Мы запыталі ў палітолага Паўла Усава, ці разумее ён логіку, па якой абіраюць людзей для вызвалення. А можа такой логікі няма?
- Прасачыць логіку цяжка, але ўлады маюць мэты, якія яны спрабуюць дасягнуць, вызваляючы вядомых людзей, якія могуць мець супярэчлівыя погляды на дзейнасць апазіцыі. Напрыклад, яны добра пралічылі спосаб дзейнасці і паводзін Ціханоўскага. Выказванні і дзеянні якога справакавалі вялікую крытыку, у тым ліку ў яго адрас. Але не змаглі прадбачыць паводзіны Статкевіча, якія негатыўна адбіліся на працэсе паляпшэння адносін з ЗША і паказалі наяўнасць супраціву. Магчыма, улады вывозячы Статкевіча, маючы на ўвазе яго характар і памкненні да лідарства, разлічвалі, што ён спрычыніцца да далейшых канфліктаў, перацягвання каната ў апазіцыі. Магчыма, разлік быў на гэта, але яго не ўдалося рэалізаваць. Што тычыцца іншых людзей, то тут таксама дзіўная логіка. Быў выпушчаны Дашкевіч, але Севярынца не выпусцілі. Зараз цяжка ацэньваць, як сітуацыя будзе разгортвацца, бо людзі яшчэ не прыйшлі ў сябе, але разлік быў на гэта. Адначасова не выпусцілі людзей у цяжкім стане, як Валерыя Касцюгова. Адных супрацоўнікаў Белсату выпусцілі, іншых – не. Таму яснасці тут няма.
Павал Усаў дадае, што, хутчэй за ўсё, у ЗША ёсць спіс людзей на вызваленне, з якім пагаджаецца ці не сам Лукашэнка ці яго бліжэйшыя супрацоўнікі. Напэўна, у гульню пакуль не ўваходзяць Калеснікава, Бабарыка, Знак, бо Лукашэнка знаходзіцца ў працэсе гандлю з амерыканцамі і спрабуе атрымаць большыя дывідэнды ад зняцця санкцый.
Поўны каментар - у далучаным гукавым файле.