Гэта быў доўгі і крывавы працэс, які прывёў да стварэння некалькіх незалежных дзяржаў на Балканах: Харватыі, Славеніі, Паўночнай Македоніі, Босніі ды Герцагавіны. Апошнімі са складу Федэрацыі выйшлі Чарнагорыя ды Сербія. Сёння сербы лічаць сябе галоўнай ахвярай таго працэсу, і шукаюць падтрымкі з боку Расіі.
На сённяшні дзень у большасці балканскіх краін захоўваецца моцная празаходняя арыентацыя, і толькі ў Сербіі назіраецца адваротная тэндэнцыя: растуць прарасійскія настроі і шырыцца крытычнае стаўленне да ЕС. Гэта адбываецца насуперак таму, што афіцыйна Сербія з'яўляецца краінай-кандыдатам на ўступленне ў ЕС з 2012 года, а Еўрасаюз найбуйнейшы гандлёвы партнёр і інвестар у Сербіі, які прызнаў гэтай краіне больш за 1,5 мільярда еўра незваротных грантаў і льготных пазык у апошнія гады. Прэм'ер-міністр краіны Аляксандр Вучыч не раз заяўляў, што Сербія працягне свой шлях да членства ў ЕС.
— Мы дэманструем моцную падтрымку для дэмакратыі, рэформаў і еўрапейскай інтэграцыі. Сербія паказвае свету волю да развіцця і лепшай будучыні.
Аднак, паводле дадзеных Амерыканскага міжнароднага рэспубліканскага інстытута, падтрымка ЕС у Сербіі ў цяперашні час складае 40 працэнтаў, тады як больш за 70 працэнтаў грамадзян Сербіі падтрымлівалі Расію. Масква лічыцца найважнейшым партнёрам, а ЗША — пагрозай. Гэта выразна чуваць і бачна на вуліцах: расійская мова гучыць у Белградзе, а на сценах стракацяць надпісы пра братэрства з Расіяй.
Афіцыйная рэклама ў падтрымку ЕС у Белградзе
Антызаходнія графіці на вуліцах сербскай сталіцы
Надпіс «Смерць НАТА фашызму» на вуліцах Белграду
Дабудаваны за грошы Газпрому галоўны сабор Бялграду св. Савы
Краіне правыя партыі, сярод якіх лідар Радыкальнай партыі Воіслаў Шэшаль, якога Міжнародны трыбунал у Гаазе судзіў па абвінавачванні ў ваенных злачынствах, заклікаюць да цесных сувязяў з традыцыйным славянскім саюзнікам.
Гэтая падзельнасць краіны мае гістарычныя карані ды эканамічныя і сацыяльныя прычыны. Насцярожанасць да Захаду і прыцягальнасць Расіі звязаныя з падзеямі найноўшай гісторыі Сербіі. У першую чаргу ідзецца пра крыўду на НАТА за бамбардаванне Сербіі ды страту Косавa.
26 гадоў таму НАТА напала на Югаславію. 24 сакавіка 1999-га года на Югаславію ўпалі бомбы НАТА. Для сербскага грамадства - гэта была не «гуманітарная інтэрвенцыя» Альянсу, а непрымальная, тым больш балючая, што Югаславія заўсёды адчувала сувязь з Захадам. З 1981 года і да свайго распаду Югаславія мела пастаяннае прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Бялградзе, мела падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве з Бруселем, югаслаўскія пашпарты прызнаваліся ў Еўропе, югаславы карысталася перавагамі бязвізавага рэжыму з Еўропай.
У 1999-м годзе гэтае стаўленне знікла разам з бомбамі, якія падалі на Белград ды іншыя югаслаўскія гарады. Па сённяшні дзень у сербскай сталіцы стаяць руіны дагэтуль недабудаваных урадавых будынкаў, якія былі знішчаныя падчас налётаў НАТА.
Неадбудаваны будынак Міністэрства абароны Сербіі знішчаны пасля авіяўдараў НАТА ў Бялградзе
Знішчаны будынак Сербскай тэлевізіі пасля авіяўдараў НАТА, дзе ўлады Бялграду запланавалі стварэнне мемарыялу памяці, аднак будаўніцтва яго не завершанае
Памятная табліца ўсталяваная ў гадавіну разбурэння Варадзінскага мосту ў горадзе Новы Сад пасля авіяўдараў НАТА ў 1999-м годзе
Мемарыял у цэнтры Бялграду на памяць аб памерлых працаўніках Сербскай тэлевізіі пасля авіяўдару НАТА
Гучыць пытанне «За што?» ды заявы пра тое, што Сербы сталі галоўнымі ахвярамі перамен на Балканах. Гэты настрой выказаў нядаўна ў сваёй прамове сербскі прэм'ер Аляксандр Вучыч.
— Дваццаць пяць году таму вы не толькі знішчылі нашу краіну, вы яшчэ забілі 79 нашых дзяцей і 2,5 тысячы нашых людзей. Гэта былі цывільныя асобы, паліцыянты і жаўнеры. Хто вы такія ды чаму вы забівалі нашых салдат і паліцыянтаў, якія былі на сваёй тэрыторыі, баранілі сваю зямлю. Хто даў Вам права забіваць нашыя сілы абароны. Хто вам даў гэта права?
Натаўская аперацыя праводзілася тады, каб прымусіць Мілошавіча вывесці 3-ю югаслаўскую армію з Косава і спыніць вайну ды этнічныя чысткі. НАТА спатрэбілася 78 дзён паветраных удараў, каб тагачасная Югаславія згадзілася падпісаць мірнае пагадненне ды вывесці войскі з Косава, якое перайшло пад кантроль войск ААН, а потым абвясціла незалежнасць насуперак рэзалюцыі Рады Бяспекі, якая гарантавала, што Косава застанецца ў межах Сербіі. Апроч таго Косаўскае пытанне пагоршыла адносіны паміж Бялградам і Брусэлем на доўгія гады ды запаволіла інтэграцыю Сербіі ў ЕС. Справа Косава надалей выклікае эмоцыі ў Сербіі, што бачна па шматлікіх графіці на вуліцах сербскіх гарадоў.
Надпіс побач з прыпынкам аўтобуса на адной з галоўных транспартных артэрый сербскай сталіцы: «Калі сербскае войска вернецца ў Косава»
Адзін з самых частых надпісаў «Косава - гэта Сербія»
Надпіс на адной з папулярных турыстычных вуліц Бялграду побач з Плошчай Рэспублікі: Адзіны генацыд на Балканах быў супраць сербаў
У апошнія паўгады барацьба паміж праеўрапейскімі ды прарасійскімі сіламі ў Сербіі толькі ўзмацняецца. Прарасійскі ўрад сутыкнуўся з хваляй масавых грамадскіх пратэстаў са студэнтамі на чале.
Будынак факультэту філасофіі Белградскага ўніверсітэту з заклікамі далучацца да страйку ды лозунгамі пратэстуючых студэнтаў. Лічыцца сэрцам пратэстаў.
Агульнанацыянальныя пратэсты пачаліся пасля інцыдэнту 1 лістапада 2024 года, калі на чыгуначным вакзале ў горадзе Нові-Садзе абваліўся бетонны дах, у выніку чаго загінулі 16 чалавек. Пратэстоўцы дамагаюцца пакарання адказных за інцыдэнт, патрабуюць, каб у краіне была прынята сістэма, якая «цэніць веды і працу, а не паслухмянасць і маўчанне». Моладзь хоча менш карупцыі і больш дэмакратыі, празрыстасці, справядлівасці, братэрства і адказнасці, і дамагаецца датэрміновых парламенцкіх выбараў.
«Трагедыя на вакзале выклікае ў нас слёзы, яна стала прычынай гэтых пратэстаў. Мы змаглі аб’яднацца. Мы выходзім, каб дамагчыся перамен, каб нешта змянілася ў будучыні», кажуць пратэстоўцы, сярод якіх шмат моладзі.
У сваю чаргу сербскі ўрад абвінавачвае пратэстоўцаў у спробе дэстабілізаваць краіну, зрынуць урад і актыўна карыстаецца расійскай падтрымкай: фінансавай, інфармацыйнай і прапагандысцкай.
Бясплатная газета, якая раздаецца на вуліцах сербскіх гарадоў, з прапагандысцкімі матэрыяламі, дзе выхваляецца Пуцін, а пратэстуючая моладзь параўноўваецца з нацысцкімі памагатымі часоў ІІ Сусветнай вайны
Раскол у грамадстве нарастае. У выніку ў еўрапейскай прэсе можна прачытаць ацэнкі, што сённяшняя Сербія – гэта чорная дзірка ўнутры Еўропы, дзе людзі адчуваюць сябе забытымі ды пазбаўленымі правоў, якую Масква намагаецца выкарыстаць, каб дэстабілізаваць зноў Балканы.
Юры Ліхтаровіч