1 верасня 1990 года ў Польшчы была створаная Вайсковая жандармерыя. Сёння адзначаецца 35-годдзе гэтай структуры.
Аналагі Вайсковай жандармерыі і паліцыі існавалі ў Польшчы на працягу практычна ўсіх наступных дзесяцігоддзяў ХІХ стагоддзя, а таксама ўсяго ХХ стагоддзя. А 1 верасня 1990 года была створаная Вайсковая жандармерыя ў яе цяперашнім выглядзе.
У жніўні 2001 года польскі Сейм прыняў Закон аб Вайсковай жандармерыі і іншых праваахоўных органах, які вызначае задачы і паўнамоцтвы гэтага роду сіл.
У 2007 годзе Вайсковая жандармерыя атрымала статус партнёра Еўрапейскіх сіл жандармерыі, а з 2015 года стала паўнапраўным членам.
Польскі конны карабінер. Крыніца: commons.wikimedia.org/Anonymous plate/Image taken by Mathiasrex Maciej Szczepańczyk/CC BY 3.0
Фармаванні, якія выконвалі ролю вайсковай жандармерыі і паліцыі, існавалі ўжо ў часы караля Яна ІІІ Сабескага (канец 17-га стагоддзя), у Варшаўскім Княстве, Польскім Царстве і падчас Паўстання 1963-1864 гадоў.
Пасля Першай сусветнай вайны, калі Польшча адрадзілася на палітычных картах свету, былі створаныя часці Вайсковай жандармерыі на падставе загаду міністра вайсковых справаў. Яе падраздзяленні былі раскватараваныя ў розных частках краіны, у тым ліку на беларускіх землях, якія тады ўваходзілі ў склад Польшчы: у Маладзечне, Кобрыне, Гродне і Брэсце.
Польская нацыянальная жандармерыя часоў Паўстання 1863-1864 г.г. Крыніца: commons.wikimedia.org/грамадскі набытак
У задачы Вайсковай жандармерыі ўваходзіла нясенне вайсковай і паліцэйскай службы ў мірны час і ахова штабоў вышэйшага камандавання, выкананне афіцыйных распараджэнняў пракурораў і вайсковых судоў, удзел у вайсковай дапамозе, якая аказваецца арміяй грамадзянскім і адміністрацыйным уладам. У 1926 годзе быў створаны ўзвод жандараў для аховы прэзідэнта Польшчы, а таксама падраздзяленні для аховы стратэгічных прамысловых аб’ектаў.
Існаваў таксама навучальны цэнтр Вайсковай жандармерыі, які знаходзіўся ў горадзе Грудзёнц і ў які на перападрыхтоўку накіроўвалі афіцэраў з іншых родаў войск. У 1933 годзе жандармерыя атрымала права праводзіць дактыласкапію грамадзян і цел.
Пасля вайны, у 1945 годзе, даваенная Вайсковая жандармерыя была расфармаваная, а яе функцыі пачала выконваць вайсковая контрразведка. У 1957 годзе была створаная Унутраная вайсковая служба, якая аб’яднала задачы контрразведкі і вайсковай паліцыі. І так было да 1990 года, калі і была створаная Вайсковая жандармерыя Узброеных сіл Рэспублікі Польшча.
Польскія вайсковыя жандары з дзецьмі ў Сусветны дзень дзіцяці. Крыніца: facebook.com/ZandarmeriaWojskowa
Да задач Вайсковай жандармерыі належыць функцыя вайсковага органу бяспекі і падтрымкі парадку як у арміі, так і ў грамадскай прасторы. Жандары таксама адказваюць за забеспячэнне вайсковай дысцыпліны, суправаджэнне вайсковых і спецыяльных грузаў, падтрымку грамадскага парадку і прадухіленне злачынстваў на вайсковых аб'ектах ды ў грамадскіх месцах. Акрамя таго, жандармерыя выконвае функцыі вайсковай паліцыі.
Часам на вуліцах польскіх гарадоў можна сустрэць патруль вайсковай жандармерыі, здараецца, што ў пары з паліцыяй. Польскіх вайсковых жандараў лёгка адрозніць ад вайскоўцаў іншых родаў войск: у іх – чырвоныя берэты ды белыя рэмень, партупея і кабура на пісталет. А на правым рукаве – павязка з надпісам «Żandarmeria Wojskowa» і «MP» (Military Police), што ў перакладзе з англійскай мовы азначае «вайсковая паліцыя».
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл