Беларуская Служба

Палітолаг: Наўроцкі паспрабуе паказаць, што ён жорсткі і незалежны прэзідэнт

07.08.2025 15:11
Адразу пасля інаўгурацыі Караль Наўроцкі ў сваім звароце раскрытыкаваў Раду міністраў і абвясціў пра намер унесці змены ў Канстытуцыю.
                , 6  2025 .
Абраны прэзідэнт Караль Наўроцкі з жонкай Мартай Наўроцкай пасля прыняцця прысягі ў зале пасяджэнняў Сейма ў Варшаве, 6 жніўня 2025 г. PAP/Paweł Supernak

Выглядае, што ў вышэйшых урадавых колах чакаюцца няпростыя часы супрацьстаяння, бо прэзідэнт прадстаўляе правыя, кансерватыўныя погляды, а кіруючая кааліцыя – ліберальныя левыя. Што мяркуюць эксперты пра палітыку новага прэзідэнта Польшчы?

Караль Наўроцкі быў афіцыйна прыведзены да прысягі ў якасці прэзідэнта Рэспублікі Польшча. Цырымонія адбылася ў Сейме ў прысутнасці дэпутатаў, міністраў, прэм'ер-міністра.

Пасля прыняцця прысягі Наўроцкі выступіў з прамовай, у якой абвясціў аб працы над новай канстытуцыяй і стварэнні рады па рэканструкцыі палітычнай сістэмы. Ён таксама рэзка раскрытыкаваў урад Дональда Туска, абвінаваціўшы яго ў парушэнні закона і адмове ад вяршэнства закона. У сваім звароце прэзідэнт звярнуўся да грамадзян, якія, паводле яго слоў, сёння адчуваюць расчараванне і страту. Ён падкрэсліў свой намер быць іх голасам і гарантам суверэнітэту. Ён таксама абвясціў пра змены ў судовай сістэме і адміністрацыі, не хаваючы, што яго тэрмін будзе характарызавацца рашучымі дзеяннямі і барацьбой за «дзяржаву справядлівасці».

Зварот сустрэў хуткую рэакцыю прэмʼер-міністра Дональда Туска, які ахарактарызаваў прамову як канфрантацыйную і абвясціў, што ўрад будзе рашуча абараняць канстытуцыю.

Палітолаг доктар Дамінік Шчэпаньскі з Жэшаўскага ўніверсітэту мяркуе, што Караль Наўроцкі паспрабуе паказаць, што ён жорсткі і незалежны прэзідэнт. Яго галоўным ворагам будзе прэмʼер-міністр Дональд Туск.

Нягледзячы на тое, што Наўроцкі зʼяўляецца прыхільнікам правых, ён паспрабуе стварыць свой уласны палітычны цэнтр, мяркуе палітолаг Дамінік Шчэпанскі:

– Тут, канешне, думаю пра асяроддзе вакол Кшыштафа Басака, асяроддзе нацыянальнага руху, які з’яўляецца вельмі прапісаўскім і блізкім да Караля Наўроцкага. Таму думаю, што пытанне выбудоўвання ўласнай незалежнасці, гэта як бы сарвацца з лейцаў, ёсць на руку Каралю Наўроцкаму.

Міраслаў Очкась з Варшаўскай школы эканомікі, мяркуе, што Караль Наўроцкі паспрабуе пашырыць прэзідэнцкія прэрагатывы, а ўчорашняе абвяшчэнне паправак да канстытуцыі мае на мэце падрыхтаваць грамадзян да прэзідэнцкай сістэмы.

Міраслаў Очкась таксама выказаў думку, што Караль Наўроцкі «падыходзіць» да ролі моцнага лідара дзякуючы сваёй асобе і мандату, які ён атрымаў на прамых выбарах. Эксперт звярнуў увагу, што палякі прыхільна ставяцца да пасада прэзідэнта, і многія выбарцы могуць негатыўна паставіцца да непаразуменняў ва ўрадзе:

– Гэта не ёсць немагчымым, сітуацыя можа пераканаць частку палякаў у тым, каб узмацніць магчымасць прэзідэнта, бо гэтыя не могуць дамовіцца, марудзяць, а прэзідэнт прыходзіць, мы яго абралі, ён моцны палітык і нам такі патрэбны. Тым больш ёсць пагрозы, вайна, невядома што. А другі момант такі, што Караль Наўроцкі падыходзіць да гэтага як асоба. І што б там не адбывалася, то гэты не саступіць! І Наўроцкі ёсць добрым адказам для тых, хто патрабуе моцнай рукі.

Прэмʼер-міністр Дональд Туск, які прадстаўляе ліберальнае палітычнае крыло Польшчы, запрасіў Караля Наўроцкага да супрацоўніцтва. Прэмʼер-міністр заявіў, што ўжо працаваў з трыма прэзідэнтамі, і кожны раз гэта была складаная задача. Аднак Туск папярэдзіў, што калі Караль Наўроцкі будзе крытыкаваць працу ўрада, на гэта трэба чакаць рэакцыю:

– Паўсюль, дзе прэзідэнт будзе хацець дапамагчы, я буду вітаць з абдымкамі яго гатоўнасць да супрацоўніцтва. Але паўсюль, дзе захоча перашкаджаць, ён убачаць нормы канстытуцыі, хто кіруе ў дзяржаве. Я буду ў гэтым паслядоўны і, як будзе патрэбна, бескампрамісны.

Важнае пытанне, якое хвалюе многіх, якой будзе палітыка Польшчы ў дачыненні да Украіны. Бо цяпер Польшча – важны саюзнік і партнёр для Кіева.

«Палітыку Анджэя Дуды ў дачыненні да Украіны павінен працягваць наступны прэзідэнт», так мяркуе доктар Дарыюш Матэрняк, эксперт па ўсходніх справах. Ён падкрэсліў, што папярэдні прэзідэнт актыўна працаваў у справе падтрымкі Кіева:

– У далейшым важна, каб Украіна засталася самастойнай краінай, была ў стане сябе абараніць. Змянілася асоба на пасадзе, але не змяніліся інтарэсы. Таму чакаў бы, што будзем мець працяг палітыкі, якую праводзілі да гэтага.

У сваім першым звароце Караль Наўроцкі не ўздымаў пытанне Украіны. Але перад уступленнем на пасаду ён размаўляў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім аб супрацоўніцтве і далейшай падтрымцы сваёй краіны ў вайне з Расіяй.

Палітолаг Павал Усаў мяркуе, што ў дачыненні да Беларусі і да беларусаў палітыка Польшчы таксама не зменіцца са зменаю прэзідэнта. Ён нагадвае, што рашэнні ўсё ж прымае ўрад. Але разам з тым звяртае ўвагу на пашырэнне антымігранцкіх настрояў, якія пакуль закранаюць найперш украінцаў. У перспектыве гэта трывожны знак, і Караль Наўроцкі таксама ў перадвыбарчых выступах выразна артыкуляваў антымігранцкія тэзы, і адкрытым застаецца пытанне, у што гэта выльецца на практыцы.

вх