24-25 чэрвеня ў галандскім горадзе Гаага прайшоў саміт Паўночанаатлантычнага Альянсу. Гэтая сустрэча ладзілася, каб зрабіць НАТА больш моцным і больш справядлівым пактам. Саюзнікі аб'ядналіся, каб умацаваць сваё супрацоўніцтва ў крытычны момант для бяспекі Еўропы, гаворыцца ў афіцыйным камунікаце арганізацыі. На гістарычнасць саміту звярнуў увагу прэм’ер-міністр Галандыі Дзік Схуф.
— Гэта гістарычны дзень для ўмацавання нашага альянсу, узмацнення сілы стрымлівання і абароны. Што тычыцца Нідэрландаў, мы хочам дасягнуць павелічэння выдаткаў на абарону, а таксама нарошчваем нашу абаронную прамысловасць, ва ўмовах расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Важнай справай стала гатоўнасць ЗША выконваць свае абавязацельствы паводле артыкула 5 Паўночнаатлантычнага дагавора, то бок абараняць саюзнікаў у выпадку агрэсіі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп спачатку ўхіляўся ад наўпроставага адказу, заяўляючы, што існуе «шмат азначэнняў» гэтага артыкула. Калі журналісты прыціснулі яго, ён адказаў, што «мы з нашымі саюзнікамі да канца»
—Мы з нашымі саюзнікамі да канца. Я адданы нашаму саюзу. Ведаеце, я пасябраваў з многімі з гэтых лідараў і адданы ім дапамагаць. Калі паглядзець на лічбы, мы з імі. Сёння прагучалі вельмі важныя рэчы. Я гадамі прасіў павялічыць выдаткі да 5 працэнтаў, і цяпер яны растуць з2 працэнтаў, пры тым, што шматлікія краіны нават і столькі не трацілі. Таму я думаю, што гэта вельмі важны пасыл. НАТА стане вельмі моцным з намі.
Лаяльнасць Злучаных Штатаў да Паўночнаатлантычнага саюзу таксама пракаментаваў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.
— Абсалютна відавочна, што Злучаныя Штаты цалкам адданыя НАТА і артыкулу 5 Паўночнаатлантычнага дагавора», улічваючы доўгатэрміновую пагрозу з боку Расіі, а таксама масавае нарошчванне вайсковай сілы ў Кітаі і той факт, што Паўночная Карэя і Іран падтрымліваюць ваенныя намаганні Расіі ва Украіне. Вельмі важна, каб мы трацілі больш на бліжэйшыя гады. Вядома, што тычыцца абароннай прамысловай вытворчасці, мы ведаем, што нам не хапае прамысловай базы, але ў нас ёсць выдатныя кампаніі, ім трэба запусціць дадатковыя вытворчыя лініі, правесці змены, каб гарантаваць, што мы будзем вырабляць боепрыпасы і ўсё неабходнае.
Да павелічэння выдаткаў на абарону заклікаў таксама Анджэй Дуда, які прадстаўляў Польшчу на саміце НАТА ў Гаазе. Польскі прэзідэнт тлумачыў гэтую патрэбу нападам Расіі на Украіну.
— Я лічу, што Расія знясіленая агрэсіяй супраць Украіны, якая працягваецца ўжо больш за 3 гады. І я не думаю, што яна здольная цяпер атакаваць іншыя краіны. Але ў будучыні гэта рэальная пагроза. Таму мы павінны да гэтага падрыхтавацца, мы павінны павялічыць нашы абаронныя выдаткі. Гэта абсалютна неабходна для нашай бяспекі і будучыні.
У сваю чаргу прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа нагадаў пра тое, што Захад адстае ад Расіі па тэмпах пераўзбраення.
— 5% не стрымліваюць, гэтыя працэнты не змагаюцца на полі бою, але яны павінны быць пераведзены ў грашовыя сродкі, а грашовыя сродкі павінны быць пераведзены ў рэальныя магчымасці. Мы павінны прызнаць, што адстаём ад Расіі, якая вырабляе значна больш абсталявання і боепрыпасаў, чым мы разам узятыя. Такім чынам, для краін Балтыі, для Літвы, якую я прадстаўляю, цалкам відавочна, што нам не патрэбныя пераходныя перыяды. Мы гатовыя зрабіць сваю працу прама зараз. Мы маем намер выдаткаваць 4% нашага ВУП у гэтым годзе, а ў наступным годзе яшчэ 5,25%, захоўваючы такі ўзровень выдаткаў да 2030 года.
Аднак пытанне павелічэння выдаткаў доўга не вырашалася. Гэта звязана з тым, што Іспанія займае адрозную пазіцыю па пытаннях абаронных выдаткаў ад іншых краін Альянсу. Згодна з планам, прадстаўленым Маркам Рутэ, у бліжэйшыя гады краіны НАТА павінны павінна прызначаць 3,5 працэнта ВУП на асноўныя абаронныя выдаткі, а яшчэ 1,5 працэнта — на інфраструктурныя і прамысловыя інвестыцыі, звязаныя з бяспекай. Прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс абвясціў, што яго краіна будзе выдаткоўваць на абарону не 5% ВУП, а толькі 2,1%, нягледзячы на тое, што ўсе дзяржавы-члены фармальна «падпісалі» дэкларацыю аб выдатках 5 працэнтаў ВУП на абарону. У адказ на гэта Дональд Трамп заявіў, што Іспанія «стала праблемай». Лідарам 32 краін канчаткова ўдалося прыняць абавязацельства па павелічэнні выдаткаў толькі на пленарным пасяджэнні на другі дзень саміту.
Апроч таго, у адрозненні ад ранейшых самітаў НАТА, падчас цяперашняй сустрэчы Украіна адсунутая крыху на другі план. Украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага не запрасілі на працоўныя пасяджэнні, ня'е было анонсаў новых пакетаў дапамогі, не прагучалі заявы пры перспектывы ўступлення Украіны ў НАТА. Паводле нямецкага выдання Bild, гэта вынік пазіцыі адміністрацыі прэзідэнта Трампа.
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ спрабаваў лагодзіць гэтае ўражанне, заявіўшы, што ў бліжэйшыя гады Украіна застанецца адным з прыярытэтаў НАТА.
—Нам трэба давесці, што Украіна можа разлічваць на нас у бліжэйшыя гады, на падтрымку краін НАТА, каб яна магла працягваць барацьбу. Але таксама і для таго, каб мы маглі прынесці Украіне трывалы мір.
Таксама міністр замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен нагадвала пра важнасць захаваць падтрымку для Украіны.
— Падтрымка для Украіны нязменная, яшчэ мы хочам неадкладнага спынення агню. Толькі Пуцін не жадае спыняць агонь, і зараз самы час падштурхнуць яго да гэтага. І наша стратэгія мае тры аспекты: па-першае, відавочна, узмацненне нашай уласнай абароны і стрымлівання дзеля бяспекі свабоднага свету, па-другое, ціск на Расію, і тут нам трэба працаваць як асобным краінам, так і як Еўрапейскі Саюз разам са Злучанымі Штатамі. Спадзяюся, што пакет санкцый, які знаходзіцца ў Сенаце, будзе прыняты на наступным тыдні. І па-трэцяе, вядома, працягваць дапамагаць Украіне, якая змагаецца за кожнага з нас.
Іншыя краіны, такія краіны як Польшча вярнуліся з Гаагі з большай падтрымкай з боку саюзнікаў. Так падчас перамоў з кіраўніком нямецкага Міністэрства абароны было прынята рашэнне аб падаўжэнні місіі Бундэсвера ў Польшчы, — заявіў віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
— Нямецкія «Patriots» застаюцця на лётнішчы ў Ясёнцы да канца гэтага года. З нашага боку вялізарная ўдзячнасць. Гэта місія НАТА ды Германія выконвае свае абавязацельствы перад Альянсам.
Кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы таксама абвясціў, што абмеркаваў з партнёрамі па Альянсу ўдзел у камандных вучэннях, запланаваных на верасень бягучага года. Ідзецца пра вучэнні 18-й механізаванай дывізіі, вядомай як «Жалезная дывізія». ЗША і Турцыя ўжо выказалі зацікаўленасць. Манеўры павінны стаць адказам на расійскія вайсковыя вучэнні ў Беларусі пад кодавай назвай «Захад», якія таксама арганізуюцца восенню.
Юры Ліхтаровіч