Беларуская Служба

Дональд Трамп цісне на рэжым у Мінску. Ці пойдзе Аляксандр Лукашэнка па слядах Даніэля Артэгі?

26.08.2025 11:50
Ці тэлефонная размова паміж Трампам і Лукашэнлям, гэта поспех ці параза беларускай дэмакратычнай апазіцыі?
Дональд Трамп цісне на рэжым у Мінскуhttps://www.rp.pl/скрыншот

Беларускі дыктатар, які знаходзіцца ва ўладзе больш за тры дзесяцігоддзі, чакае зняцця санкцый у абмен на вызваленне палітычных зняволеных. Крыніцы газеты Rzeczpopolita не выключаюць, што неўзабаве будуць вызваленыя чарговыя закладнікі дыктатара.

Газета нагадвае, што больш за два гады таму, у лютым 2023 года, прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга вызваліў 222 палітычных зняволеных, у тым ліку былых канкурэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах, праваабаронцаў і журналістаў. Адразу пасля адкрыцця варот турмы ўсіх іх пасадзілі ў аўтобусы і адвезлі непасрэдна ў аэрапорт, дзе чакаў самалёт, прадастаўлены ўрадам ЗША. Адразу пасля дэпартацыі з краіны рэжым абвясціў іх «здраднікамі» і пазбавіў грамадзянства. Ці пойдзе Аляксандр Лукашэнка па слядах Даніэля Артэгі?

Пасля тэлефоннай размовы паміж Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам 15 жніўня, беларускі дыктатар не выключыў вызвалення чарговых палітвязняў і таго, што ягоныя размовы з амерыканцамі прывядуць да адмены санкцыяў, накладзеных, у тым ліку на авіялініі «Белавія» і кампанію «Беларуськалій» – найбуйнейшага ў Еўропе вытворцу калійных угнаенняў.

«Найважнейшая мэта Лукашэнкі – наладзіць добрыя адносіны з Трампам. Ён хоча выйсці з ізаляцыі» – кажа адзін з суразмоўцаў газеты.

Паводле Паўла Сапелкі з праваабарончага цэнтра «Вясна», сярод 1 300 палітычных вязняў у Беларусі, як мінімум, 30 патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі, бо іхны стан здароўя крытычны. У сваю чаргу ў спісе палітзняволеных, у якіх сур’ёзныя праблемы са здароўем – 190 прозвішчаў.

Цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца амаль усе лідары дэмакратычнай апазіцыі, сотні ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў 2020 года, актывістаў, дзясяткі журналістаў, у тым ліку, адзін з лідараў польскай меншасці Анджэй Пачобут, а таксама звычайныя грамадзяне, прысуджаныя да турэмнага зняволення, напрыклад, за непрыхільны для ўлады каментар у сацсетках.

«Нашая пазіцыя адназначная: спачатку Лукашэнка павінен вызваліць усіх палітвязняў, толькі пазней можна будзе гаварыць пра адмену санкцый. Дыктатару нельга давяраць», – перасцерагае былы амбасадар Беларусі ў Польшчы, а цяпер намеснік дэмакратычнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Павел Латушка.

Між тым, незалежны палітолаг Павел Усаў пераконвае, што званок Трампа ўжо вывеў Лукашэнку з міжнароднай ізаляцыі.«Гэта вялікі поспех Лукашэнкі і ўдар нанесены беларускай апазіцыі, у прыватнасці Святлане Ціханоўскай. Трамп вырашыў, што варта размаўляць з дыктатарам», – кажа Павел Усаў і канстатуе, што ў такой сітуацыі ўлада Лукашэнкі можа яшчэ доўга працягвацца.

У Oфісе Святланы Ціханоўскай да сітуацыі ставяцца па-другому. «Гэта вялікі поспех беларускай дэмакратычнай апазіцыі, што прэзідэнт Трамп патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў», – кажа ў размове з газетай Rzeczpopolita дарадчык Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

аз

Ціханоўская: Прымусовая дэпартацыя палітвязняў з краіны – гэта працяг палітычнага тэрору

23.08.2025 10:10
За кратамі сядзяць звычайныя беларусы – лекары, настаўнікі, студэнты, пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, нагадала Ціханоўская.