Беларуская Служба

Генерал Козей: Набліжаецца вырашальны момант для арміі і для Польшчы

27.08.2025 15:45
«Настаў час рэгуляваць дзеянні дзяржавы падчас вайны. Адсутнасць узаемнага даверу паміж прэзідэнтам і ўрадам, нават у галіне кіравання арміяй, выклікае занепакоенасць», — сказаў генерал Станіслаў Козей, былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі, у інтэрв'ю «Gazeta Wyborcza».
Генерал Станіслаў КозейPiotr Podlewski/Polskie Radio

Карэспандэнтка газеты Дарота Роман спытала, якім можа быць бачанне Наўроцкага адносна арміі, зыходзячы з яго дагэтуль зробленых заяў.

«Ён кажа пра неабходнасць тэхнічнай мадэрнізацыі. Ён таксама кажа пра памер арміі, тым самым працягваючы ранейшую філасофію партыі "Права і справядлівасць" у сваім падыходзе да войска. Пераважнай парадыгмай з'яўляецца колькасны падыход да арміі, а не якасны. Аднак у сённяшніх умовах і з улікам дэмаграфічнай сітуацыі ў Польшчы якасць войска значна важнейшая», падкрэслівае генерал Станіслаў Козей.

Карэспандэнтка газеты нагадала, што падчас перадвыбарчай кампаніі Караль Наўроцкі казаў пра імкненне стварыць армію не менш за 300 тысяч салдат. А 15 жніўня дадаў: «Я гатовы ствараць нават паўмільённую армію».

Генерал Козей мяркуе, што прэзідэнт Наўроцкі, калі кажа пра 300-тысячную армію, мае на ўвазе армію, якая дзейнічае ў мірны час.

«Аднак армія ваеннага часу ўключае армію мірнага часу плюс салдаты запасу — гэта зусім іншая справа», адзначае генерал і дадае, што арганізацыйным прыярытэтам пры пашырэнні ўзброеных сіл павінен быць прызыў і падрыхтоўка салдат запасу.

«Пры чым не толькі салдат, але і стварэнне асобных фарміраванняў, якіх у Польшчы зараз няма. Гэта брыгады і дывізіі, якія будуць камплектавацца салдатамі запасу ў ваенны час і якія ідуць за дзеючай арміяй у бой», - перакананы суразмоўца.

Генерал Станіслаў Козей мяркуе, што разважанні прэзідэнта пра тое, каб мець як мага большую дзеючую армію ў мірны час наўпрост паўплываюць на яе баявую і тэхнічную падрыхтоўку.

яс