Беларуская Служба

Палітычная нацыя і пагібельны ўплыў Расіі: Беларусь у новым гістарычным пункце

11.08.2025 15:59
Беларусь пяць гадоў пасля пратэстаў: залежнасць ад Расіі, роля дыяспары і нязваротнае нараджэнне палітычнай нацыі.
Аўдыё
  • Палітычная нацыя і ўплыў пагібельны ўплыў Расіі: Беларусь у новым гістарычным пункце
Ілюстрацыя Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

У Варшаве прайшла двухдзённая канферэнцыя «Новая Беларусь», прымеркаваная да пятай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Ужо чацвёрты раз яе арганізоўваў Офіс Святланы Ціханоўскай. Сустрэча сабрала прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, экспертаў, актывістаў і дыпламатаў заходніх краін.

Сярод асноўных тэм — становішча ў Беларусі праз пяць гадоў пасля масавых пратэстаў, пошук новых стратэгій дзеянняў і пытанні рэгіянальнай бяспекі.

«Беларусь — ужо не асобны сюжэт»

Эканаміст Зміцер Крук адзначыў, што сёння Беларусь нельга разглядаць як адасобленую гісторыю барацьбы дэмакратыі з дыктатурай:

— Мы страцілі магчымасць глядзець на Беларусь як на самастойны сюжэт, дзе дабро змагаецца супраць зла. У 2020 годзе ўсё было зразумела: дыктатура супраць дэмакратыі, супраць свабоды. Але тое, што здарылася пазней, ужо не залежала толькі ад нас. Мы сталі часткай больш шырокага сцэнара, звязанага з уплывам Расіі. Гэта прызнаецца сёння ў шэрагу прамоў, але, на мой погляд, не на патрэбным узроўні асэнсавана.


Паводле Крука, пасля 2022 года стала відавочна, што лёс Беларусі непасрэдна звязаны з расійскім чыннікам:

— Калі раней казалі, што змяніць уладу ў Беларусі можна ўнутранымі высілкамі, то цяпер гэта далёка не факт. Сцэнар, калі дэмакратызацыя Беларусі адбываецца ў выніку ўнутранага ўдару па рэжыму, быў бы ідэальным. Але, на жаль, найбольш рэалістычным выглядае іншы: стратэгічная параза і значнае аслабленне Расіі, пасля чаго змены прыйдуць і да нас.

Зміцер Крук падкрэсліў, што галоўная стратэгічная задача на сёння — выцягнуць Беларусь з сферы ўплыву Расіі або хаця б зменшыць гэтую залежнасць.

«Маўклівая большасць у выгнанні»

Сузаснавальнік і галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка нагадаў, што за апошнія гады Беларусь пакінуў беспрэцэдэнтна вялікі працэнт насельніцтва:

— Па мінімальных ацэнках, гэта каля паўмільёна чалавек, і гэта не толькі палітычныя актывісты ці мігранты, гэта вельмі рэпрэзентатыўная частка грамадства. Нам часта кажуць, што мы не маем доступу да людзей унутры краіны. Але ўсе гэтыя, хто з’ехаў, маюць родных, сяброў, знаёмых, з якімі рэгулярна кантактуюць. Гэтая сетка камунікацыі працуе нават мацней за ўсе незалежныя медыі разам узятыя.

Фёдар Паўлючэнка называе гэтых людзей, разам з тым хто застаўся ў Беларусі, «маўклівай большасцю» — але не ў сэнсе пасіўнасці, а як патэнцыйную сілу перамен.

— Яны ўжо не тыя, што ў 2020-м. Большасць беларусаў на выгнанні знайшла працу, будуе кар’еру, выхоўвае дзяцей. Ім патрэбна прадстаўніцтва. Гэта людзі, якія могуць вольна гаварыць, асабліва за мяжой. Іх голас павінен гучаць мацней. На мой погляд, менавіта праз гэтых людзей прыйдуць перамены ўнутры Беларусі. Гэта не проста эмігранты, гэта пласт людзей, якія захавалі свае каштоўнасці і памяць пра падзеі 2020 года, гэта тычыцца і значнай часткі тых, хто застаўся там. І менавіта яны здольныя змяніць краіну.

«2020 год — народзіны палітычнай нацыі»

Эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што падзеі пяцігадовай даўніны былі не проста пратэстамі абураных грамадзян, а сапраўднай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, падчас якой нарадзіўся сучасны палітычны народ:

— Гэта ніякае не паўстанне, як некаторыя кажуць. Калі глядзець на паліталагічныя вызначэнні, то гэта класічная буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Лукашэнка выбудаваў феадальную сістэму — і палітычную, і эканамічную. Вынік такіх рэвалюцый — нараджэнне палітычнай нацыі. Менавіта гэта і адбылося: ператварэнне народа ў палітычную нацыю.

Чалы нагадвае, што ў 2020 годзе ўпершыню ў гісторыі Беларусі ўдалося сфармаваць шырокую кааліцыю з людзей з рознымі поглядамі, аб’яднаных адной мэтай — перамогай над Лукашэнкам:

— Гэтая перамога адбылася, але была скрадзеная. Пасля пачаўся перыяд жорсткай рэакцыі. Цяпер ужо ніхто не сумняваецца, што рэжым трымаецца выключна на гвалце — і гэтая машына працуе аўтаматычна.

Паводле Сяргея Чалага, беларускі выпадак стаў мяжой для «доўгай хвалі» аксамітных рэвалюцый.

— Яны працуюць толькі там, дзе ўлады хоць трохі абмежаваныя ў гатоўнасці страляць у свой народ, маюць хоць трошачкі сумлення. Калі гатовыя — як у нас або ў Казахстане (пра які дарэчы імгненна ўсе забыліся) — іх проста душаць сілай. Але станоўчы момант у тым, што працэс нараджэння палітычнай нацыі ўжо не спыніць. Краіну, якая прачнулася, вярнуць у мінулае ўжо немагчыма.

Словы экспертаў дазваляюць зрабіць некалькі высноў. Па-першае, сёння Беларусь знаходзіцца ў моцнай залежнасці ад Расіі, і гэта галоўная перашкода для дэмакратычных перамен. Па-другое, за апошнія гады сфармавалася моцная і ўплывовая дыяспара, якая здольная быць драйверам змен у будучыні. Па-трэцяе, падзеі 2020 года хоць і не прывялі да змены ўлады, але сталі гістарычнай кропкай, калі беларусы ўпершыню адчулі сябе адзінай палітычнай нацыяй.

Слухайце аўдыё! 

эж