Першым палякам, пра якога стала вядома, што ён вызвалены Лукашэнкам быў Ежы Жывалеўскі (Jerzy Żywalewski). Ён паходзіць з Падляшша. Аднак, паводле партала TVP.INFO, палову свайго жыцця ён правёў у Беларусі, дзе пазнаёміўся са сваёй жонкай Аленай. Разам яны трымалі краму ў Гродне.
Паводле звестак беларускіх службаў, Жывалеўскага нібыта завербавалі польскія спецслужбы на пачатку 21 стагоддзя. Ён быў арыштаваны ў 2022 годзе і 22 сакавіка 2023 года быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі за «агентурную дзейнасць».
Ежы Жывалеўскага прымусілі даць інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню
У маі гэтага года рэжымны беларускі «Першы Інфармацыйны канал» паказаў інтэрв'ю з Жывалеўскім, у якім ён распавёў пра пераезд у Беларусь і пра тое, наколькі ён прывязаны да гэтай краіны. Ён не сказаў, чаму яго асудзілі. Як паведамляў «Белсат», перад размовай з'явіўся надпіс: «Ён жыў у Гродне. У пачатку 2000-х быў завербаваны Службай ваеннай разведкі. Працаваў пад псеўданімам «Пасейдон». Па запыце польскіх спецслужбаў збіраў і перадаваў інфармацыю пра былых і цяперашніх вайскоўцаў Міністэрства абароны і Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. Асуджаны за агентурную дзейнасць».
Няма сумненняў, што рэжым прымусіў паляка выступіць перад камерамі. «Ведаючы беларускае заканадаўства, я падазраю, што мяне прымусяць вярнуцца ў Польшчу. Думаю, мяне дэпартуюць. Я б вельмі хацеў застацца ў Беларусі», — сказаў Жывалеўскі.
Чацвёра палякаў за кратамі
У студзені 2025 года Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што ў турмах рэжыму ўтрымліваюцца чацвёра грамадзян Польшчы.
«Раман Галуза (Roman Gałuza) знаходзіцца ў беларускім СІЗА з ліпеня 2022 года. Яго будуць судзіць па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Ежы Жывалеўскі і Томаш Бяроза (Tomasz Bieroza) былі абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з польскай разведкай і асуджаныя на адпаведна 4 і 14 гадоў пазбаўлення волі.
Роберт Томпала (Robert Tąpała) быў прызнаны вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку і іншых прадстаўнікоў улады і адбывае трохгадовы тэрмін», — паведаміла тады «Вясна».
Роберт Томпала быў дэпартаваны з Беларусі ў красавіку гэтага года і мае восем гадоў забароны на ўезд у Беларусь. Ён адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі.
Міністэрства замежных спраў: «мы сказалі ўсё, што маглі сказаць»
Усё сведчыць аб тым, што да 20 чэрвеня рэжым Лукашэнкі трымаў у няволі Галузу, Жывалеўскага і Бярозу. Ці гэта тыя трое палякаў, якіх вызвалілі ў суботу беларускія ўлады?
Партал TVP.Info спытаў пра гэта ў Паўла Вронскага (Paweł Wroński), прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў. «У гэтым пытанні ў суботу мы сказалі ўсё, што павінны і можам сказаць», — адказаў Вронскі.
яс
*