Суботні візіт у Мінск генерала Кіта Келага, спецыяльнага пасланніка прэзідэнта Трампа па пытаннях Украіны — прывёў да вызвалення 14 палітвязняў. Пры гэтым, ён прарваў міжнародную ізаляцыю Аляксандра Лукашэнкі, але ні на міліметр не наблізіў міру ва Украіне.
Аб тым, што неўзабаве адбудзецца візіт Келага ў Беларусь, агенцтва Reuters паведамляла яшчэ ў сярэдзіне мінулага тыдня. Яго мэтай павінна было стаць пераадоленне застою ў перамовах паміж Украінай і Расіяй пра спыненне агню, ініцыятарам якіх сталі ЗША. Пасля сустрэчы дзвюх дэлегацый у Стамбуле на пачатку чэрвеня працэс зайшоў у тупік. Напад Ізраіля на Іран, а затым амерыканскія абстрэлы гэтай краіны адцягнулі ўвагу адміністрацыі ЗША і СМІ ад вайны Расіі супраць Украіны. Некаторыя аналітыкі нават паспелі заявіць, што падзеі на Блізкім Усходзе — выдатная падстава для Трампа адмовіцца ад ролі пасрэдніка ў еўрапейскім канфлікце, асабліва на фоне адсутнасці поспехаў. Дадатковым пацвярджэннем гэтага стала адмова Трампа ад сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім падчас саміту «Вялікай сямёркі» у Канадзе і яго нежаданне закранаць украінскія тэмы падчас саміту НАТА ў Гаазе.
Перамовы камандаў Келага і Лукашэнкі доўжыліся доўга — шэсць з паловай гадзін. Генерал вёў вайсковую частку перамоў, а яго супрацоўнік Джон Коул абмяркоўваў двухбаковыя пытанні. У першай частцы поспехаў не было, хоць, відавочна, менавіта яна заняла большасць часу, прызначанага на перамовы. Можна меркаваць, што Лукашэнка пераконваў у сваёй добрай волі, намерах пасрэднічаць ва ўрэгуляванні канфлікту, рэкламаваў Мінск як найлепшае месца на зямлі для далейшых сустрэч дэлегацый з Кіева і Масквы, даваў парады, як размаўляць з Пуціным і Зяленскім, якіх ведае, асабліва першага, ужо шмат гадоў, як тое часта бывае між дыктатарамі. Беларускі лідар спрабуе выцягнуць з палітыкі новай адміністрацыі ЗША максімум карысці для сябе і скарыстацца тым, што Трамп прарывае ізаляцыю Пуціна. Трэба спяшацца, пакуль акно магчымасцяў не зачынілася, пакуль Крэмль дазваляе Лукашэнку такую самадзейнасць. Ён хоча ізноў, як у 2014 і 2015 гадах, прынамсі знешне, апрануць касцюм міратворца, і адначасова скінуць з сябе кляймо саўдзельніка агрэсіі і саюзніка Расіі з 2022 года. На самай жа справе ён не мае ніякага ўплыву на дзеянні Масквы і гуляе на яе баку.
Чаго на самой справе дабіўся Лукашэнка? Яго вельмі цікавіць паслабленне амерыканскіх санкцый, асабліва тых, што тычацца калійных угнаенняў, продаж якіх за мяжу раней быў важнай крыніцай бюджэтных даходаў. Нягледзячы на тое, што ключавую ролю адыгрываюць санкцыі ЕС, а не ЗША, ён ведае: уплыву Венгрыі ці Славакіі недастаткова, каб іх змякчыць, таму спрабуе дамовіцца з ЗША. Ён разглядае Вашынгтон як больш прагматычнага гульца, які менш увагі звяртае на каштоўнасці, і, адпаведна, гатоў зноў патаргавацца: палітвязні ўзамен на санкцыі.
Другі блок сустрэчы, верагодна, быў значна карацейшы. Зразумела, і ЗША хацелі атрымаць нейкі поспех, каб змякчыць непрыемнае ўражанне ад паціскання рук і пахлопвання па спіне генерала з дыктатарам. Гэтыя кадры ахвотна паказвалі беларускія дзяржаўныя СМІ. У ліку чатырнаццаці вызваленых палітвязняў ёсць грамадзяне Польшчы, Латвіі і Японіі, а таксама Сяргей Ціханоўскі — муж Святланы, лідаркі беларускай апазіцыі, былы прэтэндэнт на кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе і адзін з самых гучных крытыкаў дыктатара. Гэта адзін з найважнейшых «козыраў», акрамя Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай і Анджэя Пачобута, якіх рэжым можа «абмяняць» на прызнанне і гандлёвыя прэферэнцыі. Ціханоўскага «прадалі» за сустрэчу з Келагам. Гэта быў найвышэйшы прадстаўнік адміністрацыі ЗША, які наведаў Мінск з часу візіту дзяржсакратара Майка Пампеа вясной 2020 года. Але і ў гэтым выпадку рэжым вядзе сваю гульню, і выбар менавіта мужа Ціханоўскай не быў выпадковым. Мінск разлічвае, што энергічны блогер і грамадскі дзеяч з цягам часу ўнясе хаос у сямейныя адносіны і разлад у шэрагі апазіцыі, што дэстабілізуе і скампраметуе дэмакратычныя сілы ў вачах беларусаў і ўсяго свету. Ціханоўскія гэта разумеюць і добра спраўляюцца з выклікам, публікуючы фота, на якіх трымаюцца за рукі. Дай Божа, каб так і засталося.
Тадэвуш Іваньскі — кіраўнік групы па Беларусі, Украіне і Малдове ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў. У 2006–2011 гадах працаваў на Польскім радыё для замежжа.