Беларуская Служба

«Урад у выгнанні — гэта каргакульт». Андрэй Ягораў крытыкуе Офіс Ціханоўскай

30.06.2025 16:11
Андрэй Ягораў мяркуе, што рух апазіцыі павінен быў развівацца ў іншы бок — не да пастаяннага замацавання асобных фігур, а да самарэструктурызацыі.
Аўдыё
  • «Урад у выгнанні — гэта каргакульт»: крытыка Андрэя Ягорава ў бок Офіса Ціханоўскай
Андрэй Ягораў.

Спікер Каардынацыйнай рады мінулага склікання, палітолаг Андрэй Ягораў крытыкуе сучасны падыход беларускай апазіцыі да барацьбы з аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. У размове з Беларускай службай Польскага радыё дзеяч выказаў меркаванне, што паводзіны каманды Ціханоўскай апошніх гадоў нагадваюць «палітыку тысячы замежных візітаў», але не «палітыку тысячы ўдараў па рэжыме».

«Беларуская апазіцыя сышла ў вельмі абмежаваную стратэгію: санкцыі,  распрацоўка рэформаў у стол, дапамога ахвярам. Але гэтага недастаткова, каб зрушыць рэжым. Мы закансерваваліся ў вобразе ахвяры і губляем суб’ектнасць», — адзначыў Ягораў.

На яго думку, пасля 2020 года дэмакратычныя сілы страцілі магчымасць уплываць на ўнутрыпалітычную сітуацыю, і замест таго, каб прызнаць гэта, працягнулі будаваць сімвалічныя канструкцыі, як, напрыклад, «ўрад у выгнанні». «Калі мы гаворым пра Кабінет, то трэба шчыра прызнаць: гэта не ўрад у выгнанні, а гэта больш нагадвае каргакульт», — заявіў палітык.

Ягораў мяркуе, што рух апазіцыі павінен быў развівацца ў іншы бок — не да пастаяннага замацавання асобных фігур, а да самарэструктурызацыі. «Замест легітымацыі аднаго лідарства трэба было будаваць сістэму зменнай адказнасці, дэмакратычных працэдур, стрымак і процівагаў. Інакш дэмакратыя пераўтвараецца ў дэмакратуру», — падкрэсліў ён.

Эксперт прапануе арыентавацца на досвед сіянісцкага руху канца XIX стагоддзя. «Габрэі, не маючы дзяржавы, стварылі дакладную, лаканічную праграму — Базэльскую дэкларацыю. Яна складалася з чатырох пунктаў: гуртавання міграцыі, самаарганізацыя, культурная праца і міжнародная падтрымка. Мы павінны зрабіць нешта падобнае для беларусаў», — адзначыў Ягораў.

Палітык таксама звярнуў увагу, што шмат у чым беларусы ўсё яшчэ глядзяць на рэчаіснасць праз прызму расійскага ўплыву. «Нам трэба пазбавіцца маскоўскай оптыкі. Пакуль мы не пераможам Маскву ў сваёй галаве, Беларусь не стане самастойнай», — сказаў ён, згадаўшы вядомы заклік філосафа Уладзіміра Мацкевіча: «Масква павінна быць разбурана — перш за ўсё ў свядомасці беларусаў».

Андрэй Ягораў заклікае да асэнсавання новай рэальнасці, у якой беларусы мусяць існаваць як нацыя ў выгнанні, без кантролю над уласнай тэрыторыяй.

Размову з беларускім палітыкам цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!

эж