У пятніцу, 1 жніўня, Польшча плануе падпісаць дамову на пастаўку чарговых 180 паўднёвакарэйскіх танкаў K2 і 80 дапаможных машын. Агулам вартасць кантракта складае каля 7 мільярдаў долараў. Важнай часткай здзелкі стане перадача тэхналогій польскаму абарончаму прадпрыемству «Бумар-Лабэнды» ў Глівіцах.
Гэтая закупка дазволіць Польшчы да 2030 года мець больш за 1000 танкаў — больш, чым маюць цяпер на ўзбраенні разам Нямеччына, Францыя, Італія і Вялікабрытанія. Але, як адзначае выданне Rzeczpospolita, гэта ўсё яшчэ менш, чым у Расіі. Новая дамова будзе падпісаная амаль з гадавым спазненнем у параўнанні з першапачатковымі планамі міністра нацыянальнай абароны, віцэ-прэм'ера Польшчы Уладзіслава Касіняка-Камыша. Пастаўкі танкаў працягнуцца да 2030 года.
Першая дамова на закупку 180 машын была падпісаная яшчэ ў 2022 годзе, і ўжо больш за 100 K2 паступілі ў Польшчу. Новы кантракт прадугледжвае, што каля 60 машын будуць сабраныя на польскім заводзе «Бумар-Лабэнды». Акрамя таго, польскі абаронны сектар атрымае магчымасць займацца абслугоўваннем і мадэрнізацыяй карэйскіх танкаў.
У выданні Rzeczpospolita нагадваюць, што цяпер «Бумар-Лабэнды» мадэрнізуе 142 танкі Leopard 2A4 да ўзроўню 2PL. З улікам новай пастаўкі Польшча будзе валодаць 360 танкамі K2. Працягваюцца таксама пастаўкі замоўленых раней 250 амерыканскіх Abrams M1A2 SEPv3, якія павінны завяршыцца да канца 2026 года. Разам з імі ў Польшчы ўжо знаходзяцца 116 танкаў Abrams M1A1 і 235 танкі Leopard 2.
Выданне «Rzeczpospolita» адзначае, што да 2030 года Польшча будзе мець звыш 950 сучасных танкаў, а таксама больш за 100 айчынных PT-91 Twardy. Для параўнання, такія краіны, як Нямеччына, Францыя, Італія і Вялікабрытанія, на сённяшні дзень валодаюць толькі 200–300 танкамі кожная. Сярод краін NATO найбольшай колькасцю танкаў вылучаюцца Грэцыя і Турцыя — адпаведна больш за тысячу і больш за дзве тысячы адзінак. Аднак, як падкрэсліваецца, значная частка гэтых машын — састарэлыя.
— Незалежна ад таго, ці ўдасца Польшчы цалкам рэалізаваць свае амбіцыйныя планы, калі да 2022 года мы ўжо былі танкавай сілай у Еўропе але з састарэлай тэхнікай, дык неўзабаве станем танкавым гігантам з найноўшым узбраеннем, — падсумаваў Марыюш Цельма, галоўны рэдактар выдання Nowa Technika Wojskowa.
эж