На мінулым тыдні ўвесь свет гудзеў ад чакання пятнічнай сустрэчы Трампа і Пуціна на Алясцы. Чырвоная дарожка і крамлёўскі дыктатар у святле рэфлектараў, натуральна, выклікалі вялікае зацікаўленне сусветнай грамадскасці. Яны, канешне, зацьмілі тэлефонны званок Дональда Трампа іншаму ўсходнееўрапейскаму дыктатару, самаабвешчанаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.
Аднак, з пункту гледжання Беларусі, даволі спрэчны крок вашынгтонскай адміністрацыі ў Анкарыджы не мог ніяк раўняцца з тым, што, за некалькі гадзін да сустрэчы на Алясцы з Пуціным, прэзідэнт ЗША па ўласнай ініцыятыве патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку, затым назваў яго «паважаным прэзідэнтам» у пісьмовай заяве і абвясціў аб магчымым хуткім вызваленні 1300 чалавек з беларускіх турмаў. Гэта было як гром сярод яснага неба, выклікала шквал дыскусій у асяроддзі беларускай апазіцыі і выбух захаплення ў прапагандысцкіх сіл рэжыму.
Прапагандысты Лукашэнкі сцвярджалі, што ЗША нарэшце прызналі легітымнасць афіцыйнага ўрада ў Беларусі — і цяпер «у несамастойнай Еўропы» не застанецца іншага выбару, як зрабіць тое ж самае. Ваяўнічая частка беларускай апазіцыі крычала, што гэта здрада, што Трамп далучыўся да клубу дыктатараў і перайшоў на бок Пуціна, маўляў, для нас усё скончана, ды і для Украіны таксама.
Больш разумная частка крытыкаў Лукашэнкі заклікала да ўзважанага падыходу да сітуацыі — бо Трамп хваліцца перад усімі, што ён «майстар здзелак». Яны казалі, напрыклад, пра магчымае вяртанне экспарту дагэтуль падсанкцыйнага беларускага калію, неабходнага ЗША перад абліччам гандлёвай вайны з Канадай – як магчымую плату за гэты відовішчны публічны жэст. Канада, разам з Беларуссю і Расіяй, з'яўляецца лідарам у здабычы і экспарце калійных угнаенняў. А значная частка электарату амерыканскага «спецыяліста па здзелках» – гэта фермеры.
Некаторыя назіральнікі ў Беларусі нават сцвярджалі, што Трамп праз Лукашэнку проста хацеў нешта перадаць Пуціну за некалькі гадзін да сустрэчы на Алясцы, і што ён зусім не ставіўся да беларускага дыктатара як да суб’екта, а толькі як да хлопчыка на пабягушках.
Лічба ў 1300 “асоб”, як сказаў Трамп, цалкам невыпадкова блізкая да колькасці людзей, афіцыйна прызнаных палітычнымі зняволенымі рэжыму Лукашэнкі. Варта згадаць, што раней, пасля таго, як афіцыйныя сувязі ЗША з Мінскам былі размарожаныя, Лукашэнка ўжо вызваліў 16 палітычных зняволеных, у тым ліку мужа лідаркі беларускага апазіцыйнага руху Святланы Ціханоўскай - Сяргея. Трэба пры гэтым дадаць і тое, што ён адразу ж загадаў дэпартаваць з краіны ўсіх – нават тых, хто не меў ніякага іншага грамадзянства, акрамя беларускага.
З мінулай пятніцы прайшло некалькі дзён, а з Мінска не паступала ніякіх новых навін аб магчымым вызваленні людзей, зняволеных за свае палітычныя погляды. Вайна ва Украіне зноў пачала дамінаваць у грамадскіх дыскусіях. Пасля адносна паспяховага візіту Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон разам з еўрапейскімі лідарамі ў панядзелак, рэжымная прапаганда ў Беларусі вярнулася да свайго звычайнага рытму.
У панядзелак беларуская і расійская прапагандысцкія каналы ў Telegram апублікавалі серыю фальшывых фотаздымкаў, генерыраваных штучным інтэлектам, на якіх еўрапейскія лідары нібыта сядзяць у калідоры Белага дома, пакорліва чакаючы заканчэння сустрэчы Трампа і Зяленскага за зачыненымі дзвярыма. Іх выразы твараў даволі змрочныя, і ў некаторых з іх на фота больш за дзве нагі. Але гэта не перашкодзіла больш чым дзясятку прапагандысцкіх каналаў апублікаваць гэты фэйк.
Відаць, прапагандысты Лукашэнкі з цяжкасцю ўспрымаюць цёплы прыём Зяленскага ў Вашынгтоне. А сімвалічныя ключы ад Белага дома, уручаныя прэзідэнту Украіны, ужо прыводзяць некаторых з іх у шаленства. Яны называюць Зяленскага «марыянеткай» і сцвярджаюць, што Украіна хутка стане ўласнасцю ЗША.
Але тая частка беларускай апазіцыі, што адрознівае адну кароткую бітву ад усёй доўгай вайны, як падаецца, зрабіла правільны вывад з усёй гэтай сітуацыі. Адзін з яе прадстаўнікоў напісаў у сацыяльных сетках: «Калі мы хочам пазбегнуць ацэньвання нас паводле таго, хто і калі нам тэлефанаваў, варта штодня будаваць сваю ўласную суб’ектнасць праз канкрэтныя дзеянні і, у той жа час, мець стратэгію на многія гады наперад». Вельмі правільная канстатацыя.
З Беларусі для Польскага радыё — Ян Кшыштаф Міхалак