Беларуская Служба

Палітаглядальнік Валер Карбалевіч: Адна з мэтаў візіту дэлегацыі на чале з Келагам была пратэставаць межы свабоды Лукашэнкі

24.06.2025 13:54
Вызваленне палітвязняў – гэта пабочны прадукт той дыпламатычнай гульні, якую распачаў Вашынгтон адносна беларускіх уладаў.
Аўдыё
  • На свабоду па памілаванню выйшла чарговая група палітвязняў, сярод іх – адна ключавых фігур падзей 2020-га года Сяргей Ціханоўскі. Ці азначае гэта, што можна спадзявацца на чарговы віток лібералізацыі, паслабленне рэпрэсіўнасці беларускага рэжыму? Каментуе палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч.
Валерый КарбалевічФота: Facebook

На свабоду па памілаванню выйшла чарговая група палітвязняў, сярод іх – адна ключавых фігур падзей 2020-га года Сяргей Ціханоўскі. Ці азначае гэта, што можна спадзявацца на віток лібералізацыі? Каментуе палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч. 

– Гісторыя з наборам і пазней выпускам палітзняволеных не новая. Але новае тое, што людзей вывозяць прымусова з краіны. Мяркую, гэта важны момант, які сведчыць пра што?

– Я думаю, нейкай прадуманай яснай стратэгіі ва ўладаў няма. Ёсць тактыка. Увогуле, трэба адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка – не стратэг, ён тактык, ён рэагуе на бягучую сітуацыю, прымаючы рашэнні, зыходзячы з нейкіх абставін, якія з'явіліся ў дадзены момант. Пра доўгатэрміновую стратэгію наўрад ці думае.

Палітвязні – гэта тавар, які Лукашэнка збіраецца прадаць Захаду, тое, за кошт чаго ён гатовы гандлявацца з Захадам. Ён гэта і робіць ужо пэўны час. Цяпер палітвязняў экстрадуюць. Ну так, гэта новая зʼява, хаця прэцэдэнт быў. Саму Святлану Ціханоўскую экстрадавалі, спрабавалі гэта зрабіць з Марыяй Калеснікавай, але яна на мяжы проста парвала пашпарт. Таму асобныя выпадкі экстрадыцыі былі і раней, але гэта былі асобныя выпадкі, ну, а цяпер гэта больш масавы характар набыло.

Улады сапраўды робяць шмат для таго, каб выціснуць, выштурхаць апанентаў за мяжу, і нават для тых людзей, якія выйшлі з вязніцы, усё роўна ствараюць такія ўмовы, што даводзіцца выязджаць.

Выштурхоўванне апанентаў за мяжу – гэта хутчэй стратэгія. А вось тое, што такім чынам адбываецца вызваленне палітвязняў – гэта тактыка.

І як я разумею, сітуацыя з Анджэем Пачобутам не зрушваецца з месца, бо ён не хоча з'язджаць з Беларусі.

– Сяргей Ціханоўскі некалькі разоў паўтарыў, што Трамп мае магчымасць вызваліць усіх беларускіх палітзняволеных, гэта магчыма, ці хутчэй словы былі сказаныя на эмоцыях?

– Калі б Злучаныя Штаты паставілі такую задачу ў якасці стратэгічнай – вызваленне беларускіх палітвязняў – і дзеля гэтага гатовыя былі ісці на любыя захады, на любыя меры, то думаю, што справа была б рэальная. Скажам, зняць усе эканамічныя санкцыі ў абмен на вызваленне ўсіх палітзняволеных. Думаю, што гэтае пытанне ва ўсякім разе можна было б абмеркаваць як рэальнае. Але пытанне ў тым, што такой стратэгічнай задачы перад сабой адміністрацыя ЗША не ставіць.

Вызваленне палітвязняў – гэта як бы пабочны прадукт той дыпламатычнай гульні, якую распачаў Вашынгтон адносна беларускіх уладаў.

– Як мяркуеце, наколькі Лукашэнка самастойны ў сваёй палітыцы, цяпер яму ўсё часцей адмаўляюць у субʼектнасці.

– Трэба падзяліць пытанні, падзяліць сферы. Што тычыцца ўнутранай палітыкі, маштабаў рэпрэсій, што тычыцца палітзняволеных, то тут, я мяркую, Лукашэнка абсалютна свабодны, аўтаномны, і ніякі Пуцін яму не дыктуе. Тым больш глядзіце, рэжым Лукашэнкі значна больш жорсткі, чым рэжым Пуціна і адносна палітвязняў. У Расіі жывуць на свабодзе людзі, аб'яўленыя іншаземнымі агентамі, што ў Беларусі ўявіць пакуль не магчыма. Таму ў гэтай сферы Лукашэнка свабодны.

Што тычыцца знешняй палітыкі, ваеннай, што тычыцца пытанняў рэгіянальнай бяспекі, што тычыцца пытання вайны ва Украіне, то тут Лукашэнка вельмі моцна залежны ад Расіі і без згоды Расіі пайсці на нейкія дзеянні, рашэнні, наўрад ці ён здольны.

Я думаю, што адна з мэтаў візіту гэтай дэлегацыі на чале з Келагам была пратэставаць межы свабоды Лукашэнкі ў пытаннях знешняй палітыкі. Наколькі ён вольны, наколькі ён аўтаномны, наколькі з ім можнанешта дамаўляцца. Ну, вось, дзеля гэтага, магчыма, прыязджала гэтая дэлегацыя.

– Беларусы могуць пачаць спадзявацца, што ў хуткім зменіцца ўся палітыка, стане менш рэпрэсіўнай, з’явіцца шанец на бяспечнае вяртанне тых, хто з’ехаў?

– Ну, разумееце, спадзявацца трэба. Гэта важна проста псіхалагічна, інакш цяжка выжываць на чужыне. Наколькі гэта рэальна? Пакуль я не бачу нейкіх сістэмных перамен у палітыцы рэжыму Лукашэнкі ў бок лібералізацыі. Пакуль мы бачым нейкія асобныя крокі: гэта памілаванні, якія былі цэлы год і ў выніку якіх выйшла на волю каля трохсот чалавек, гэта вызваленні ў сувязі з візітам Келага. Гэта асобныя крокі, асобныя сігналы, якія адбываюцца на фоне таго, што працягваюцца рэпрэсіі, працягваюцца суды, затрыманні. Колькасць палітвязняў не моцна памяншаецца, яна памяншаецца часткова за кошт таго, што людзі цалкам адбываюць свае тэрміны і выходзяць. Таму рэпрэсіі працягваюцца, ніякай адлігі ва ўнутранай палітыцы не бачна. Здзекі і катаванні палітвязняў працягваюцца.

Пакуль нейкіх сістэмных перамен ва ўнутранай палітыцы няма і не бачна. На сёння мы бачым сітуацыю, што ніякага паляпшэння з правамі чалавека ў Беларусі няма.

вх