Беларуская Служба

Блізкі Усход зноў у вагні: Ізраіль затакаваў Іран

16.06.2025 16:30
Ізраіль і Іран абстрэльваюць адзін аднаго ўжо пяць дзён. Лік ахвяр з абодвух бакоў ідзе на дзясяткі ды сотні чалавек.
Аўдыё
          -
Ізраільская сістэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал» перахоплівае іранскія ракеты над Тэль-АвівамEPA/ATEF SAFADI Dostawca: PAP/EPA.

Еўрапейскія эксперты занепакоеныя, што ірана-ізраільскае супрацьстаянне можа выліцца Ў буйную рэгіянальную вайну.

Масіраваны ракетны ўдар Ізраіля на Іран пачаўся ў ноч з чацвярга на пятніцу 13 чэрвеня. Ізраільцяне нанеслі ўдары па іранскіх ваенных аб'ектах, і месцах звязаных з ядзернай праграмай. Чатырнаццаць навукоўцаў, якія працавалі над ёй, былі забітыя. Таксама загінулі начальнік штаба іранскай арміі і камандзір і кіраўнік разведкі Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Было пашкоджана Міністэрства абароны Ірана. Ізраільскія ВПС затакавалі яшчэ і энергетычны сектар. У суботу бомбы ўпалі на нафтаперапрацоўчыя заводы ў правінцыі Бушэр, Іранцы прызналі, што прыпынілі вытворчасць.

У адказ Іран атакаваў Ізраіль ракетамі. Пад удар трапілі Тэль-Авіў, Хайфа, Яфа і Іерусалім. Іранскія ракеты трапілі ва ўрадавы комплекс Ха-Кір'я ў Тэль-Авіве, дзе знаходзяцца Міністэрства абароны і Генеральны штаб, у нафтаперапрацоўчы завод каля Хайфы, таксама быў атакаваны навуковы інстытут каля Тэль-Авіва і жылыя будынкі ў Рышон-ле-Цыёне, Тамры і Рэхавоце. Ізраіль паведаміў, што прынамсі 12 чалавек загінулі і 380 атрымалі раненні. Людзі ў Ізраілі кажуць пра сур'ёзныя знішчэнні.

— Я не хацела прачынацца; я ляжала ў ложку, але маці выцягнула мяне. Мы пайшлі ў сховішча і раптам пачулі вялізны выбух. Мы ўсе былі ў шоку; увесь дом дрыжаў. Як толькі мы выбраліся, мы ўбачылі ўвесь будынак у руінах.

У адказ міністр абароны Ізраіля Ізраэль Кац папярэдзіў, што Тэгеран «заплаціць» за напады на мірных жыхароў. У сваю чаргу прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху выступіў у эфіры Fox News з заклікам да іранцаў зрынуць тэалагічны рэжым.

— Яны забіваюць і пераследуюць вас 46 гадоў, за тое, што людзі прагнуць свабоды! Яны страляюць у жанчын, таму што тыя не закрылі валасы, страляюць у студэнтаў. Яны высмоктваюць кісларод з вялікай іранскай нацыі. Гэта проста тэрарыстычны рэжым. Мы не можам дазволіць ім мець ядзерную зброю. Наша разведка паказвае, што яны хочуць даць гэтую зброю сваім прыхільнікам-хусітам. Гэта ядзерны тэрарызм у глабальным маштабе.

Такога маштабу ваенных дзеянняў яшчэ не было ў рэгіёне. , зазначае эксперт па міжнародных справах Радаслаў Пыфэль.

— Ёсць пагроза, што супрацьстаянне выйдзе на яшчэ большы ўзровень эскалацыі. Аднак першыя дні паказалі, што Ізраіль  не ў стане самастойна зрынуць рэжым Аяталы. Яны спрабуюць запаволіць іранскую ядзерную праграму, але гэтага не хопіць, каб змяніўся рэжым. У такой сітуацыі ў аперацыю давядзецца ўмяшацца ЗША, якія заяўляюць пакуль, што не прымаюць у гэтым удзелу.

Ізраіль паставіў амерыканцаў перад фактам — ацаніў прафесар Томаш Гаёўнік, каментуючы абстрэлы паміж Ізраілем і Іранам.

— Думаю, ЗША былі паінфармаваныя, магчыма не ведалі дакладны тэрмін атакі, бо на нядзелю быў запланаваны чарговы раўнд амерыканска-іранскіх перамоў пра ядзернае пагадненне, а Ізраіль нанёс удар па Ірану ў пятніцу.

Напад на Іран — гэта працяг ваеннай палітыкі Ізраіля — лічыць Томаш Выпых, журналіст партала Salon24. Эксперт адзначыў, што ўлады ў Іерусаліме не жадаюць дапусціць вайны на ўласнай тэрыторыі:

— Доўгія гады Ізраіль мае ваенную дактрыну, каб не дапусціць да ваенных дзеянняў на сваёй тэрыторыі. Упершыню Ізраіль разбамбіў ядзерны рэактар у Іраку, што запаволіла праграму ядзернай зброі Хусейна. Цяперашняя атака на іранскія ядзерныя аб’екты – гэта рэалізацыя шматгадовай ізраільскай ваеннай дактрыны.

Эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе можа адцягнуць увагу ЗША, і гэта неспрыяльны сцэнар для Украіны, непакоіцца Радаслаў Пыфэль.

— Нават калі не адбудзецца зыход ЗША з Украіне, але часткова будзе перанакіраваная ўвага, гэта будзе горш для Украіны, чым аслабленне Ірану для Расіі. Кіеў трапіць у складанае геапалітычнае становішча, для ўсяго рэгіёну Цэнтральнай Еўропы – гэта будзе азначаць кепскі сцэнар.

Адкрытая вайна паміж Іранам і Ізраілем і эскалацыя канфлікту таксама могуць мець сур'ёзныя наступствы для Еўропы, лічыць еўрадэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Міхал Дворчык. 

— Сітуацыя з бяспекай у свеце толькі пагаршаецца, трэба разумець якія будуць наступствы для нашага рэгіёну. Іран падтрымліваў Расію ў агрэсіі супраць Украіны, мае пагадненні з Кітаем і Паўночнай Карэяй. Сёння незразумела ў якім напрамку пойдзе дадзены канфлікт. Усе заклікаюць адумацца ды спыніць ваенныя дзеянні, каб не пачалася новая вялікая вайна.

Перад абліччам канфлікту на Блізкім Усходзе Кітай можа заняць пазіцыю «праіранскага нейтралітэту» — лічыць Юстына Шчудлік з Польскага інстытута міжнародных спраў. 

— Кітайцы будуць трымацца праіранскага нейтралітэту па дзвюх прычынах. Першы – гэта эканамічныя сувязі ды імпарт энергасыравіны. Другая больш палітычная прычына – гэта саюз Ізраіля са ЗША. Кітайцы таксама крытыкуюць Тэлт-Авіў за вайну з ХАМАС, таму яны зоймуць праіранскую пазіцыю.

Прафесар Мацей Мільчаноўскі з Жэшуўскага ўніверсітэта, лічыць, што канфлікты на Блізкім Усходзе будуць паўтарацца.

— Іран ужо пачаў паказваць прапагандысцкія фільмы, дзе яны знішчылі ўвесь Ізраіль. Ім давядзецца спыніць абстрэлы, каб не дыскрэдытаваць уласную прапаганду. Пасля пачнецца перамір’е, якое Іран выкарыстае, каб адбудаваць свой вайсковы патэнцыял, а ізраільскія прэм’ер будзе зноў палохаць ядзерным Іранам. Сённяшняя сітуацыя можа паўтарыцца.

Юры Ліхтаровіч