Беларуская Служба

Сяргей Ціханоўскі: Лідарам апазіцыі зʼяўляецца мая жонка Святлана. Я не збіраюся ні на што прэтэндаваць

22.06.2025 15:30
Нягледзячы на відавочна цяжкі маральны стан, Ціханоўскі не згубіў свайго красамоўства, энергіі і харызмы.
   .
Сяргей і Святлана Ціханоўскія.screenshot video

Эмацыйная прэс-канферэнцыя адбылася ў Вільні з Сяргеем Ціханоўскім, Святланаю Ціханоўскай, а таксама Ігарам Карнеем, Наталляй Дулінай, Сяргеем Шэлегам і Кірылам Балахонавым. Учора гэтыя людзі выйшлі на свабоду пасля зняволення.

Святлана Ціханоўская падзякавала многім палітыкам, якія доўгі час падтрымлівалі намаганні па вызваленні палітзняволеных:

– Гэты поспех стаў магчымы дзякуючы міжнароднай салідарнасці. З вырашальнай падтрымкай Літвы, якая дала нам прытулак, і Польшчы, якая прыняла тысячы і тысячы беларусаў. Я шчыра ўдзячная ўсім сусветным лідарам: Урсуле фон дэр Ляен, Рабэрце Метсоле, Кіру Стармеру, кіраўнікам краін ЕС і Паўночнай Еўропы, усім, хто змагаўся за вызваленне людзей. Асаблівая падзяка ад мяне Радаславу Сікорскаму і Борысу Джонсану, якія сталі «хроснымі» для Сяргея, усім парламентарыям, якія ўзялі пад патранат палітычных вязняў. Толькі вашая падтрымка дае магчымасць людзям не забыць пра нашых палітвязняў.

Сяргей Ціханоўскі заявіў, што за месяц да вызвалення яго пачалі «адкормліваць», то бок даваць лепшую ежу. «Уяўляеце, як я выглядаў да гэтага?, – сказаў ён. Тым не менш на свабоду мужчына выйшаў худы, моцна змяніўшыся знешне. «79 кг», – сказаў Сяргей у пачатку прэс-канферэнцыі.

Ціханоўскі выказаў падзяку Дональду Трампу за вызваленне, цягам размовы з журналістамі ён некалькі разоў заявіў, што «Трамп можа вызваліць усіх палітвязняў адным сваім словам».

Таксама ён падзякаваў Анджэю Дудзе, Радаславу Сікорскаму, Дональду Туску, Гітанасу Наўседу за падтрымку.

Нягледзячы на відавочна цяжкі маральны стан, Ціханоўскі не згубіў свайго красамоўства і харызмы:

«Нас там называюць здраднікамі. А я назаву здраднікам любога, хто не супраціўляецца лукашызму.

Хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў – калі вы чакалі знак, то вось ён.

Дзяржавы гінуць тады, калі не могуць адрозніць дрэнных людзей ад добрых. Што здарылася са мной? Абвінавачванне, высунутае супраць ката, было прымененае да ахвяры. Мы павінны змагацца супраць лукашызму, калі не супрацьстаяць, яны спустошаць нашу краіну. Беларусь сёння – гэта царства ілжы, пастаяннае злоўжыванне надзеяй, абсалютнае грэбаванне праўдай. Сістэма створаная так, што кожны, хто не хоча ведаць праўду, будзе жыць нармальна. Юстыцыя ў Беларусі не памерла, у яе проста маленькая дзірка ў ілбе. Самыя жорсткія злачынствы ў гісторыі адбываюцца не з-за нянавісці ці сквапнасці, а з-за абыякавасці».


Сустрэча з дзецьмі

Сяргей Ціханоўскі не змог стрымаць сваіх эмоцый пасля пытання, як адбылася сустрэча з дзецьмі пасля такога доўгага растання, ён расплакаўся.

Святлана Ціханоўская сказала, што дачка не пазнала бацьку. «Было мора слёз. Яны пісалі і чакалі пяць год. І цяпер яны зноў прывыкаюць да таго пачуцця, што тата побач. Ёсць бацька і муж, на якога можна абаперціся», – сказала Святлана.

Пра лідарства

Сяргей Ціханоўскі заявіў, што плануе вярнуцца ў Беларусь, але не ведае калі.

«Зразумейце, я 5 год знаходзіўся ў адзіночнай камеры. І апошнія тры гады нават лістоў не атрымліваў. Памятаеце, фільм «Назад у будучыню», і там была паралельная рэчаіснасць. Я быў у такой паралельнай рэчаіснасці».

На пытанне аб палітычным лідарстве ён адказаў наступнае:

– Лідарам апазіцыі зʼяўляецца мая жонка Святлана Ціханоўская. Я не збіраюся ні на што прэтэндаваць. Ці вы думаеце, што лідарам становіцца кожны, хто сядзеў у турме? Дык у нас такіх яшчэ 1 100 чалавек.

. .

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што таксама не адмаўляецца ад заяўленых раней мэтаў:

— Я ўсе гэтыя гады абяцаю быць з беларусамі, пакуль мы не вызвалім усіх палітвязняў і не зможам правесці сумленныя выбары. Гэта была наша першапачатковая мэта. Наша прыярытэтная задача – спыненне рэпрэсій і вызваленне палітзняволеных. Але мы павінны разумець, што пагражае Беларусі — страта сувернітэту. Лукашэнка крок за крокам яго прадае. А мы хочам жыць у свабоднай і незалежнай краіне.  


Пра прашэнні аб памілаванні

Ціханоўскі заявіў, што яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён катэгарычна адмаўляўся, бо не зрабіў нічога, у чым варта было б прызнаць сваю віну.

Таксама распавёў, што да яго з падобнымі перамовамі прыязджаў Раман Пратасевіч. Па словах Ціханоўскага, Пратасевіч за такой жа мэтай прыязджаў і да Марыі Калеснікавай у калонію, але яна таго «пабіла».

Таксама Ціханоўскі распавёў, што яго выпусцілі з мэтаю, што ён унясе разлад у дзейнасць Офіса Святлана Ціханоўскай за мяжою.

«Я больш сумленнага чалавека, чым Святлана, у жыцці не сустракаў, я мезенца яе не варты», – так апісаў Ціханоўскі свае думкі на гэтыя закіды.

Таксама, па словах Ціханоўскага, КДБшнікі яму казалі, што будуць здымаць санкцыі з Расіі, Лукашэнка хоча таксама, каб знялі санкцыі. І размова пра зняццё санкцый не еўрапейскіх, а з боку ЗША.

Цягам прэс-канферэнцыі Ціханоўскі некалькі разоў паўтарыў, што «пакуль ёсць пуцінская ўлада, ніякай перамогі ў Беларусі не будзе».

Сяргей Ціханоўскі падкрэсліў, што ніколі не быў расійскім палітыкам:

«У мяне быў бізнес, у мяне былі офісы ў Маскве, Кіеве і кампанія ў Літве. Я ніколі не быў прарасійскім».
На пытанне пра сваю паездку ў Крым у 2017 годзе ён адказаў, што ездзіў туды як паломнік, да палітыкі на той час дачынення не меў.

«Я абсалютна падтрымліваю Украіну. Прэзідэнту Зяленскаму выпала цяжкая доля, ён для мяне герой. Я яго падтрымліваю абсалютна і непадзельна», – сказаў ён.

Што распавялі палітзняволеныя пра ўмовы ўтрымання?

Кірыл Балахонаў сказаў, што ў зняволенні шмат разоў паўтаралі, што апазіцыі няма, яны нікому не патрэбныя. «Я і сам не верыў ужо, што мяне могуць вызваліць», – заўважыў Кірыл.

Былая выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна, адказваючы на пытанне, пра фізічны гвалт распавяла, што непасрэдна з такім не сутыкалася, але было шмат выпадкаў, якія можна апісаць «жорсткае абыходжанне»:

«Калі мы ідзем на камісію па пакаранню (у калоніі, – рэд.), то ўжо збіраем «трывожны чамаданчык» (зубная шчотка, рушнік…). Быў снежань 2024 года. І мне сказалі, апранай калготы або легінсы і шкарпэткі, майка без рукавоў, у гэтым ты можаш там быць. Але выявілася, што не – пакінулі толькі шкарпэткі. У снежні з голымі нагамі і ў майцы без рукавоў – холадна. Днём можна хадзіць, каб сагрэцца. А ноччу не. І нічога не дазваляюць узяць у камеру. І спаць у такім выглядзе нельга, бо холадна. Такім чынам парушаюць такім чынам базавыя патрэбы чалавека: холад, парушэнне рэжыму сну».


. .

Ігар Карней выказаў меркаванне, што практыка рукапрыкладства змянілася за апошнія пару гадоў з-за гучных папярэдніх спраў у пенітэнцыярных установах. Але адміністрацыя стварае жорсткія ўмовы, мае і прыдумвае.розныя захады, як зрабіць жыццё чалавека цяжкім у зняволенні.

Сяргей Ціханоўскі плакаў, калі згадваў пра ўмовы ўтрымання, стаўленне адміністрацыі, прыніжэнне людзей.

– Маньякі сядзяць з тэлевізарамі. А я не магу купіць ні мыла, ні зубную шчотку. З такой цяжкасцю перадавалі іншыя вязні гэты стрыжань да ручкі. Як так можна? Ёсць жа нейкія правы чалавека.

Ён згадаў пра Ігара Аліневіча і Уладзімера Кнігу, Уладзіміра Бабарыку якія ў вельмі цяжкіх умовах зняволення. і якім не даюць звязвацца з роднымі. Такія самыя праблемы і ў мноства іншых вязняў.


Сяргей Ціханоўскі таксама сказаў, што не вытрымаў бы прысуджаных яму 20 гадоў зняволення.

«Я б не вытрываў, проста па здароўю. З-за холаду – табе ўвесь час холадна. Я сёння спаў і мне таксама было холадна. У аўтобусе пытаўся (у іншых палітвязняў, – рэд.), ці ва ўсіх праблемы са здароўем? Адказалі, што так».

Сяргей Ціханоўскі таксама звярнуў увагу, што ў калоніях ёсць шмат вязняў, якія былі асуджаныя па непалітычных матывах, але ўжо ў зняволенні атрымалі спагнанні, пераслед за сваю дапамогу палітвязням.
«Там шмат людзей, пра якіх ніхто не ведае, іх трэба выцягваць», – сказаў Сяргей.

«Мяне падтрымлівала прызнанне нашых арганізацый і Amnesty International. Калі яны сказалі, што я вязень сумлення…», – адказаў Ціханоўскі на пытанне, што яго падтрымлівала ў зняволенні.

Сяргей Ціханоўскі падкрэсліў, што ў яго дальнейшай дзейнасці будзе неабходная падтрымка іншых людзей, бо ён адзін не зможа нічога зрабіць.


. .



вх