Беларуская Служба

Перад самітам НАТА: адна з важнейшых тэм — прызначэнне 3,5% ВУП на абарону

18.06.2025 17:54
Перш за ўсё для Польшчы важныя палажэнні, якія будуць утрымлівацца ў выніковым паведамленні саміту НАТА.
-
Штаб-кватэра НАТА фота: Drop of Light/Shutterstock

На сераду было склікана пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі. Мэта – абмеркаваць, у прыватнасці, польскія прыярытэты перад самітам НАТА ў Гаазе. Пасяджэнне рады склікаў прэзідэнт Анджэй Дуда. На сустрэчу быў запрошаны таксама абраны прэзідэнт Караль Наўроцкі. Выданне Defence24 прыводзіць выказванне кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі генерала Дарыюша Лукоўскага (Dariusz Łukowski). Ён адзначыў, што перш за ўсё для Польшчы важныя палажэнні, якія будуць утрымлівацца ў выніковым паведамленні саміту НАТА.

«Важна не даўжыня тэксту, а яго змест. Самае галоўнае для нас - падкрэсліць паслядоўнасць альянсу і трансатлантычных сувязяў, а таксама належнай ідэнтыфікацыі Расіі як пастаяннай і доўгачасовай пагрозы для Альянсу. Гэта таксама пытанні падтрымкі Украіны і праблемы абаронных выдаткаў - асабліва расходы еўрапейскіх краін», - заявіў генерал Лукоўскі.

Генерал нагадаў, што менавіта на гэты аспект робіць асаблівы акцэнт амерыканскі бок — «каб ураўнаважыць баланс выдаткаў». «Гаворка ідзе, канешне, таксама пра стварэнне патэнцыялу Альянсу, пра камплектаванне саюзніцкіх планаў адпаведнымі сіламі і здольнасцямі, неабходнымі для супрацьдзеяння пагрозам», — дадаў ён.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі ацаніў, што саюзнікі, хутчэй за ўсё, дамовяцца аб тым, каб прызначаць 3,5% ВУП на абарону і яшчэ 1,5% ВУП на іншыя аспекты бяспекі — так, як гэта прапануе генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.

Што такое Рада нацыянальнай бяспекі?

Рада нацыянальнай бяспекі — гэта дарадчы орган прэзідэнта ў пытаннях унутранай і знешняй бяспекі дзяржавы. У яе склад уваходзяць: маршалкі Сейма і Сената, прэм’ер-міністр, кіраўнікі МЗС, Міністэрства абароны і МУС, міністр-каардынатар спецслужбаў, лідары партый, што маюць парламенцкія фракцыі ці пасольскія колы (альбо іх старшыні), кіраўнікі адміністрацыі прэзідэнта і Бюро нацыянальнай бяспекі. Пасяджэнні Рады склікае прэзідэнт, ён жа вызначае парадак дня.

Папярэдняе пасяджэнне органа, прысвечанае бяспецы Польшчы ва ўмовах сучаснай міжнароднай сітуацыі, адбылося 24 лютага гэтага года — у трэцюю гадавіну расійскага ўварвання ва Украіну.

нг