Чарговая сустрэча ўкраінскай і расійскай дэлегацый у Стамбуле па спыненні вайны не прынесла прарыву.
Адзіны адчувальны вынік — абвяшчэнне чарговага абмену палоннымі па формуле тысяча на тысячу, і вяртанне цел 6 тысяч загінуўшых вайскоўцаў. Было заяўлена аб далейшых перамовах, магчыма, у канцы месяца. І больш нічога.
Гэта была трэцяя сустрэча расійскай і ўкраінскай дэлегацый у Стамбуле. Апошняя адбылася 16 мая, а першая — у сакавіку 2022 года, ніводная не прынесла вынікаў.
Уладзімір Мядзінскі (злева) кіраўнік расійскай дэлегацыі пасля другой сустрэчы расійскай і ўкраінскай дэлегацый на мірных перамовах у Стамбуле, Турцыя, 2 чэрвеня 2025 г.
Расійскую дэлегацыю, па-ранейшаму, узначальваў Уладзімір Мядзінскі, былы міністр культуры РФ, старшыня шавіністычнага Расійскага вайскова-гістарычнага таварыства, нацыяналіст, ураджэнец Чаркаскай вобласці Украінскай ССР.
Для Пуціна ягоная асоба — з аднаго боку, жывы доказ таго, што ўкраінцы — маўляў, не асобная нацыя, і што іх можна вярнуць у «вялікую рускую нацыю», а з другога — сімвал нязменнасці мэт Крамля ў вайне з Украінай. Яны, па-ранейшаму, максімалісцкія, што пацвярджаюць палажэнні абнародаванага, так званага, мемарандума аб умовах спынення вайны, якія нязменна зводзяцца да капітуляцыі Украіны.
Найважнейшыя патрабаванні Масквы
Найважнейшыя патрабаванні Масквы: адмова — апроч Крыму — ад Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей (хоць Расія не кантралюе ніводнай з іх цалкам), адмова ад інтэграцыі з НАТА, скарачэнне ўкраінскіх узброеных сіл, павышэнне ролі расійскай мовы. Падобным чынам яны былі сфармуляваныя вясной 2022 года і застаюцца ў сіле, нягледзячы на тое, што сітуацыя змянілася – Украіна абаранілася, расійскія войскі знаходзяцца не пад Кіевам, а ў некалькіх сотнях кіламетраў ад украінскай сталіцы, патэнцыял украінскай абароннай прамысловасці і маштабы дапамогі заходніх партнёраў – хаця і недастатковыя для перамогі над Расіяй – у разы большыя, чым на пачатку расійскага ўварвання.
Кіеў таксама не гатовы ісці на вялікія саступкі
Украіна пагадзілася пачаць прамыя перамовы з Расіяй, нягледзячы на тое, што не атрымала гарантыі бяспекі ад Захаду і нежаданне Пуціна спыніць агонь. Ідзецца пра тое, каб пераканаць прэзідэнта ЗША, што Украіна настроена канструктыўна, хоча гаварыць пра мір і дамагчыся спынення агню, у той час як Расія сабатуе ўсе амерыканскія намаганні ў гэтым кірунку, здзекуецца з Трампа і зацягвае час.
Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў (злева) на мірных перамовах у Стамбуле, Турцыя, 2 чэрвеня 2025 г.
І Кіеў, і Масква на дадзеным этапе не гатовыя зрабіць крок назад, бо сітуацыя на фронце іх да гэтага не прымушае. Расія лічыць, што перамога не за гарамі, і ва Украіне няма адчування, што вайна прайграная. Нягледзячы на тое, што ініцыятыва на баку Расіі і яе войскі рухаюцца наперад з кожным днём, аднак жа павольна. Паводле Forbes, заваяванне ўсёй Украіны заняло б 231 год, а мінімальны план па акупацыі ўсёй Данецкай вобласці з вялікімі гарадамі, як Славянск і Краматорск – далёкі ад рэалізацыі.
Абодва бакі гуляюць у перамоўную гульню, таму што гэтага патрабуе Трамп
Ні Масква, ні Кіеў не хочуць адкрыта супрацьстаяць яму.
Украіна не можа дазволіць сабе згубіць дапамогу амерыканскай разведкі і пакеты ўзбраенняў, якія ўхваліў прэзідэнт Байдэн, таму што яе ўласныя магчымасці і еўрапейская дапамога недастатковыя. У сваю чаргу Расія не хоча падвяргаць сябе новым санкцыям і імкнецца аддзяліць перамовы па Украіне ад перамоў з ЗША аб дыпламатычнай перазагрузцы і эканамічным супрацоўніцтве. Буйныя бізнес-праекты ў Сібіры і Арктыцы, якія Пуцін абяцае Трампу падчас перамоў са Стывам Віткофам (спецпрадстаўніком ЗША па Блізкім Усходзе), насамрэч, з'яўляюцца ілюзіяй, каб перашкодзіць амерыканскаму прэзідэнту аказваць моцны ціск на Крэмль.
Раздражненне Трампа расце - як паведамляюць амерыканскія СМІ - пакет новых санкцый падрыхтаваны Сенатам і мае высокую падтрымку абедзвюх партый, але рашэння пакуль не прынятае.
Перамовы будуць мець далейшыя раўнды
Так што перамовы будуць мець далейшыя раўнды. Магчыма, іх перанясуць у Ватыкан ці Жэневу, але сапраўдная барацьба за заканчэнне гэтай вайны ідзе на фронце.
Гэта яскрава прадэманстравала нядаўняя смелая аперацыя Службы бяспекі Украіны, якая прывяла да скарачэння расійскага стратэгічнага авіяпарку і падняла баявы дух украінскіх вайскоўцаў. Гэта важна, нават на кароткі час.
Аўтар: Тадэвуш Іваньскі, кіраўнік калектыву па Беларусі, Украіны і Малдовы Цэнтра ўсходніх даследаванняў. У 2006-2011 гадах працаваў на Польскім радыё замежнага вяшчання