21 чэрвеня ў Мінску адбылася сустрэча спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, «у парадку дня перамоў Лукашэнкі і Келага былі міжнародная праблематыка і ў цэлым сітуацыя ў свеце, рэгіянальная тэматыка і беларуска-амерыканскія адносіны».
Прысутны на сустрэчы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў заявіў, што дадзеная сустрэча стала працягам рэгулярных кансультацый па тэме нармалізацыі адносін Беларусі і ЗША, якія вядуцца ўжо чатыры гады.
На наступны дзень пасля сустрэчы былі вызваленыя 14 палітвязняў, як паведаміла прэсавая сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант: «...Прынята рашэнне аб памілаванні на просьбу прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі..., і выключна з гуманных меркаванняў, з мэтай уз’яднання сям’і». Апошняе тычылася вызвалення Сяргея Ціханоўскага.
Аднак са слоў Рыбакова вынікае, што Мінск кіраваўся не толькі гуманнымі меркаваннямі. Чыноўнік заявіў, што спадзяецца абмену візітамі ды аднаўлення працы пасольстваў у поўным аб'ёме. Гэта не канец спісу пажаданняў афіцыйнага Мінску, перакананы палітолаг Павал Усаў.
— З моманту прыходу да ўлады Трамп казаў, што збіраецца дамовіцца не толькі з Пуціным, але і Лукашэнкам таксама. Пытаннем вызвалення палітычных вязняў займаўся прадстаўнік ЗША па Усходняй Еўропе Сміт, дзякуючы інтэнсіўным перамовам быў вызвалены Юрась Зянковіч. Потым працэс запаволіўся, я думаю, гэта было звязана з засяроджаннем амерыканскай адміністрацыі на спыненні расійскай агрэсіі. Пасля расчаравання Трампа, ЗША пачало пасылаць сігналы Мінску, што за вызваленне палітвязняў і запаволенне рэпрэсій, яны могуць пайсці на прыпынення некаторых эканамічных санкцый. У першую чаргу ідзецца пра абмежаванні накладзеныя на Беларуськалій. Яшчэ Мінск чакае фармальнага прызнання Лукашэнкі як кіраўніка Беларусі ды спынення кантактаў з апазіцыяй. Дарэчы, Келаг не сустракаўся з прадстаўнікамі апазіцыі перад прыездам у Мінск.
Сярод вызваленых у суботу шмат замежнікаў: 2 грамадзяніна Японіі, 3 грамадзяніна Польшчы, 2 — Латвіі, а таксама грамадзяне Эстоніі, Швецыі і ЗША. Ці ў гэтым адмысловы сігнал з боку рэжыму Лукашэнкі для Захаду?
— Важнае пытанне: чаму не быў вызвалены ніхто з прадстаўнікоў нацыянальнага руху? Справа ў тым, што ў асвятленні пытання палітвязняў, нацыянальнае крыло апазіцыі, якое трапіла пад рэпрэсіі менш прадстаўлена. Напрыклад, Ціханоўская ездзіла з партрэтам свайго мужа, Фоміч ездзіла ў справе вызвалення Марыі Калеснікавай. Сваю ролю адыграў кропкавы PR, які датычыў толькі ключавых фігур, якія ўдзельнічалі ў выбарах 2020-га году. Апроч таго хваля вызвалення не закранула арыштаваных аналітыкаў, як Уладзімір Мацкевіч ці Валерыя Касцюгова. На маю думку, пра іх значна радзей нагадвалі прадстаўнікі Офіса.
Мэтай амерыканцаў у размовах з Мінскам з’яўляецца яшчэ дээскалацыя напружанасці ў рэгіёне, зазначае эксперт.
— Трамп пазіцыянуе сябе як міратворцу, які гатовы спыняць канфлікты. Апошнім часам было шмат інфармацыі пра тое, што з Беларусі зноў рыхтуецца атака на Украіну ці Літву ў звязку вучэннямі «Захад-2025» і міграцыйнымі пытаннямі. ЗША хочуць залагодзіць гэтую сітуацыю. Прасцей гэта зрабіць праз дамоўленасць з Лукашэнкам, што будзе прадстаўлена амерыканскаму выбарцу, як паспяховую палітычную аперацыю. Я спадзяюся, што працэс вызвалення палітвязняў прыспешыць у Беларусі, калі ў Мінску з’явіцца амбасада ЗША. Так пачынаецца перазагрузка адносін з рэжым Лукашэнкі. Агульнай сітуацыі ў краіне гэта не паправіць, але можа зменіцца лёс палітычных зняволеных. Чым хутчэй яны выйдуць з турмы, тым лепш.
У 2019 і 2020, падчас першага прэзідэнцтва Дональда Трампа, амерыканская адміністрацыя спрабавала працаваць з Лукашэнкам, каб адцягнуць яго ад РФ. Тады ў Беларусь прыязджалі дарадца па нацбяспецы Джон Болтан і дзяржсакратар Майк Пампеа. Цяпер амерыканцы робяць другую спробу. Галоўнае, каб яна прывяла да вызвалення як мага больш палітвязняў, падкрэслівае Павал Усаў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч