Выбар Караля Наўроцкага азначае, што ў бліжэйшыя два гады польскую палітыку чакае моцная турбулентнасць, гучаць прагнозы пра магчымыя датэрміновыя парламенцкія выбары.
Дзяржаўная выбарчая камісія падлічыла 100% галасоў, аддадзеных у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. На выбарах перамог Караль Наўроцкі, кандыдат ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» (ПіС), які набраў 50,89% галасоў. Рафал Тшаскоўскі, кандыдат ад кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі» атрымаў 49,11% галасоў.
Пры гэтым у Польшчы не ставіцца пад сумнеў дэмакратычнасць выбараў. Рафал Тшаскоўскі прызнаў сваю паразу і павіншаваў саперніка з перамогай. Пры гэтым перавага Наўроцкага найменшая ў гісторыі прэзідэнцкіх выбараў у Трэцяй Польскай Рэспубліцы - менш за 370 тысяч галасоў.
Яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў склала 71,63%. Палякі масава пайшлі на выбары, кажа дырэктар Інстытута паліталогіі і адміністрацыі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, прафесар Агнешка Лукасік-Турэцкая.
— Неабходна падкрэсліць, што гэта вельмі добры вынік. Найбольшая яўка ў гісторыі прэзідэнцкіх выбараў. Я лічу, што наша грамадства здала іспыт на дэмакратычнасць. Мы пайшлі на выбараў і прагаласавалі, не важна за якога кандыдата. Грамадства вырашыла, што вельмі важна абраць прэзідэнта, таму людзі пайшлі і прагаласавалі.
З дадзеных аб галасаванні вынікае, што Караль Наўроцкі перамог дзякуючы галасам выбарцаў мужчынскага полу ва ўзросце 18-39 гадоў, якія пражываюць у меншых гарадах і больш на ўсходзе і поўдні Польшчы.
На падставе дадзеных ДВК Польшчы https://wybory.gov.pl/prezydent2025/pl
На падставе дадзеных ДВК Польшчы
Эксперты ўжо заявілі, што вынікі выбараў – гэта чырвоная картка для кіруючага лагера на чале з прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам. «Перамога Караля Наўроцкага — вынік захаплення часткі грамадства правымі ідэалогіямі і, з іншага боку, нізкай ацэнкі функцыянавання ўрада», — заявіла ў інтэрв'ю Польскаму радыё палітолаг і дырэктар Цэнтра даследаванняў грамадскай думкі, прафесар Эва Марціняк.
Грамадзяне, якія звяртаюць больш увагі на негатыўныя аспекты ў сваім жыцці ахвотна прыслухоўваліся да абяцанняў, што можа быць інакш. Гэта прыцягнула іх да Караля Наўроцкага, які крытыкаваў тое, як кіруе цяперашні ўрад.
Важным фактарам стала ніжэйшая яўка, чым у 2023 годзе, калі ўрад ПіС страціў уладу. Гэтым разам яўка была ніжэйшай амаль на 3 працэнтныя пункты, то бок гэта каля 650 тысяч галасоў, якіх цяпер не хапіла цяперашняй кіроўнай кааліцыі да перамогі.
Перамога Караля Наўроцкага на прэзідэнцкіх выбарах можа аслабіць урад і кіроўную кааліцыю, лічыць палітолаг з Сілезскага ўніверсітэта Томаш Слупік.
— У бліжэйшы час нашу палітыку чакае абвастрэнне, будзе вельмі складаная сітуацыя. Фактычна можна сказаць, што пачалася перадвыбарчая кампанія да парламенцкіх выбараў 2027-га года. Паўстае пытанне, як будзе выглядаць кіроўная кааліцыя, ці яна захаваецца да выбараў 2027-га года?
СМІ прагназуюць, што новаабраны прэзідэнт Караль Наўроцкі, а таксама партыя ПіС пачнуць дамагацца датэрміновых выбараў, не чакаючы 2027 года праз блакаду працы парламента. Не выключаецца таксама, што ўрадавая кааліцыя распадзецца і будзе новы хаўрус. Гаворыць намеснік прэс-сакратара ПіС Матэвуш Куржаеўскі.
— Караль Наўроцкі ўратаваў Польшчу, ён гарантуе, што ўсе кепскія планы дадзенага ўраду не будуць рэалізаваныя.
У панядзелак з асяроддзя «Грамадзянскай кааліцыі» загучалі галасы, што прэм'ер-міністр ужо на гэтым тыдні ўнясе ў Сейм прапанову аб вотуме даверу ўраду. Такога рашэння чакае дэпутат Еўрапарламента ад Левых сіл Ёана Шорынг-Вільгус.
Гэта было прадказальна. Я лічу, што гэта слушнае рашэнне і павінна быць прапанова аба галасаванні наконт вотуму даверу.
Прэм'ер-міністр можа ў любы час звярнуцца ў Сейм з просьбай аб вотуме даверу. Гэта адбываецца, напрыклад, калі ён хоча атрымаць падтрымку для палітыкі, якую ён праводзіць. Сейм выказвае вотум даверу простай большасцю галасоў у прысутнасці не менш за палову колькасці членаў парламента. Калі прапанова не атрымае падтрымкі, прэм'ер-міністр абавязаны падаць у адстаўку.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч