Прэзідэнт Караль Наўроцкі ў сераду пасля сустрэчы з прэзідэнтам Дональдам Трампам заявіў, што амерыканскі прэзідэнт даў Польшчы гарантыі бяспекі і падкрэсліў ваеннае супрацоўніцтва саюзнікаў. Перамовы таксама былі сканцэнтраваны на павелічэнні колькасці амерыканскіх войскаў у Польшчы.
- Я лічу гэта вялікім поспехам гэтай сустрэчы, улічваючы бягучую дыскусію аб перадыслакацыі амерыканскіх войскаў у Еўропе. Было выразна заяўлена, і гэта таксама было пацверджана падчас пленарных перамоваў, што для прэзідэнта Трампа Польшча з'яўляецца ўнікальным, асаблівым саюзнікам, і мой візіт, візіт прэзідэнта Польшчы, пацвердзіў, што гэтыя адносіны будуць падтрымлівацца на самым высокім узроўні, – падкрэсліў Наўроцкі.
Наўроцкі паведаміў, што запрасіў Дональда Трампа ў Польшчу. Дата магчымага візіту не вызначана, але польскі прэзідэнт не выключыў магчымасці таго, што ён адбудзецца ў наступным годзе.
- Польшча зʼяўляецца лідарам сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і было б выдатна для ўсяго рэгіёну, калі б прэзідэнт Дональд Трамп наведаў Варшаву і Польшчу, – сказаў ён.
Караль Наўроцкі абвясціў, што знішчальнікі F-35, якія Польшча заказала ў 2020 годзе, павінны прыбыць у Польшчу ў студзені. Самалёты, пабудаваныя для Польшчы, застаюцца ў ЗША, куды польскія пілоты былі накіраваны на навучанне.
Наўроцкі адзначыў, што падчас сустрэчы абмяркоўваліся і эканамічныя пытанні, у першую чаргу звязаныя з супрацоўніцтвам у рамках Ініцыятывы трох мораў, якая, як ён адзначыў, атрымала падтрымку Трампа. Ён падкрэсліў, што тэмай абмеркавання былі таксама далейшыя пастаўкі амерыканскага газу ў Польшчу і ўсю Цэнтральную Еўропу.
У самым канцы перамоваў, адзначыў Наўроцкі, ён атрымаў запрашэнне ад прэзідэнта Трампа на саміт G20 у наступным годзе ў Маямі.
- Я таксама лічу гэтую інфармацыю вельмі важнай для польскай грамадскасці, – адзначыў ён, падкрэсліўшы, што гэта было зроблена на папярэдніх перамовах.
Прэзідэнта спыталі, ці ўздымаў ён пытанне паводзін расійскага лідара Уладзіміра Пуціна падчас закрытага пасяджэння. Наўроцкі запэўніў, што ён адназначна пацвердзіў сваю пазіцыю, якую ён таксама выказваў падчас тэлефонных размоў з Трампам і лідарамі па ўсім ЕС, выразна і паслядоўна заявіўшы, што не давярае Пуціну.
- Польшча не мае іншага досведу, акрамя негатыўнага досведу з Расійскай Федэрацыяй і паслядоўных пакетаў санкцый з аднаго боку, а з другога – падтрымка Украіны – гэта пазіцыя не толькі Польшчы, але і ўсёй Еўропы, – заявіў прэзідэнт.
Палітычнае асяроддзе Караля Наўроцкага называе візіт паспяховым і выказвае задаволенасць. Візіт прэзідэнта ў ЗША дасягнуў сваіх мэтаў і меў вельмі добры імідж, кажа дэпутат Еўрапарламента ад партыі «Права і справядлівасць» Аркадыюш Мулярчык:
- Больш таго, амерыканскі прэзідэнт сказаў, што, магчыма, будуць планы павялічыць прысутнасць амерыканскіх войскаў і тэхнікі ў Польшчы. Размовы будуць весці міністр абароны ЗША Піт Хегсет і кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Славамір Цэнцкевіч. Гэты візіт таксама мае добрыя іміджавыя вынікі, паказаў узроваень адносін, таксама на прыватным узроўні паміж абодвума прэзідэнтамі. А гэта вельмі важна ў міжнароднай палітыцы.
Прэмʼер-міністр Дональд Туск пракаментаваў заяву прэзідэнта ЗША адносна прысутнасці амерыканскіх войскаў. Кіраўнік урада напісаў на сайце X:
- Гэта важныя словы, якія пацвярджаюць вечны характар нашага саюза.
Міністр замежных спраў Польшчы таксама пракаментаваў гэта на сайце X.
- Па пытаннях бяспекі, стрымлівання Пуціна і падтрымкі Украіны ўрад, прэзідэнт і апазіцыя гавораць у адзін голас, – напісаў Радаслаў Сікорскі.
У цяперашні час у Польшчы дыслакуецца каля 10 тысяч салдат арміі ЗША, галоўным чынам у рамках ратацыйнай прысутнасці.
Прэзідэнт добра справіўся, як і абяцаў. Так візіт у Белы дом ацаніла міністр адукацыі Барбара Навацкая. Яна заявіла, што незалежна ад поглядаў прэзідэнта, яго дзеянні неабходныя для дабра і бяспекі Польшчы.
Амерыканіст і палітолаг Томаш Плудоўскі лічыць, што гэта быў добры візіт, але без прарыўных рашэнняў. Эксперт падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж краінамі будзе працягвацца незалежна ад візіту прэзідэнта Польшчы:
- Думаю, што гэта вельмі ўдалы пачатак. Гэта быў добры візіт. Бачна, што гэта працяг моцных польска-амерыканскіх адносін, які абапіраецца на супольнай стратэгіі. Асаблівай канкрэтыкі няма. Большасць гэтых дзеянняў працягвалася б нягледзячы на тое, ці нехта туды паехаў бы, ці не. Прарыўных рашэнняў няма, але ўсё ідзе ў адпаведным напрамку. Гэта працяг добрых адносін.
Візіт у Белы дом стаў першым замежным візітам Караля Наўроцкага, які на пасаду прэзідэнта Польшчы ўступіў 6 жніўня.
ав