У сераду дэпутаты прагаласавалі ў польскім Сейме за вотум даверу ўраду Дональда Туска. Прэм'ер-міністр ініцыяваў працэдуру пасля таго, як кіруючы лагер прайграў прэзідэнцкія выбары.
Брытанская BBC назвала гэта «элементам палітычнага тэатра Туска» і «спосабам паказаць, што кааліцыя ўсё яшчэ мае мандат, нягледзячы на паразу на прэзідэнцкіх выбарах». Аналізуючы прамову прэм'ера, BBC адзначыла, што Туск не закранаў пытанні, важныя для левых партнёраў па кааліцыі.
BBC таксама прывяла фрагмент заявы кіраўніка польскага ўрада, калі ён працытаваў словы Напалеона, якія з'явіліся на банэры падчас тэніснага турніру «Ралан Гарос». «Перамога — за самымі стойкімі», — сказаў кіраўнік польскага ўраду.
«Парламенцкая апазіцыя, хутчэй за ўсё, сказала б, што Туск у канчатковым рахунку не дасягне такіх поспехаў, як польская тэнісістка Іга Свёнтэк. Яго абяцанне такое ж пустое, як і лаўкі ПіС падчас прамовы Туска», - пракаментавала BBC.
Не абмінула галасаванне і брытанскае выданне The Telegraph, якое адзначыла, што хоць прэм'ер-міністр і вытрымаў вотум даверу, то «яму засталося два з паловай гады ў ролі «кульгавага лідара», якога будзе абмяжоўваць у дзеяннях новы прэзідэнт».
У іншым фрагменце штодзённік, спасылаючыся на адну з заяваў польскага прэм’ера, напісаў, што цяпер «Туск знаходзіцца ў чысцецы», і задаў адкрытае пытанне, чаго рэальна можа дасягнуць кіраўнік урада да наступных парламенцкіх выбараў».
У Іспаніі таксама пракаментавалі вотум даверу ўраду Дональда Туска
Іспанская El Pais адзначыла, што Туск выпрабаваў падтрымку сваіх партнёраў з ураду, і вынік даў яму неабходны палітычны штуршок.
Гэтак жа La Vanguardia ацаніла, што кіраўнік урада спрабаваў такім чынам заклікаць партнёраў па кааліцыі да парадку.
«Сама кааліцыя не пазбаўленая напружанасці, улічваючы разнастайнасць партый, якія ў яе ўваходзяць», - адзначае El Mundo. Іспанскі штодзённік канстатаваў, што слабасць урадавай кааліцыі ідзе рука аб руку з узмацненнем ПіС і пагрозай поўнай блакады перамен у Польшчы новаабраным прэзідэнтам Каралем Наўроцкім.
яс