Беларуская Служба

69 гадоў таму ў Польшчы меў месца першы масавы выступ супраць камуністаў, жорстка падаўлены міліцыяй і войскам (ФОТА/ВІДЭА)

28.06.2025 06:04
Ініцыятарам прымянення зброі супраць маніфестантаў выступіў маршал Канстанцін Ракасоўскі.
Аўдыё
  • 69 гадоў таму ў Польшчы меў месца першы масавы выступ супраць камуністаў, жорстка падаўлены міліцыяй і войскам
    1956   .
Рабочыя пратэсты ў чэрвені 1956 года ў Познані. Пратэстоўцы нясуць плакат «Патрабуем хлеба»Крыніца: commons.wikimedia.org/аўтар невядомы/грамадскі набытак

Роўна 69 гадоў таму меў месца першы масавы выступ супраць камуністаў у Польскай Народнай Рэспубліцы, падчас якога загінулі дзясяткі чалавек. Гэтая падзея ўвайшла ў польскую гістарыяграфію пад назвай «Познаньскі чэрвень» альбо Познаньскае паўстанне 1956 года, бо пратэсты праходзілі ў горадзе Познань.

Рабочыя пратэсты адбыліся ў горадзе Познань 28-30 чэрвеня 1956 года. Пратэсты пачаліся як страйк супраць эканамічнай палітыкі ўладаў і парушэння канкрэтных дамоўленасцяў, але хутка перараслі ў масавы рух супраць сталінісцкага рэжыму Польскай аб'яднанай рабочай партыі. Пратэсты былі падаўленыя сіламі рэгулярнага войска, міліцыі і спецслужбаў, але аказалі сурʼёзны ўплыў на працэсы польскай дэсталінізацыі. Дзень кровапраліцця 28 чэрвеня 1956 года названы ў Польшчы «Чорным чацвяргом».

У 1956 годзе ў ПНР, услед за СССР, наступіла адліга і быў узяты курс на некаторую палітычную лібералізацыю. Адначасова эканамічная сітуацыя заставалася цяжкай, нарастала незадаволенасць, у тым ліку ў асяроддзі працоўных.

Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej

Познань, як і цяпер, быў буйным прамысловым цэнтрам Польшчы. Вялікае значэнне для прамысловасці горада і Польшчы ў цэлым меў значэнне машынабудаўнічы завод імя Сталіна (цяпер Завод Цэгельскага), які спецыялізаваўся і спецыялізуецца ў вытворчасці чыгуначнага транспарту. З 1953 года тут нарастаў працоўны канфлікт, звязаны з падаткам на зарплату. Востра стаяла і жыллёвая праблема: пры рэзкім росце насельніцтва толькі нешматлікія працоўныя зрэдку атрымлівалі кватэры.

Агульнае эканамічнае становішча было цяжкім па ўсёй краіне. Спробы калектывізацыі прывялі да дэфіцыту харчавання, разбуралася сацыяльная інфраструктура. У Познані і рэгіёне ў цэлым гэтыя працэсы развіваліся ў горшы бок. Звароты познанскіх чыноўнікаў у Варшаву не давалі выніку.

Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej

23 чэрвеня на заводзе была створаная дэлегацыя для адпраўкі ў Варшаву на перамовы, якія адбыліся 26 чэрвеня. Познаньскія дэлегаты ставілі пытанні аб выплаце прэмій, павышэнні зарплат, зніжэнні цэн на прадукты харчавання. Рабочыя атрымалі абяцанне, што іх праблемы будуць вырашаныя.

Аднак 27 чэрвеня ў Познань прыбыў міністр машынабудавання, які паведаміў, што абяцанні выкананыя не будуць. Гэта выклікала абурэнне працоўных, якія пасля варшаўскіх дамоўленасцяў лічылі пытанні вырашанымі.

28 чэрвеня на прадпрыемстве пачалася спантанная забастоўка. Рабочыя выйшлі на вуліцу і накіраваліся ў бок гарадской адміністрацыі. Нефармальны лідар заводскага пратэсту Станіслаў Матыя праз гады ўспамінаў, як пачалася маніфестацыя.

- Прагучаў заводскі гудок і мы выйшлі на вуліцу. Гэта было прыкладна а 06:10. Насупраць варотаў прадпрыемства былі кватэры, людзі нас віталі і махалі рукамі. Многія пачалі далучацца, далучалася моладзь. А праз гадзіну я ўбачыў на вуліцы людзей у турэмных робах і зразумеў, што турма была ўзятая.

Да заводскіх рабочых далучыліся працаўнікі гарадскога транспарту, чыгуначнікі, тэкстыльнай фабрыкі і шэрагу іншых прадпрыемстваў. Неўзабаве маніфестацыя налічвала 100 тыс. чалавек.

Да маніфестантаў выйшаў першы сакратар ваяводскага партыйнага камітэту, але рабочыя адмовіліся з ім размаўляць, патрабуючы перамоў з прэмʼер-міністрам ПНР. Яны лічылі, што толькі Варшава можа вырашыць іх пытанні.

У цэлым на пачатку дэманстрацыя праходзіла мірна, пра што нават пісалі ў рапартах прадстаўнікі міліцыі. Аднак частка партыйнай наменклатуры і сілавікоў звярнуліся ў Варшаву з просьбай выкарыстаць міліцыю і нават войска для разгону дэманстрацыі, назваўшы пратэстоўцаў «фашысцкімі баевікамі».

Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej

Змяніўся таксама настрой маніфестантаў, якія зразумелі, што ўлады не збіраюцца рэалізаваць іх сацыяльна-эканамічных патрабаванняў. Да тыпова эканамічных лозунгаў тыпу «Мы хочам хлеба!», «Мы хочам жыць як людзі!», «Патрабуем павышэння заробку!» былі далучаныя тыпова палітычныя лозунгі: «Далоў эксплуатацыю працы!», «Далоў чырвоную буржуазію!», «Далоў рускіх і Маскву!». Пратэстоўцы прарваліся ў будынак мэрыі, партыйнага камітэту і гарадской міліцыі. Была знішчаная апаратура, якая глушыла заходнія радыёстанцыі, а міліцыя і ахова былі раззброеныя. У пратэстоўцаў зʼявілася зброя.

Чэрвень 1956 года, Познань. Пратэстоўцы ля захопленага танка. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej Чэрвень 1956 года, Познань. Пратэстоўцы ля захопленага танка. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej

Недзе каля 11:00 гадзіны пачаліся сутыкненні. Для падаўлення паўстання былі кінутыя міліцыя, спецслужбы, курсанты Познаньскага вайсковага вучылішча і рэгулярныя войскі. Дарэчы, ініцыятарам выкарыстання рэгулярных вайсковых часцей супраць пратэстоўцаў выступіў маршал Канстанцін Ракасоўскі, які ў тыя часы займаў пасаду міністра абароны Польшчы.

Агульная колькасць вайскоўцаў, якія былі выведзены для падаўлення «Познаньскага чэрвеня», складала амаль 10 тыс. чалавек пры 359 танках, 67 бронетранспарцёрах і самаходных артылерыйскіх устаноўках.

Быў аддадзены загад страляць на паражэнне. Менавіта гэты момант лічыцца пераломным у падзеях – прымяненне баявой зброі.

Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej Чэрвень 1956 года, Познань. Крыніца: Instytut Pamięci Narodowej

Колькасць загінулых у познаньскіх падзеях вызначаецца ў 58 чалавек, хоць некаторыя гістарычныя крыніцы называюць лічбу ў 70 чалавек. Восем чалавек – гэта загінулыя прадстаўнікі сілы падаўлення.

Колькасць параненых вызначаецца менш дакладна, але вылічаецца сотнямі пратэстоўцаў і дзясяткамі прадстаўнікоў урадавых сіл. Арыштаваныя былі некалькі сотняў чалавек.

Пазней пачаліся судовыя пратэсты. Многіх прыгаварылі да розных тэрмінаў зняволення.

У выніку Познаньскага паўстання ўладам прыйшлося пайсці на саступкі і рэалізаваць шэраг сацыяльна-эканамічных патрабаванняў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу