Беларуская Служба

Што прынясе сустрэча Пуціна і Трампа? Польскі генерал не мае ілюзій

13.08.2025 11:32
«Трамп вывеў Пуціна з ізаляцыі і вядзе з ім перамовы так, быццам верыць, што той будзе выконваць дамоўленасці».
.
.Shutterstock/studioflara

Свет чакае пятнічнай сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа на Алясцы. Некаторыя каментатары гавораць пра новую Ялту (адна з сустрэч у 1945 годзе лідараў краін антыгітлераўскай кааліцыі, дзе вызначалі новы пасляваенны сусветны парадак, – рэд.), падзелу свету паміж звышдзяржавамі, піша forsal.pl. Аднак генерал Раман Полька суцішвае такія гучныя прагнозы. Ён мяркуе, што сустрэча паміж лідарамі Расіі і ЗША ні да чаго не прывядзе.

«На маю думку, гэтыя перамовы ні да чаго не прывядуць, таму што, на жаль, прэзідэнт Трамп спыніў тое, што развівалася ў станоўчым кірунку: гэтую доўгую вайну, дэ-факта халодную вайну, гэты доўгі марш, які прэзідэнт Байдэн абвясціў у Каралеўскім замку. Гэта трэба было працягваць. Прэзідэнт Трамп фактычна вывеў Пуціна з ізаляцыі і вядзе з ім перамовы, быццам верыць, што Пуцін будзе выконваць любыя падпісаныя пагадненні», – заявіў генерал Раман Полька.

У сакавіку 2022 года падчас прамовы ва ўнутраным двары Каралеўскага замка ў Варшаве Джо Байдэн запэўніў амерыканцаў у салідарнасці з украінцамі і адзначыў, што барацьба Украіны з'яўляецца часткай больш шырокай барацьбы за фундаментальныя прынцыпы дэмакратыі. «У гэтай бітве, якая працягваецца, мы павінны быць яснымі, таму што мы не выйграем гэтую бітву за дні ці месяцы. Мы павінны падрыхтавацца да доўгай барацьбы», – сказаў тагачасны прэзідэнт ЗША.

«За пагадненнямі павінна стаяць сіла»

Генерал Раман Полька падкрэсліў, што ўсе пагадненні і дамоўленасці з Расіяй «павінны быць падмацаваныя сілай», інакш «гэта будуць чарговыя Мінскія пагадненні, якія па сутнасці прывялі да поўнамаштабнай агрэсіі пасля 2014 года». Ён падкрэсліў, што «для бяспекі Рэспублікі Польшча вельмі важна, каб Украіна служыла буферам, які аддзяляе нас ад Расіі».
 
Візіт Караля Наўроцкага ў Вашынгтон
 
Генерала таксама спыталі пра паведамленні пра тое, што прэзідэнт Караль Наўроцкі паспрабуе пераканаць прэзідэнта ЗША павялічыць прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы. Эксперт адзначыў, што падтрыманне добрых адносін мае вырашальнае значэнне. Трамп запрасіў прэзідэнта Польшчы ў Белы дом на сустрэчу 3 верасня.
«Я спадзяюся, што тут прэзідэнт, міністр замежных спраў, прэмʼер-міністр і міністр нацыянальнай абароны сядуць разам і дамовяцца аб стратэгіі, каб пераканаць Злучаныя Штаты прыняць наш погляд на тое, што адбываецца на паўночна-ўсходнім флангу НАТА», – сказаў Полька.

Ён падкрэсліў, што «мы не можам стварыць сітуацыю, калі ў прэзідэнта Трампа будзе складацца ўражанне, што ў Польшчы ёсць розныя цэнтры, кожны з якіх гаворыць розным голасам».

вх