Беларуская Служба

Спецыялісты тлумачаць, чаму спецвытворчасць з’яўляецца формай інстытуцыяналізаванага пераследу

22.09.2025 12:13
Галоўная мэта спецвытворчасці – палітычныя рэпрэсіі.
Аўдыё
  • Спецыалісты тлумачаць, чаму спецвытворчасць з’яўляецца формай інстытуцыяналізаванага пераследу
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў даклад «Злачынства няма, а прысуд ёсць: Спецыяльнае вядзенне справы як форма пераследу ў Беларусі». Гэтае даследаванне ўсебакова аналізуе адну з формаў рэпрэсій – так званую «спецвытворчасць» у беларускім крымінальным працэсе. Даследчыкі прыйшлі да адназначнай высновы: дадзены механізм з’яўляецца формай інстытуцыяналізаванага пераследу, які нясе прыкметы злачынстваў супраць чалавецтва ў сэнсе Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда.

Спецвытворчасць у Крымінальна-працэсуальным кодэксе РБ паявілася ў 2022 годзе. Аналіз злачынстваў, у выпадку якіх можна выкарыстоўваць спецвытворчасць, а таксама прымяненне спецвытворчасці сведчыць аб тым, што гэтую працэдуру ўводзілі менавіта ў рамках рэпрэсійнай палітыкі беларускага аўтарытарнага рэжыму.

Адной з умоў узнікнення спецвытворчасці з'яўляецца прыняцце пракурорам на стадыі папярэдняга следства адпаведнага рашэння. Яно абумоўлена адсутнасцю чалавека на тэрыторыі Беларусі, вызначэннем дзяржавы, у якой ён знаходзіцца, адпаведным запытам аб экстрадыцыі па афіцыйных каналах гэтага грамадзяніна на тэрыторыю Беларусі. І пры атрыманні адмовы, альбо пасля заканчэння 6 месяцаў, калі ніякага адказу не прыходзіць, яны могуць перадаць на спецвытворчасць.

Чаму спецвытворчасць трапіла ў поле зроку Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў? Дакументатар камітэту (ён застаецца ананімным), адзін з аўтараў дакладу гаворыць, што прычына наступная: асобы, якія асуджаныя ў рамках гэтай працэдуры, фактычна не з’яўляюцца палітычнымі вязнямі, таму што яны не знаходзяцца ў месцах няволі. І фактычна іх статус – не вельмі зразумелы.

- Яны нібыта асуджаныя, у іх у многіх забіраюць маёмасць, але ў той жа час яны не зʼяўляюцца прамымі ахвярамі рэпрэсій. Іх не затрымліваюць, да іх не прымяняюць нейкі гвалт, акрамя можа псіхічнага. І паколькі мы лічым, што вось гэтая экстэрытарыяльная юрысдыкцыя беларускіх судоў, калі яны спрабуюць асабіста на тэрыторыі іншай дзяржавы крымінальна пераследаваць па палітычных матывах, мы лічым, што гэта праява злачынства супраць чалавечнасці, а менавіта пераслед па артыкуле 7 Рымскага статута. Адпаведна, названыя абставіны зʼяўляюцца прэрагатывай зараз камітэта для таго, каб дакументаваць і рабіць аналітычныя матэрыялы, як нашы даследаванні.

Наш суразмоўцы называе лічбы. Па стане на 1 верасня 2025 года спецыяльная вытворчасць праводзілася ў дачыненні да 153 чалавек. На стадыі следства было прынятае рашэнне правесці гэтую працэдуру і было прыцягнута да крымінальнай адказнасці 137 чалавек са 153. Ва ўсіх выпадках было вынесена пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Акрамя таго, большасці з асуджаных у спецвытворчасці дадаткова прызначалі штраф. Таксама прымяняецца дадатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады, пазбаўлення спецыяльнага або воінскага звання.

У еўрапейскай практыцы суды без прысутнасці абвінавачанага з’яўляюцца магчымымі. Аднак павінны выконвацца пэўныя ўмовы. Дакументатар Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі гаворыць, што можна казаць пра чатыры асноўныя, і тлумачыць, чаму ў Беларусі гэта не працуе.

Першая ўмова – гэта належнае паведамленне аб тым, што ў дачыненні да асобы заведзена крымінальная справа і будзе судовае разбіральніцтва. У Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца магчымасць абвесткі толькі на сайце Вярхоўнага суда, які недаступны за межамі Рэспублікі Беларусь. І фактычна асоба, якая хоча даведацца аб наяўнасці нейкага судовага рашэння або прызначэнні судовага пасяджэння, без выкарыстання VPN не можа пра гэта даведацца.

Другой умовай зʼяўляецца доказ факта таго, што асоба адмаўляецца зʼяўляцца ў суд. Гэта значыць доказ па міжнародных нормах таго, што асоба належным чынам апавешчана і адмаўляецца самастойна туды ехаць. У беларускім крымінальна-працесуальным законе ўвогуле адсутнічае абавязак суда інфармаваць абвінавачанага.

Трэцім элементам справядлівага суда без адсутнасці абвінавачанага зʼяўляецца эфектыўная прававая абарона абвінавачанага. У Рэспубліцы Беларусь гэтае патрабаванне парушаецца, хаця фактычна і прысутнічае адвакат па прызначэнні. Аднак у большасці выпадкаў адвакаты не выходзяць на сувязь са сваімі кліентамі, не ўзгадняюць з імі сваю пазіцыю па справе.

І чацвёртая абавязковая ўмова – гэта магчымасць новага суда, калі асоба ўжо зʼявілася ў краіну, дзе быў вынесены прысуд, такая магчымасць у РБ адсутнічае.

Наш суразмоўца зноў падкрэслівае, што галоўная мэта спецвытворчасці – палітычныя рэпрэсіі.

- На тое, што асноўнай мэтай спецвытворчасці зʼяўляюцца палітычныя рэпрэсіі, паказвае той факт, што толькі дзве асобы, у дачыненні да якіх узбуджалася спецыяльная вытворчасць і пераходзіла на спецпрацэдуру, абвінавачваюцца ў крымінальных справах, у махлярстве, якія былі здзейснены да 2020 года. Гэта атрымліваецца 1,3% асоб, якія можна ў прынцыпе сказаць пра тое, што яны не адносяцца да нейкіх палітычных актывістаў. Калі мы будзем аналізаваць тыя злачынствы, якія ставяцца ў віну, часта следствы і суд фактычна палітычным актывістам і тым, хто змагаецца з аўтарытарным рэжымам, замест звыклых нам артыкулаў па экстрэмізму, тэрарызму, яны ставяць у віну нейкія эканамічныя справы, напрыклад, ухіленне ад выплаты падаткаў, альбо нейкае махлярства.

Акрамя таго, асобы, якія падвяргаюцца спецвытворчасці, сустракаюцца з іншымі наступствамі, як ціск на іх сваякоў. Дадаткова, у іх незразумелы статус: асуджаныя яны ці не, што можа ўяўляць праблему, напрыклад, падчас падачы візы ў Злучаныя Штаты Амерыкі ці Вялікабрытанію.

Цяперашняя практыка выкарыстання спецвытворчасці ў РБ валодае ўсімі прыкметамі злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу, што кваліфікуецца ў адпаведнасці з міжнародным крымінальным правам і патрабуе належнай прававой ацэнкі на міжнародным узроўні, чытаем у даследаванні Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі. Спасылка на дакумент тут.

ав

слухайце аўдыё