Беларуская Служба

Defence24: Пераможцам ізраільскай аперацыі стане Расія. Па некалькіх прычынах

13.06.2025 11:12
Непасрэдна перад нападам Ізраіль спрабаваў усыпіць Тэгеран ілжывым пачуццём бяспекі.
    .
Ізраіль нанёс удары па Іране.Фота: PAP/EPA/ABEDIN TAHERKENAREH

Ізраільскія войскі нанеслі ўдар па іранскіх ядзерных аб'ектах. Сітуацыя можа прывесці да дэстабілізацыі на ўсім Блізкім Усходзе. Вынікі пакуль цяжка прадказаць, але зразумела, што пераможцам ізраільскай аперацыі стане перш за ўсё Расія — піша Defence24. І прыводзіць прычыны.

1. Рост цэн на нафту і павелічэнне попыту на расійскую сыравіну. Цана нафты ў апошнія месяцы зніжаецца. Для Масквы падзенне цэн стала сур'ёзнай праблемай, бо ўскладніла фінансаванне вайны супраць Украіны і ўзбраенне арміі. Больш за тое, аналітыкі казалі пра магчымасць цэнавай вайны паміж Расіяй і іншымі вытворцамі нафты, у тым ліку Саудаўскай Аравіяй. Аднак цяпер попыт на нафту будзе большым, а цэны вышэйшымі. Таксама будзе цяжэй увесці санкцыі, якія абмяжоўваюць даходы Расіі ад продажу вуглевадародаў, што дазволіць Маскве хутчэй нарошчваць свой патэнцыял.

2. Адцягненне ўвагі ЗША ад Украіны і Еўропы. Пасля нападу на ядзерныя аб'екты Ірана, адміністрацыя ЗША можа быць схільная да больш актыўнага ўдзелу ў справах Блізкага Усходу за кошт Еўропы. Ізраіль лічыцца ключавым саюзнікам па ідэалагічных прычынах. Хоць амерыканцы і не ўдзельнічалі ў ізраільскім удары, яны, верагодна, неяк адкажуць на іранскія напады на Ізраіль і аб'екты ЗША ці саюзнікаў. Гэта таксама азначае магчымасць абмежавання паставак дапамогі ва Украіну.

3. Узмацненне супрацоўніцтва «восі зла». Лагічным наступствам ізраільскага ўдару стане больш цеснае супрацоўніцтва паміж краінамі, якія знаходзяцца ў канфрантацыі з Захадам, у тым ліку Іранам, Паўночнай Карэяй і Расіяй, а таксама Кітаем. Усе гэтыя краіны захочуць яшчэ больш цесна супрацоўнічаць, перадаваць ваенныя тэхналогіі, працаваць разам у галіне інфармацыі і прапаганды. Гэта азначае, што супрацьстаяць пагрозам з боку гэтых краін стане яшчэ больш складана.

Неба над Блізкім Усходам зноў гарыць. Расія выйграе, а канфлікт можа ўскосна закрануць Украіну, Еўропу і Польшчу. Таму неабходна прыняць тэрміновыя меры, у тым ліку ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва, каб прадбачыць і максімальна абмежаваць наступствы гэтай небяспечнай сітуацыі.

 

У сваю чаргу, выданне Rzeczpospolita прыводзіць вытрымкі з выдання «Jerusalem Post». Яно апісвае, як непасрэдна перад нападам Ізраіль спрабаваў усыпіць Тэгеран ілжывым пачуццём бяспекі, каб напад стаў поўнай нечаканасцю. За некалькі дзён да гэтага ізраільскі бок пасылаў сігналы, накіраваныя на тое, каб увесці Іран у зман адносна намераў Ізраіля. Памочнікі Нетаньяху паведамілі журналістам, што прэм'ер-міністр плануе сямейны адпачынак у Галілеі і мае намер прысутнічаць на вяселлі свайго сына Аўнера ў наступны аўторак. Гэта мела на мэце стварыць уражанне, што Ізраіль не плануе ваеннай аперацыі ў бліжэйшай будучыні.

Офіс прэм'ер-міністра таксама абвясціў, што дырэктар службы «Масад» Давід Барнеа і міністр Рон Дэрмер у пятніцу адправяцца ў Вашынгтон, каб сустрэцца са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стывам Уіткафам. Насамрэч, яны засталіся ў Ізраілі.

Міністрам ізраільскага ўрада паведамілі, што пасяджэнне кабінета міністраў, скліканае ў ноч з чацвярга на пятніцу, будзе прысвечана пытанню вызвалення закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС, паведамляе. На самой справе, на сустрэчы было ўхвалена рашэнне аб нападзе на Іран.

нг