Беларуская Служба

Што і каго правяраюць спецслужбы?

27.08.2025 16:15
Тысячы людзей у Польшчы, якія ніколі не праходзілі праверкi спецслужбаў, маюць доступ да інфармацыі вышэйшага ўзроўню, піша Пшэмыслаў Лесьняк у газеце Rzeczpospolita.
Супрацоўнік Агенцтва ўнутранай бяспекіDarek Delmanowicz/PAP

Пшэмыслаў Лесьняк — былы дырэктар Дэпартамента абароны сакрэтнай інфармацыі Агенцтва ўнутранай бяспекі, былы дырэктар Бюро бяспекі Агенцтва знешняй разведкі і былы дырэктар Бюро абароны інфармацыі Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Ацэнкі рызык такой сітуацыі звычайна становяцца прадметам больш шырокай грамадскай цікавасці ў крайніх выпадках, часта са спазненнем — такіх як супрацоўніцтва з беларуска-расійскай разведкай былога суддзі варшаўскага суда Томаша Шмыта.

Працэдуры праверкі праводзяць службы бяспекі, аднак наогул не праводзяцца яны ў выпадку Прэзідэнта Рэспублікі Польшча і асобы, абранай на гэтую пасаду, спікера Сейма, спікера Сената ці прэм'ер-міністра.

Агенцтва ўнутранай бяспекі праводзіць пашыраныя працэдуры праверкі асоб, якія жадаюць атрымаць доступ да сакрэтнай інфармацыі, але мае на гэта толькі 14 дзён.

Падчас працэдуры праверкі асобы вызначаецца, ці ёсць паказчыкі адносна яе ўдзелу ў шпіянажы, тэрарызме, дыверсіі або іншай дзейнасці, накіраванай супраць Рэспублікі Польшча. Вызначаецца, ці асоба паддавалася спробам вярбоўкі ці кантакту з боку замежных спецслужбаў.

Правяраецца таксама, ці ўтойвае або свядома падае асоба, якая павінна мець дачыненне да абароны сакрэтнай інфармацыі, ілжывую інфармацыю ў анкеце асабістай бяспекі. Таксама вызначаецца ці абставіны, звязаныя з асобай, якая праходзіць праверку, ствараюць рызыку ўразлівасці да шантажу або ціску.

Падчас пашыранага працэсу праверкі таксама правяраецца, ці ёсць якія-небудзь сумневы адносна ўзроўню жыцця асобы, які значна перавышае яе даход, ці пакутуе яна ад псіхічных захворванняў або іншых псіхічных расстройстваў, якія абмяжоўваюць яе разумовыя здольнасці і могуць негатыўна паўплываць на яе здольнасць выконваць працу, звязаную з доступам да сакрэтнай інфармацыі, ці з'яўляецца яна залежнай ад алкаголю, наркотыкаў або псіхатропных рэчываў.

Паводле законаў, спецслужбы, якія праводзяць працэс праверкі, мусяць кіравацца прынцыпамі бесстароннасці і аб'ектыўнасці. Усе дзеянні, якія праводзяцца падчас працэсу праверкі, павінны быць старанна задакументаваныя, тлумачыць Пшэмыслаў Лесьняк у газеце Rzeczpospolita.
яс