Беларуская Служба

233 гады таму быў заснаваны Virtuti Militari – найстарэйшы польскі ваенны ордэн і адзін з самых старых у свеце (ФОТА/ВІДЭА)

22.06.2025 06:02
Ордэн увёў у сістэму ўзнагарод у 1792 годзе апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пасля разгрому расійскіх войскаў.
Аўдыё
  • 233 гады таму быў заснаваны Virtuti Militari – найстарэйшы польскі ваенны ордэн і адзін з самых старых у свеце
 Virtuti Militari
Ордэн Virtuti Militari PAP/Leszek Szymański

Virtuti Militari («воінскай доблесці» на лацінскай мове) – гэта ордэн, вышэйшая ваенная ўзнагарода Польшчы за мужнасць у змаганні з ворагам, эквівалент брытанскага Крыжа Вікторыі.

Ордэн увёў у сістэму ўзнагарод 22 чэрвеня 1792 года апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пасля разгрому расійскіх войскаў у бітве пад Зяленцамі (сёння – Хмяльніцкая вобласць Украіны).

Першапачаткова ордэн меў форму авальных залатых і сярэбраных медалёў. Кароль перадаў 20 залатых узнагарод афіцэрам і 40 сярэбраных – малодшым афіцэрам і салдатам.

Першапачатковы варыянт Virtuti Militari Першапачатковы варыянт Virtuti Militari

Пра пачаткі гісторыі расказвае Ізабэла Пракопчук-Руноўска з варшаўскага Музею Войска Польскага.

- Ордэнам узнагароджваюцца салдаты і афіцэры, а таксама грамадзянскія асобы, але за заслугі выключна ваеннага характару, на полі бою, бо вядома, што на вайне змагаюцца не толькі вайскоўцы.

Канец 18-га стагоддзя. 3 мая 1791 года ў Рэч Паспалітай была прынятая Канстытуцыя. Гэта вельмі не спадабалася Расіі і царыцы Кацярыне ІІ. Расійскія войскі перайшлі нашу мяжу, пачалася вайна. Ваенная кампанія пачалася перамогай польскай арміі, бо 18 чэрвеня 1792 года ў бітве пад Зяленцамі нашы войскі перамаглі. Кароль Станіслаў Аўгуст, які ўжо раней думаў пра ўстанаўленне ваеннай узнагароды, перадаў у вайсковы лагер сярэбраныя і залатыя медалі. Прычым кароль не вырашаў, каго ўзнагародзіць – ён проста перадаў медалі, а геройскіх ваяроў узнагародзіў князь Юзэф Панятоўскі, які быў на месцы.

Неўзабаве ордэн атрымаў кшталт, падобны на актуальны. На ўзнагароду была нанесеная чорная эмаль і надпіс Virtuti Militari, у цэнтры ордэна знаходзіўся Белы арол, а на адваротным баку – Пагоня.

Stanisław August Poniatowski w stroju koronacyjnym, obraz Marcello Bacciarellego z 1768 r. Stanisław August Poniatowski w stroju koronacyjnym, obraz Marcello Bacciarellego z 1768 r.

Ордэн быў адменены ў тым жа годзе самім каралём па палітычных матывах. Сярод першых узнагароджаных ордэнам былі генералы Тадэвуш Касцюшка і Юзэф Панятоўскі.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай ордэн уручаўся ў Варшаўскім герцагстве. Упершыню ім узнагародзілі ў 1807 годзе палякаў, якія змагаліся ў арміі Напалеона Банапарта.

А вось у 1809 годзе кавалерам ордэну ўпершыню ў яго гісторыі стала жанчына. Гэта была Яанна Жуброва, якая адважна змагалася поруч з мужам. Калі была высунутая ідэя наконт яе ўзнагароджання, князь Юзэф Панятоўскі не быў прыхільнікам гэтага, заявіўшы, што жанчыне лепш даць грашовую ўзнагароду, а не ордэн. У адказ смелая кабета заявіла, што яна – не наёмнік, каб браць грошы, а полька і патрыётка, і таму патрабуе ордэн.

Яанна Жуброва (1782-1852 г.г.)
Яанна Жуброва (1782-1852 г.г.)

Ордэн зноў адмяніў расійскі імператар Мікалай I, які адначасова быў манархам Царства Польскага, пасля падаўлення вызваленчага паўстання 1831 года, якое ў польскай гістарыяграфіі называюць Лістападаўскім.

Узнагарода была адноўленая ўрадам незалежнай Польшчы ў 1919 годзе, атрымаўшы назву «Ваенны ордэн Virtuti Militari».

Ордэнам былі ўзнагароджаныя таксама гарады. Першым стаў Львоў, які атрымаў Virtuti Militari з рук маршала Юзэфа Пілсудскага. Ён таксама ўзнагародзіў французскі горад Вердэн, каля якога прайшла вядомая бітва падчас Першай сусветнай вайны. І трэцім горадам, які атрымаў ордэн, стала Варшава за геройскую абарону ад немцаў у 1939 годзе.

Цікава тое, што ордэн уручаецца падчас вайны або ў пяцігадовы тэрмін пасля яе заканчэння прэзідэнтам рэспублікі па прапанове капітула ордэна. У часы Другой Сусветнай вайны Virtuti Militari таксама былі ўзнагароджаныя камандуючыя саюзных войскаў, якія спрыялі вызваленню Польшчы з-пад нямецкай акупацыі.

Менавіта пасля вайны былі змененыя прынцыпы ўзнагароджання, а ўлады сацыялістычнай Польшчы прынялі рашэнне ўзнагароджваць ордэнам іншаземцаў. Скандалам закончылася ўручэнне Virtuti Militari Леаніду Брэжнева ў 1974 годзе. У знак пратэсту 12 генералаў у адстаўцы, якія службу пачыналі ў даваеннай Польшчы, склалі свае ордэны Virtuti Militari на алтары Яснай Гары – самага важнага месца каталіцкага культу ў Польшчы.

Пасля 1989 года ордэн фактычна не ўручаецца, нягледзячы на яго захаванне ў сістэме ўзнагарод Польшчы. У 1945-1989 гадах Узброеныя сілы Польшчы ўдзельнічалі толькі ў адным збройным канфлікце, а пасля 1989-га – у трох (Вайна ў Персідскім заліве, вайна ў Афганістане і вайна ў Іраку).

Ордэн мае пяць ступеняў: Вялікі Крыж з зоркай, Камандорскі Крыж, Кавалерскі Крыж, Сярэбраны Крыж і Залаты Крыж.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу