Сучасная Беларусь – гэта краіна, дзе апарат бяспекі адыгрывае ключавую ролю ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах. З 3-га верасня 2020 года яго ўзначальвае Іван Станіслававіч Церцель, прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам у разгар унутранага крызісу, выкліканага масавымі пратэстамі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Церцель змяніў на гэтай пасадзе Валерыя Вакульчыка. Гэтае рашэнне было інтэрпрэтавана як жэст умацавання лаяльнасці і больш жорсткай пазіцыі ў дачыненні да беларускай апазіцыі, канстатуе, паведамляе старонка infosecurity24.pl.
Аналітыкі Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) разглядалі прызначэнне Церцеля на пасаду кіраўніка КДБ, як сімвал кансалідацыі рэпрэсіўнага апарата ў руках асоб, гатовых выкарыстоўваць самыя жорсткія метады.
Аднак, паводле Intelligence Online, цягам часу Церцель перастаў быць проста ўнутраным выканаўцам палітыкі бяспекі. Ён стаў ключавым гульцом у закулісных каналах сувязі паміж Расіяй, Украінай і заходнімі краінамі.
Гэтая дваістасць – роля ўнутранай апоры рэпрэсій і знешняга пасярэдніка – вызначыла характар яго дзеянняў: рэпрэсіі і дыпламатычныя жэсты пачалі функцыянаваць як узаемазвязаныя інструменты дзяржаўнай палітыкі.
Польскія карані Церцеля
Старонка нагадвае пра польскае паходжанне Церцеля, дарэчы раней Яна Станіслава Церцеля, які нарадзіўся ў 1966 годзе ў польскай вёсцы Пшэвалка ля Гродна. Яго бацькі, Станіслаў і Анастасія, былі католікамі. Ён правёў сваё дзяцінства на беларуска-літоўскай мяжы, што паўплывала на яго пазнейшую працу ў сферы аховы мяжы.
Паводле выдання аперацыйны і адміністрацыйны вопыт Церцеля рабіў яго натуральным кандыдатам для ўкаранення палітыкі «жорсткай рукі» пры кіраванні складанымі лагістычнымі аперацыямі і перамовамі.
Пасля прызначэння Церцеля актыўнасць КДБ значна ўзрасла, чаму служыў наратыў пра знешнюю пагрозу, які легітымізаваў жорсткія дзеянні і пашырэнне кампетэнцыі КДБ.
«Поспехі» ўмацоўвалі імідж КДБ, як ахоўніка бяспекі і шырока выкарыстоўваліся ў дзяржаўнай прапагандзе. Паралельна праводзілася інфармацыйныя і псіхалагічныя аперацыі.
Супрацоўніцтва з Расіяй
З самага пачатку Церцель рабіў акцэнт на супрацоўніцтве з Расіяй, вынікам чаго сталі замежныя аперацыі, якія праводзіліся КДБ пад яго кіраўніцтвам, у прыватнасці, у Польшчы, Літве і Украіне.
КДБ таксама арганізоўваў правакацыі супраць польскіх дыпламатаў, а з 2021 года праводзіць аперацыю па справакаванні міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай. Гэтыя віды дзейнасці маюць гібрыдны характар: ад шпіянажу да аперацый уплыву і дэстабілізацыі.
КДБ пад кіраўніцтвам Церцеля не абмяжоўваўся дзейнасцю ўнутры Беларусі. Службы актыўна пранікалі ў эмігранцкія і апазіцыйныя асяроддзі за мяжой.
Гуманітарныя жэсты і трансакцыйная логіка
З 2022 года Беларусь пры ўдзеле КДБ на чале з Церцелем займаецца абменам палоннымі і мірнымі жыхарамі паміж Расіяй і Украінай. Паводле звестак Belarus.by, з верасня 2022 года было праведзена ў агульнай складанасці 38 такіх аперацый. Афіцыйна – гэта гуманітарныя дзеянні, хоць незалежныя назіральнікі падкрэсліваюць іх палітычны характар. Паралельна дзяржава ўвяла выбарачныя памілаванні палітычных зняволеных.
Церцель як архітэктар будучай стратэгіі Мінска
Між тым, павольдэ старонкі infosecurity24.pl., уключэнне КДБ у міжнародныя палітычныя механізмы азначала, што абмен зняволенымі і памілаванне пачалі функцыянаваць як трансакцыйны інструмент у адносінах з Захадам.
Гэта прывяло да змены міжнароднай пазіцыі Беларусі. Яна пачала выступаць у якасці тэхнічнага пасярэдніка ў пытаннях, звязаных з вайной ва Украіне. Сам Церцель, дзякуючы сваёй ролі каардынатара і апавядальніка, стаў не толькі выканаўцам аперацыі, але і закулісным перамоўшчыкам.
Паводле Amnesty International, найбольш верагодным сцэнарам на бліжэйшыя гады з'яўляецца працяг «падвойнай палітыкі» – спалучэнне ўнутраных рэпрэсій з мэтанакіраванымі саступкамі Захаду. Гэты дыягназ пацвярджаецца іншымі крыніцамі.
Human Rights Watch адзначыла, што Мінск спрабуе «замаскіраваць рэпрэсіі» выбарачнымі памілаваннямі, у той час, як арганізацыя «Вясна», адзначыла, што вызваленне палітычных зняволеных суправаджаецца далейшымі хвалямі затрыманняў.
Тым часам аналітычны цэнтр Clingendael напісаў, што Мінск робіць «прагматычныя жэсты» ў бок Захаду, захоўваючы пры гэтым жорсткую пазіцыю ўнутры краіны.
Паводле звестак Intelligence Online, калі спалучэнне рэпрэсій і жэстаў апынецца эфектыўным, Церцель яшчэ больш умацуе свае пазіцыі як даверанага кіраўніка апарата бяспекі і ключавога пасярэдніка ў дыпламатычных каналах.
аз