Беларуская Служба

Апошні раз прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ быў у Мінску сем год таму

17.09.2025 18:26
Дэлегацыя Беларусі ў АБСЕ прысутнічае ў Вене, працягвае працу. Аднак Беларусь пераўтварылася ў адну з найгоршых краін для журналістаў у Еўропе. 
Аўдыё
  • Апошні раз прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ быў у Мінску сем гадоў таму.
       :  . , 16  2025 .
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на фоне выставы «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

На мінулым тыдні выйшла на свабоду па памілаванню чарговая група палітзняволеных, сярод іх і журналісты. Дарадца прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў у каментары нашай рэдакцыі падкрэсліў, што ў АБСЕ будуць працягваць сачыць за сітуацыяй у Беларусі:

— Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ канешне, быў рады гэтай падзеі, калі шэраг журналістаў выйшлі на свабоду, тым больш, што профіль нашай арганізацыі – бяспека журналістаў і іх абарона. Мы стаім на прынцыпах таго, што журналісты не могуць быць зняволеныя за сваю прафесійную дзейнасць. Так што можна толькі радавацца гэтай падзеі. Але работа працягваецца, мы ведаем, што больш за 20 беларускіх журналістаў застаюцца ў зняволенні, прадстаўнік АБСЕ будзе адсочваць сітуацыю, звяртаць увагу і інфармаваць пра падзеі.

На пытанне, ці ёсць шанец на аднаўленне архітэктуры бяспекі ў Еўропе, якая цяпер у глыбокім крызісе, прадстаўнік АБСЕ адказаў, што гэта палітычнае пытанне і зона адказнасці дзяржаў, якія некалі ўзялі на сябе пэўныя абавязальніцтвы:

— Гэта пытанне больш комплекснае, палітычнага характару, мне складана даваць ацэнкі гэтым працэсам. Хаця не раз згадвалася, што ёсць пагрозы тым дамоўленасцям, што існавалі, асабліва ў святле вайны, якая працягваецца ва Украіне. Але разам з тым абавязальніцтвы, якія бралі на сябе дзяржаы-члены АБСЕ, застаюцца цалкам рэлевантнымі, іх выкананне застаецца ў парадку дня. Гэтыя пытанні, незалежна ад таго, як будзе складвацца сітуацыя, застануцца ў парадку дня. Трэба сыходзіць з таго, што пытанні правоў чалавека, пытанні прытрымлівання прынцыпаў, на якіх будуецца дэмакратычная дзяржава, усё адно павінны мець месца, сыходзячы з прыроды АБСЕ. Так, ёсць іншыя міжнародныя арганізацыі, якія таксама прымалі розныя міжнародныя стандарты. Таму пытанне і да іх, пытанне будучыні – кансультацыі, якія праводзяцца паміж дзяржавамі.

Між іншым, апошні раз прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ быў у Мінску сем год таму. Дарадца прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў кажа, што кансультацыі з уладамі працягваюцца, а «дэлегацыя Рэспублікі Беларусь прысутнічае ў Вене, працягвае працу».

Андрэй Бастунец, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая аб'ядноўвае сотні работнікаў медыйнай сферы і цяпер таксама дзейнічае ў выгнанні, кажа, што цяпер глабальна дзве вялікія праблемы паўстаюць перад медыясупольнасцю:

— Для нас застаецца галоўнай праблемай і галоўным болем тое, што нашы калегі застаюцца за кратамі. І мы мусім думаць, рабіць штосьці, каб  гэта скончылася, як мага хутчэй. І каб спыніўся ціск на журналістаў, перасталі затрымліваць новых журналістаў, медыяменеджараў.  Другая праблема звязана з тым, што мы цяпер працуем у выгнанні, працуем у статусе экстрэмісцкіх арганізацый, фармаванняў. Гэта робіць усё вельмі цяжкім — працу медыя, працу журналістаў. Цяжка даходзіць да аўдыторыі, атрымліваць інфармацыю. Цэлы комплекс праблем. І гэтыя праблемы звязаныя найперш з палітычным рэжымам, які цяпер пануе ў Беларусі.

Цяпер у зняволенні ў Беларусі 27 супрацоўнікаў медыя. Сотні журналістаў выехалі з краіны і ўжо чатыры гады працуюць па-за межамі з выгнанні. Для СМІ і журналістаў, якія засталіся ў Беларусі, ёсць два шляхі – або прапаганда і пра рэжымная пазіцыя, альбо абсалютная апалітычнасць.

На свабоду выйшла некалькі груп палітзняволеных, сярод іх і журналісты. Ці значыць гэта, што рэпрэсіўнасць змяншаецца  і можа быць ёсць нейкі пробліск на светлую будучыню?

— Мы заўсёды спадзяёмся на светлую будучыню, я кажуць, надзея памірае апошняй. Але бачым, што гэта не вызваленне на свабоду, гэта вызваленне з-за кратаў. І адной з яго ўмоў з'яўляецца дэпартацыя палітзняволеных. Казаць пра тое, што сітуацыя змяняецца да лепшага, пакуль вельмі і вельмі рана.  Мы можам толькі радавацца за тых, хто выйшаў на волю, на ўмоўную волю. На мой погляд, пакуль гэта ніяк не сведчыць аб змене сітуацыі ўнутры краіны.  З аднаго боку, колькасць журналістаў  за кратамі змяншаецца, а з іншага — яна застаецца адной з найбольшых у Еўропе.

Таксама мы бачым, што мае месца транспамежны пераслед журналістаў, актывістаў, палітыкаў. Людзей судзяць завочна, іх пазбаўляюць маёмасці, праследуюць іх сваякоў, не даюць ім спакойнага жыцця.

Андрэй Бастунец звяртае ўвагу, што беларускія медыя ў выгнанні захоўваюць даволі высокі стандарт працы, супрацоўніцтва, але зразумела, што чым даўжэй будзе цягнуцца існая сітуацыя, тым больш цяжка журналістам будзе працаваць. 

Да слова, на гэтым тыдні Беларуская асацыяцыя журналістаў адзначыла сваё 30-годзе. У 1995 годзе яна была заснаваная беларускімі журналістамі ў адказ на ўзурпацыю ўлады Лукашэнкам.  

вх