Беларуская Служба

Расійскі ўдар па Польшчы. Афіцэр выведкі мае дрэнныя навіны

10.07.2025 11:00
Расіяне павялічаць колькасць гібрыдных атак на Польшчу, дыверсіі будуць адбывацца ўсё часцей. Гэта папярэджанне аднаго з вядучых польскіх палітыкаў з кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай абароны.
 ,            .
Афіцыйна даказана, што да пажару ў гандлёвым цэнтры на вуліцы Марывільская датычныя расійскія спецслужбы. X.com / PSP

Польшчу чакаюць чарговыя пажары? Не толькі. Пра гэта расказвае маёр Роберт Хэда, былы аналітык Агенцтва выведкі.

Усё часцей мы даведваемся, што за падазронымі пажарамі ці выбухамі стаяць расійскія спецслужбы. Так здарылася, напрыклад, у выпадку пажару ў вялікім гандлёвым цэнтры на вуліцы Марывільскай у Варшаве. Восенню мінулага года стала вядома, што расійскія спецслужбы стаялі за планаваннем атакі на вроцлаўскую фабрыку.

«На падставе наяўнай інфармацыі варта меркаваць, што Польшча застаецца адным з прыярытэтных напрамкаў цікавасці і дыверсійнай актыўнасці расійскіх спецслужбаў. У агляднай перспектыве сітуацыя бяспекі ў сферы такіх дзеянняў, верагодна, застанецца на высокім узроўні пагрозы з тэндэнцыяй да росту», – паведаміў у адказ на дэпутацкі запыт намеснік міністра нацыянальнай абароны Павел Бэйда.

Палітык растлумачыў, што дзеянні расіян упісваюцца ў канцэпцыю фарміравання прагназуемага асяроддзя барацьбы, а адным з галоўных напрамкаў дзеянняў агрэсіўнага суседа будзе дэзарганізацыя функцыянавання структур польскай дзяржавы.

Расіяне таксама будуць імкнуцца выклікаць у палякаў пачуццё пагрозы.

Маёр Роберт Хеда, былы афіцэр Агенцтва выведкі, які шмат гадоў працаваў на тэрыторыі Расіі, мяркуе, што Польшча будзе галоўнай мэтай расійскіх дыверсійных дзеянняў, і гэта вынікае з палітычнага разліку.

«Галоўны расійскі ўдар будзе накіраваны на Польшчу, а не на Літву ці Малдову, бо без Польшчы няма ўсходняга фланга НАТА, а таксама няма мабілізацыі Еўропы. А калі гэтага не будзе, то расіяне маюць адкрыты шлях да заключэння двухбаковых пагадненняў, адрывання еўрапейскіх дзяржаў, такіх як Венгрыя, Славакія. І таму чым большы хаос і падзелы яны выклічуць у нас, тым для іх лепш. Яны распальваюць нянавісць людзей да людзей, у чым ім дапамагае наш палітычны клас», – кажа Роберт Хэда.

Адным з элементаў выклікання недаверу да ўласнай дзяржавы па-ранейшаму застануцца фізічныя дыверсіі. Мэта іх арганізацыі простая – паказаць людзям, што дзяржава не спраўляецца і не ў стане гэта прадухіліць.

Ужо сёння можна скласці ўражанне, што расіянам часткова ўдалася запланаваная аперацыя, а сведчыць пра гэта колькасць абвінавачванняў у нібыта прарасійскасці, якая з'яўлялася падчас мінулай выбарчай кампаніі. Такія абвінавачванні выстаўлялі супраць сваіх палітычных канкурэнтаў палітыкі амаль усіх палітычных партый, разглядаючы іх як інструмент, якім можна ўдарыць заўсёды і ўсюды. Наплыў падобных абвінавачванняў прывёў да таго, што не толькі людзі пачалі да іх прывыкаць, але і перасталі верыць словам палітыкаў, якія абвінавачваюць сваіх канкурэнтаў у прарасійскасці. А гэта, як ацэньвае эксперт, вада на млын расійскіх дэзінфармацыйных дзеянняў. На гэтым расіяне аднак не спыняцца.

«Удар па сацыяльных структурах мае на мэце галоўным чынам падарваць давер да палітычных эліт. І гэта ўжо ўдалося. Далей яны могуць таксама атакаваць, фабрыкуючы кампраметуючыя сувязі аднаго ці другога боку, а лепш абодвух, каб увесці новую, прарасійскую сілу. Нават калі яшчэ яе на гарызонце не заўважна, бо яны гуляюць на доўгія дыстанцыі», – кажа Роберт Хэда.

Паводле яго ацэнкі, не выключана, што неўзабаве зʼявіцца нейкая палітычная сіла, якая будзе звяртацца да розуму так званага народа, каб адхіліць ад улады скампраметаваныя эліты. І ў ёй можна будзе шукаць расійскі след.

«Такая сіла вырасце. Мы знаходзімся ў вельмі дрэннай сітуацыі, а я маю ўражанне, што ніхто над гэтым не пануе. Хаос – выдатнае асяроддзе для аператыўных дзеянняў», – падсумоўвае эксперт.

Паводле gazetaprawna.pl/вх