Пра Марту Наўроцкую і Малгажату Тшаскоўскую піша Businessinsider.com.pl.
Марта Наўроцкая падчас выбарчай кампаніі з'яўлялася побач са сваім мужам на некаторых мерапрыемствах.
«Не ўяўляю сабе, каб не падтрымліваць майго мужа на гэтым важным шляху. На час выбарчай кампаніі я прыпыніла сваё прафесійнае жыццё, таму, без сумневу, Караль можа на мяне разлічваць», — казала яна журналістам.
Марта Наўроцкая нарадзілася ў 1986 годзе ў Гданьску. У маладосці наведвала Дзяржаўную балетную школу ў Гданьску імя Яніны Яжыноўны-Сабчак.
Пачала танцаваць у 10 гадоў і, як прызналася ў інтэрв'ю тыднёвіку Sieci, вельмі хацела стаць балерынай. Дзякуючы балетнай школе навучылася дысцыпліне і рашучасці, але ў выніку абрала іншы прафесійны шлях.
Марта Наўроцкая з'яўляецца выпускніцай факультэта права і адміністрацыі Гданьскага ўніверсітэта. Ужо больш за дзесяць гадоў працуе ў Краёвай падатковай адміністрацыі. Жонка кандыдата ў прэзідэнты спецыялізуецца на кантролі нафтавай і спіртавой прамысловасці, а таксама на барацьбе з нелегальнымі азартнымі гульнямі. Раней працавала ў Мытнай службе.
Караль і Марта Наўроцкія нядаўна адзначылі 15-ю гадавіну шлюбу. У іх двое дзяцей: сын Антоній і дачка Кацярына. Яны таксама выхоўвалі другога сына, Даніэля, які з'яўляецца дзіцем Марты Наўроцкай ад яе першага шлюбу.
22-гадовы Даніэль Наўроцкі на мясцовых выбарах у 2024 годзе беспаспяхова балатаваўся ў Раду горада Гданьска ад спісу партыі «Права і Справядлівасць», у тым жа годзе ён стаў дэпутатам раёна ад Сёдльцэ ў Гданьску.
«Марта гатовая служыць Польшчы. Думаю, усё жыццё яна рыхтавалася да гэтай ролі як маці траіх дзяцей і дзяржаўны служачы», — казаў Караль Наўроцкі ў студзені на радыё Plus.
Малгажата Тшаскоўская з самага пачатку кампаніі моцна падтрымлівае свайго мужа Рафала Тшаскоўскага. Жонка кандыдата ў прэзідэнты ад Грамадзянскай кааліцыі не ўхіляецца ад выказванняў на спрэчныя тэмы.
Малгажата Тшаскоўская нарадзілася ў 1978 годзе ў Рыбніку. Яна з'яўляецца выпускніцай Эканамічнай акадэміі ў Катавіцах.
У 2007-2019 гадах працавала ў Магістраце Варшавы, дзе, між іншым, займалася прамоцыяй горада, працавала ў Бюро эканамічнага развіцця. З працы ў ратушы яна звольнілася пасля таго, як Рафал Тшаскоўскі ў 2018 годзе стаў прэзідэнтам Варшавы.
Першая сустрэча з яе будучым мужам адбылася ў 1997 годзе падчас вучобы. Малгажаце Тшаскоўскай было тады 19 гадоў. Гэта было «каханне з першага погляду», — распавядала жонка прэзідэнта Варшавы ў размове з Vogue.
«Я прыехала да брата на заканчэнне года еўрапейскага каледжа. Убачыла здалёк Рафала і ў маёй галаве з'явілася думка: «Ггэта будзе мой муж». Сама тады смяялася з гэтага дзіўнага прадчування», — распавядала Тшаскоўская.
Пара пабралася шлюбам у 2002 годзе. У іх двое дзяцей: 21-гадовая Аляксандра і 16-гадовы Станіслаў.
У інтэрв'ю для Vogue Polska у 2018 годзе Малгажата Тшаскоўская казала, што доўга не выказвалася публічна, бо шануе сваю прыватнасць. Змяніла меркаванне пасля мясцовых выбараў.
«Часы, аднак, выключныя, і сёння нашым грамадзянскім абавязкам з'яўляецца ўдзел у прынцыповых справах, хоць бы праз удзел у дэманстрацыях у абарону Канстытуцыі або правоў жанчын», — сказала яна.
Пра сям'ю Тшаскоўскіх загаварылі ў СМІ, калі яны вырашылі не адпраўляць сваіх дзяцей на ўрокі рэлігіі, а іх сын не прыступіў да першай камуніі. Малгажата Тшаскоўская тады выказала сваё расчараванне пазіцыяй Касцёла ва ўмовах палітычных і сацыяльных выклікаў.
Малгажата Тшаскоўская шмат гадоў займаецца грамадскімі справамі, супрацоўнічае з фондамі і некамерцыйнымі арганізацыямі. Сцвярджае, што хоча быць актыўнай першай дамай.
вх