Беларуская Служба

Павал Усаў: Рэакцыя на беспілотнікі - заўсёды будзе нярвовай

30.07.2025 14:51
29 ліпеня ў мінскім мікрараёне Дамброўка разбіўся беспілотнік. Ён урэзаўся ў жылы дом, але не выбухнуў. Следчы камітэт паведамляе, што беспілотнік быў з выбухоўкай.
Аўдыё
  • Павал Усаў: Рэакцыя на беспілотнікі - заўсёды будзе нярвовай
Павал Усаў.

Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра затрыманне людзей побач з мінскім дваром на Матусевіча 72, дзе сёння ўначы ўпаў беспілотнік. Вядома, што на месцы здарэння знаходзіцца вялікая колькасць сілавікоў, якія затрымліваюць мінакоў і жыхароў раёну. Верагодна, сілавікі шукаюць тых, хто перадаваў інфармацыю аб інцыдэнце ў незалежныя медыя.

Сітуацыя для цывілізаванай краіны абсалютна неверагодная. Палітолаг Павал Усаў тлумачыць, чаму адбываецца менавіта такая рэакцыя на падзенне беспілотніка:

- Такая палітыка звязаная з пэўнымі падыходамі. Заўсёды лукашэнкаўскія ўлады такім чынам рэагавалі на надзвычайныя сітуацыі, з беспілотнікамі ў прыватнасці. Як толькі з’яўляліся здымкі пра падзенне беспілотнікаў у Гомельскай вобласці, улады спрабавалі запалохваць насельніцтва, арыштоўвалі за распаўсюд інфармацыі. Усё гэта для таго, каб захаваць ілюзію стабільнасці і адсутнасці пагроз. Увесь час, колькі ідзе вайна, Лукашэнка ўсяляк намагаецца паказаць, што нішто Беларусі не пагражае. У сваю чаргу такія здарэнні паказваюць няздатнасць уладаў захаваць бяспеку паветранай прасторы ў Беларусі. Узнікае пытанне, чаму так здарылася? Гэта відавочна быў расійскі беспілотнік, якія рэгулярна залятаюць у Беларусь. Лукашэнка баіцца рэагаваць адэкватна і збіваць расійскія беспілотнікі. Абвінаваціць Украіну – гэта фактычна ўвайсці ў стан вайны. Гэта можа прывесці да таго, што беспілотнікі пачнуць лятаць і над рэзідэнцыяй Лукашэнкі. У любым выпадку гэта паказвае бездапаможнасць уладаў і сведчыць пра сталую пагрозу для жыхароў Беларусі.

У далучаным гукавым файле - поўны каментар.

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка