачым, чаму гэтая дата такая важная для Крамля.
На Захадзе было яшчэ 8 мая, у Савецкім Саюзе — ужо 9 мая
Уначы з 8 на 9 мая 1945 года Трэці Рэйх падпісаў акт аб капітуляцыі. З-за розніцы ў часе ў Маскве было ўжо за поўнач. Калі на Захадзе было яшчэ 8 мая, то ў Савецкім Саюзе быў ужо 9 мая.
Такім чынам скончылася Вялікая Айчынная вайна. Гэты тэрмін упершыню ўжыў міністр замежных спраў Вячаслаў Молатаў 22 чэрвеня 1941 года, калі Трэці Рэйх напаў на Савецкі Саюз. Савецкія грамадзяне павінны былі ваяваць за новую Радзіму. Гэтая абарона заклала аснову новай савецкай ідэнтычнасці.
Міф пра адзінства постсавецкіх краін
Масква спрабуе падтрымліваць міф пра адзінства постсавецкіх краін, і Дзень Перамогі мае быць яго важных элементаў.
У 2021 годзе на Чырвонай плошчы Уладзімір Пуцін заявіў, што ў вайне перамогу атрымаў «савецкі народ» і зрабіў гэта ў адзіночку. Прэзідэнт цалкам прамаўчаў заходнія краіны антыгітлераўскай кааліцыі. Вялікая Айчынная вайна звязаная таксама з вялікай горыччу.
За 4 гады загінула амаль 9 мільёнаў вайскоўцаў і амаль удвая больш мірнага насельніцтва. Усяго 26,5 мільёна чалавек, больш за 13 працэнтаў насельніцтва СССР. Найбольшы адсотак страт зафіксавалі Беларусь і Украіна.
Адразу пасля заканчэння вайны не было месца для грандыёзных урачыстасцей, каб паказаць магутнасць СССР і лідара саюзу - Расіі. Боль быў занадта свежы.
Парады на Чырвонай плошчы
Першы парад на Чырвонай плошчы адбыўся 24 чэрвеня 1945 года, калі савецкія войскі вярталіся з франтоў, а наступны — толькі праз 20 гадоў. Чарговыя прыйшліся на круглыя гадавіны - у 1975 і 1985 гадах.
З 1995 года, пасля распаду Савецкага Саюза, святкаванні праводзіліся кожны год, але цяжкая ваенная тэхніка з'явілася толькі ў 2008 годзе - у той самы год, калі Расія напала на Грузію.
Замежныя госці
Для кіраўніцтва Расіі было важна, каб сярод гасцей на парадах на Чырвонай плошчы прысутнічалі замежныя лідары.
У 2005 годзе на святкаванне 60-годдзя Маскву наведалі, між іншым, прэзідэнты Францыі, ЗША і Польшчы (Аляксандар Кваснеўскі).
Праз 10 гадоў, пасля вайны ў Грузіі і анексіі Крыму, а таксама першых расійскіх ваенных дзеянняў у Данецку, на трыбуне з'яўляліся толькі госці з некаторых былых савецкіх рэспублік (Арменіі, Азербайджану, Казахстану) і з дружалюбных Маскве краін, такіх як Куба, Кітай і Паўночная Карэя. Былі прадстаўнікі і больш экзатычных краін — Кубы, Венесуэлы, Зімбабвэ.
Дзень Перамогі пасля поўнаматабнага ўварвання ва Украіну
У 2022 годзе, у першы год поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, на Чырвонай плошчы не было замежных лідараў.
У Крамлі патлумачылі, што нікога не запрашалі, бо гэта не круглая дата. Сапраўднай прычынай, напэўна, была боязь перад няўдачай: наўрад ці хто захоча паказацца ў той час у Маскве. Між тым, Уладзімір Пуцін выступіў з прамовай, якая нагадвала ягоныя заявы з таго часу, калі расійскія танкі ўварваліся ва Украіну. Пуцін заявіў, што «Расія дала прэвентыўны адказ на агрэсію», якую рыхтуе Украіна. Ён таксама раскрытыкаваў ЗША.
Праз год расійскі дыктатар быў яшчэ больш агрэсіўны. Роўна палову свайго выступу ён прысвяціў вайне з Украінай, якую, як і Вялікую Айчынную раней, “справакавалі ворагі Расіі”. На трыбунах былі госці, але толькі з краін былога СССР: Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Арменіі і Беларусі.
Праз год яны сустрэліся там практычна ў такім жа складзе, без Арменіі, але з кіраўнікамі Кубы, Лаоса і Гвінеі-Бісаў. Гэтым разам Пуцін быў больш спакойны ў сваіх выступах, ён нават згадаў антыгітлераўскую кааліцыю.
«Георгіеўская стужка» і шэсце «Бессмяротнага палка» – неад’емныя атрыбуты 9 мая
Дзень Перамогі - гэта не толькі парад, але і традыцыйнае шэсце «Бессмяротнага палка». Яго ўдзельнікі ідуць з партрэтамі сваіх продкаў, якія ваявалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нізавая ініцыятыва, якая ўзнікла ў 2011 годзе, была хутка падхоплена ўладамі. На маршах з'явіліся партрэты расійскіх «герояў» з Сірыі і Данбаса.
Яшчэ адзін сімвал Дня Перамогі — чорна-аранжавая георгіеўская стужка, якую пасля 1945 года прымацавалі да медаля «За перамогу над Германіяй».
У 2005 годзе гэты сімвал вярнуўся ў выглядзе акцыі «Георгіеўская стужка», якую запусціла дзяржаўнае агенцтва РІА «Новости». Стужку прышпільваў кожны, хто хацеў паказаць, што памятае пра Вялікую Айчынную вайну. У 2014 годзе стужка стала сімвалам прарасійскіх сепаратыстаў. Таму яе выкарыстанне ва Украіне забаронена, але дзіўна, што нават такія верныя паплечнікі Пуціна, як Аляксандр Лукашэнка, вынаходзяць свае сімвалы перамогі (чырвона-зялёную стужку), бо асацыююць георгіеўскую стужку з расійскім прысваеннем перамогі. Гэтак жа ў Казахстана ёсць свой сімвал павагі да Вялікай Айчыннай.
Масква прапануе ілюзію вяртання ў мінулае
Акрамя таго, у сувязі з 9 Мая арганізоўваецца мноства розных мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Часта яны набываюць карыкатурныя формы, напрыклад, падрыхтаваныя дзецьмі і іх бацькамі цацачныя ваенныя машыны, спецыяльныя скідкі для ветэранаў, вітрыны, упрыгожаныя макетамі танкаў і ракет, налепкі на аўтамабілі: «Дзякуй, дзядуля, за Перамогу», «На Берлін!», «Мы можам яшчэ раз!» Шаленства, звязанае з гэтым святам, мае нават свой тэрмін: "победобесие".
Для Уладзіміра Пуціна савецкі перыяд з'яўляецца ключавым у гісторыі, i гэтым тлумачыцца апантанасць Вялікай Айчыннай вайной. Прэзідэнт Расіі, напэўна, бачыць сябе новым Сталіным, які ваяваў з фашысцкім Трэцім Рэйхам, а ва Украіне Пуцін ваюе з уяўнымі нацыстамі.
Таксама расійскі дыктатар пастаянна спрабуе нагадваць пра веліч і сілу СССР і выкарыстоўвае гэтую рыторыку для падману жыхароў былых рэспублік.
Святкаванне Дня Перамогі яскрава паказвае, што Масква можа прапанаваць толькі ілюзію вяртання ў мінулае.
Пётр Пагажэльскі