Беларуская Служба

Войскі НАТА перакідваюць у Польшчу. Французы разыгрываюць ядзерную карту

18.09.2025 11:20
Шэсць краін НАТА ўжо гатовыя накіраваць свае войскі ў Польшчу ў рамках аперацыі «Усходні вартавы». Французы адпраўляюць незвычайныя знішчальнікі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.facebook.com/MinisterstwoObrony

Эксперты мяркуюць, што гэта асаблівы сігнал не толькі Расіі, але і польскім уладам.

Новая аперацыя НАТА – гэта адказ на правакацыю з расійскімі беспілотнікамі, больш за 20 з якіх праніклі ў польскую паветраную прастору. Аперацыя «Усходні вартавы» была распачата 12 верасня, праз два дні пасля расійскага нападу. Як абвясціў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, саюзныя войскі рухаюцца на ўсход, каб «яшчэ больш умацаваць свае пазіцыі на ўсходнім флангу».

Французы дастаюць ядзерны козыр

Французы былі аднымі з першых, хто адгукнуўся на заклік НАТА, адправіўшы ў Польшчу тры самалёты Rafale-B. Калі яны прыбылі на базу ў Мінску-Мазавецкім, выявілася, што гэта не проста знішчальнікі. Парыж абраў самалёты са спецыяльнага падраздзялення 2/4 La Fayette, самалёты якога здольныя несці ядзерную зброю. Эксперты мяркуюць, што гэта не выпадковасць.

«Гэта можна інтэрпрэтаваць як гатоўнасць пашырыць на нас ядзерны абарончы парасон, які Францыя раней прапаноўвала. Гэта сігналізуе аб тым, што ёсць што абмеркаваць», – кажа Ежы Марэк Навакоўскі, былы пасол Польшчы ў Арменіі і Латвіі.

Паводле французскага часопісу Air and Cosmos, гэты «прыемны жэст з боку Парыжа не беспадстаўны». Парыж зацікаўлены не толькі ў тым, каб прадставіць сябе як адказнага саюзніка, але і ў заключэнні кантракту на падводныя лодкі ў рамках польскай праграмы Orka. А гэта пытанне пра прыкладна 10 мільярдаў злотых. Амбасадар Навакоўскі мяркуе, што дагавор аб стратэгічным супрацоўніцтве, падпісаны Польшчай і Францыяй у маі гэтага года, таксама мог паўплываць на рашэнне Парыжа.

Германія, Данія, Нідэрланды і Вялікабрытанія таксама адрэагавалі на расійскую правакацыю. Яны абвясцілі аб павелічэнні з двух да чатырох колькасці сваіх самалётаў, якія патрулююць польскую паветраную прастору. Данія дадасць два знішчальнікі F-16 і фрэгат з сістэмай супрацьпаветранай абароны, а Нідэрланды – дзве пускавыя ўстаноўкі Patriot. Лондан таксама засяродзіўся на авіяцыі, адправіўшы ў Польшчу каманду знішчальнікаў Eurofighter Typhoon, паветраны танкер Voyager і 400 чалавек абслугоўваючага персаналу.

Чэхі вырашылі адправіць у Польшчу тры верталёты Мі-171С са 150 вайскоўцамі. Гэтыя самалёты былі спецыяльна адаптаваны для патрэб спецназа і абсталяваны шматствольнымі кулямётамі Minigun, прызначанымі для барацьбы з беспілотнікамі. Аператыўная мабілізацыя саюзнікаў пасля расійскай правакацыі падбадзёрвае былога кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі генерала Рамана Польку.

«Добра, што падчас гэтага нападу ніхто не пацярпеў, але я думаю, што расійская правакацыя выклікала трывогу і паскарэнне. Цяпер ніхто не павінен сумнявацца ў тым, што абарона супраць беспілотнікаў павінна быць створаная па ўсім Еўрапейскім Саюзе. І гэта яшчэ адна перавага для Польшчы: гэта ўжо не толькі польскае пытанне, а пытанне ўсяго НАТА», – кажа генерал Раман Полька.

Як і многія эксперты, генерал Полька падкрэслівае, што самалёты – не лепшы спосаб барацьбы з нізкалятаючымі беспілотнікамі. Для гэтай мэты значна лепш падыходзяць верталёты або шматствольныя кулямёты. Намеснік міністра абароны Цэзары Томчык ужо абвясціў аб іх набыцці.
Партугалія таксама заявіла аб сваёй падтрымцы місіі «Усходні вартавы». Пакуль што асобныя краіны адпраўляюць у Польшчу самалёты, а не сістэмы, прызначаныя для барацьбы з аб'ектамі, што нізка лётаюць.

Міністэрства нацыянальнай абароны абвясціла, што яны стануць часткай «Усходняга шчыта», які цяпер будуецца.

«Калі вайскоўцы павінны прысутнічаць на мяжы, то гэта не мусіць быць жывы шчыт і патруляванне з памежнай аховай, пасты супрацьпаветранай абароны варта разгарнуць у найбольш уразлівых раёнах», – кажа генерал Раман Полька.



Dziennik Gazeta Prawna/вх