Беларуская Служба

У Варшаве прайшла канферэнцыя Reshape: як бачаць будучыню Беларусі

16.06.2025 13:58
Падчас мерапрыемства ўдзельнікі разважалі пра будучыню Беларусі, аналізавалі мінулыя пяць гадоў праз прызму дасягненняў і няўдач дэмакратычнага руху, шукалі аптымістычны погляд на далейшы шлях.
Аўдыё
  • У Варшаве прайшла канферэнцыя Reshape: як бачаць будучыню Беларусі
 Reshape              ().
Канферэнцыю Reshape ужо пяты раз арганізаваў Цэнтр новых ідэяў у партнёрстве з Фондам Фрыдрыха Эберта (Германія).Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

У нядзелю, 15 чэрвеня, у Варшаве адбылася канферэнцыя Reshape, арганізаваная Цэнтрам новых ідэяў. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі разважалі пра будучыню Беларусі, аналізавалі мінулыя пяць гадоў праз прызму дасягненняў і няўдач дэмакратычнага руху, шукалі аптымістычны погляд на далейшы шлях.

Дэмакратычны рух: пяць гадоў барацьбы

Першая панэль канферэнцыі была прысвечаная аналізу шляху, які прайшлі дэмакратычныя сілы Беларусі з 2020 года. Дыскусія праходзіла ў фармаце дэбатаў паміж двума парамі спікераў: старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і палітолаг Аліна Харысава прадстаўлялі пазіцыю Офіса Ціханоўскай, а Андрэй Ягораў, намеснік старшыні Каардынацыйнай рады мінулага склікання, і яе цяперашняя віцэ-спікерка Лізавета Пракопчык выказвалі крытычны погляд.

Франак Вячорка адзначыў, што апошнія пяць гадоў дэмакратычныя сілы дзейнічалі пераважна рэактыўна, што было звязана з абставінамі, незалежнымі ад іх волі. Сярод дасягненняў Офіса ён назваў паспяховую эвакуацыю людзей з Беларусі, забеспячэнне фінансавай падтрымкі для незалежных СМІ і актыўную працу на міжнароднай арэне ў інтарэсах беларусаў.

Андрэй Ягораў выступіў з крытыкай дзейнасці каманды Ціханоўскай, назваўшы іх палітыку «тысячай замежных візітаў» замест «палітыкі тысячы удараў па рэжыму». Ён правёў гістарычную паралель з сітуацыяй габрэяў у канцы XIX стагоддзя і сіянісцкім рухам, прапануючы падобны падыход для беларусаў:

— Любыя гістарычныя паралелі недасканалыя, але праз іх мы можам зразумець нашу ўласную сітуацыю. У пэўным сэнсе мы — дыяспара, як некалі габрэі, якія не мелі сваёй дзяржавы. Мы таксама не маем уласнай краіны ў поўным сэнсе: яна пад кантролем хунты, кіруецца не намі — беларусамі, дзе б мы ні знаходзіліся. Гэта сітуацыя, падобная да той, калі габрэі не мелі дзяржавы і ўзнік сіянісцкі рух.

На другім сіянісцкім кангрэсе Тэадор Герцль прапанаваў Базэльскую дэкларацыю — кароткі дакумент, у якім ішлося пра стварэнне дзяржавы для габрэяў у Палесціне на прынцыпах міжнароднага права. Для гэтага неабходна было рабіць чатыры рэчы: спрыяць міграцыі габрэяў у Палесціну, падтрымліваць іх самаарганізацыю па ўсім свеце, развіваць культурную і нацыянальную свядомасць і дамагацца міжнароднай падтрымкі.

Нам таксама патрэбны рух, скіраваны на вяртанне Беларусі. Не фізічнае вяртанне — сёння гэта немагчыма — але стварэнне сістэмы дапамогі і падтрымкі беларускай самаарганізацыі ўнутры краіны: у культуры, адукацыі, супрацы, пратэстных ініцыятывах, нават калі яны мусяць дзейнічаць у падполлі.

Ці верыць Захад у Беларусь?

Наступная панэль канферэнцыі была прысвечаная ролі Захаду ў беларускім кантэксце. Сярод удзельнікаў была ўкраінка Вольга Неманежына з Swedish International Liberal Center, якая перакананая Захад робіць недастаткова для падтрымкі  як беларускага руху, так і Украіны: 

— Я заўсёды падтрымлівала беларусаў, асабліва пасля анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе. Але мяне засмучае, што пра рэпрэсіі ў Беларусі гавораць толькі з 2020 года, быццам да таго нічога не было. А рэпрэсіі былі і раней, і падтрымка рэжыму Лукашэнкі Расіяй была і раней.

Мне здаецца важным казаць непрыемную праўду. Я ўдзельнічала ў еўрапейскай панэльнай дыскусіі з донарамі, пасламі. Я магу сабе дазволіць крыху скептыцызму, бо ён накіраваны на тое, каб мы былі мацнейшымі. Гэта не песімізм у духу “ўсё страчана”, а заклік рыхтавацца сур’ёзна і перамагаць у гэтай вайне.

Мы маем агульнага ворага — Расію. Я неаднаразова паўтарала: «Слон у нашым пакоі — гэта Расія». Мне балюча думаць пра беларускіх палітвязняў, і праваабаронцаў за кратамі. Чаму іх не вызваляюць? Дзе рашучыя дзеянні ЕС? Адказ ляжыць у Маскве. Захад робіць недастаткова, каб гэтыя людзі атрымалі свабоду.

Нетворкінг як частка супольнасці

Канферэнцыю Reshape ужо пяты раз арганізаваў Цэнтр новых ідэяў у партнёрстве з Фондам Фрыдрыха Эберта (Германія). Акрамя панэльных дыскусій, важнай часткай мерапрыемства была магчымасць нефармальных зносін паміж прадстаўнікамі розных ініцыятыў. Пра гэта распавяла Ніна з Задзіночання беларускіх студэнтаў:

— Я ўдзельнічала ў падобнай сустрэчы летась, і мне вельмі спадабалася. Тут шмат цікавых людзей з рознымі, часам супрацьлеглымі, поглядамі. Шчыра кажучы, я тут дзеля нетворкінгу. Магу нават не слухаць асноўную праграму, але размовы кулуарна — гэта вельмі каштоўны досвед.

І, канечне, магчымасць распавесці пра нашу арганізацыю, пашырыць інфармацыю пра яе, каб пра нас ведалі як мага больш людзей. Магчыма, гэта зацікавіць нейкіх студэнтаў. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і новых ідэй.

Слухайце аўдыё!

эж