У адказ на гэта краіны ЕС інтэнсіфікуюць супрацоўніцтва ў вайсковай сферы, у тым ліку ў абшары супрацьпаветранай абароны. Пра гэта ішла размова ў Варшаве.
29-30 верасня ў польскай сталіцы праходзіла важная міжнародная канферэнцыя – Варшаўскі форум бяспекі. Галоўнай тэмай форума стала абмеркаванне еўрапейскай стратэгіі для Украіны з мэтай дапамагчы гэтай дзяржаве перамагчы ў вайне з Расіяй. Удзел у форуме ўзялі кіраўнікі еўрапейскіх урадаў, палітыкі, вайскоўцы ды эксперты з ЕС ды ЗША. Гучала перакананне, што Украіна можа перамагчы ў гэтай вайне з падтрымкай Захаду. Па словах польскага прэм'ера Дональда Туска, дапамога Украіне - гэта пытанне бяспекі ўсёй заходняй цывілізацыі.
— Гэтая вайна - гэта і наша вайна, не толькі з-за салідарнасці з тымі, на каго напалі, але і з-за нашай фундаментальных каштоўнасцяў. Тое, што адбываецца ва Украіне - частка больш шырокага праекта прымусу і ліквідацыі свабоды. Калі прайграць тут, наступствы закрануць не толькі ўкраінцаў, але і наступныя пакаленні ў Еўропе, Польшчы, ЗША і далей.
Выступаючы на Варшаўскім форуме па бяспецы, польскі прэм'ер сказаў, што дапамога Украіне - гэта не акт дабрачыннасці, а ўклад ва ўласную бяспеку і будучыню.
Гэты падыход падзяляюць таксама іншыя краіны ЕС, у тым ліку ўплывовая Германія, якая дэкларуе падтрымку для краін усходняга флангу НАТА ды Украіны. Пра гэта казаў у Варшаве федэральны міністр абароны Германіі Барыс Пісторыюс.
— Пуцін наўмысна спрабуе падарваць еўрапейскую бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць еўрапейскіх краін, хоча выкрыць уразлівасці ў нашым альянсе. Але ў яго нічога не атрымаецца. Альянс адказаў на правакацыі Расіі адзінствам і рашучасцю.
Камісар па пытаннях абароны і космасу Еўрапейскай камісіі Андрус Кубілюс дадаў, што ў адказ на расійскія правакацыі ЕС нарошчвае тэмы ўмацавання еўрапейскага абарончага патэнцыялу. Еўрасаюз гатовы шмат у чым вучыцца ад Украіны, асабліва ў галіне беспілотнікаў.
— Мы вызначаем цяпер, як нам пабудаваць тое, што мы называем сцяной беспілотнікаў, таму што апошнія правакацыі паказалі, што нашы магчымасці ў выяўленні беспілотнікаў, у знішчэнні беспілотнікаў, трэба павялічыць. Менавіта тут мы можам шмат чаму навучыцца ва Украіны. Да гэтага часу мы гаварылі пра тое, як дапамагчы Украіне, а цяпер нам таксама трэба папрасіць Украіну дапамагчы нам, таму што правакацыі будуць паўтарацца, і таму нам трэба павысіць нашу абарончую гатоўнасць.
Еўропа павінна дзейнічаць значна хутчэй, чым зараз, падкрэсліў міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкельманс.
— Таму што, калі мы гаворым пра інвестыцыйныя гарызонты, у тым ліку ў Нідэрландах, часта гэта пытанне месяцаў ці нават гадоў, а ў нас няма столькі часу, таму што ў нас кожны дзень адбываюцца ўварванні беспілотнікаў. Мы на восем гадоў спазняемся. Гаворка ідзе пра тое, каб як мага хутчэй павялічыць нашу бяспеку, бо з Масквы надыходзіць вельмі рэальная пагроза.
Добры прыклад паказвае Эстонія, якая за апошнія чатыры гады павялічыла выдаткі на абарону з 2,2% ВУП да 5%, падкрэсліў міністр абароны гэтай краіны Хано Пеўкур.
— Мы пастаянна павялічваем выдаткі. У гэтым наша адказнасць. У Дамове НАТА ёсць не толькі артыкул 5, але і артыкул 3, у якім гаворыцца, што ў першую чаргу вы павінны рабіць усё самі, каб абараніць сваю краіну. Шчыра кажучы, гэтыя 5% — адносна невялікая цана за суверэнітэт і свабоду, таму што Украіна сёння плаціць 25% свайго ВУП. Расія плаціць 10% за вядзенне вайны. У цэлым я б сказаў, што Еўропа павінна быць больш упэўненай. Мы павінны верыць у сябе, што можам абараніць сябе. Нас - 500 мільёнаў чалавек, а расійская эканоміка мае памер эканомікі Італіі. Таму трэба верыць у сябе, што мы можам абараніцца. І я рады бачыць, што абаронны бюджэт Германіі павялічваецца, Польшчы - таксама. Мы робім правільныя крокі, але нам трэба рабіць іх хутчэй.
29-30 верасня ў польскай сталіцы праходзіла важная міжнародная канферэнцыя – Варшаўскі форум бяспекі. Галоўнай тэмай форума стала абмеркаванне еўрапейскай стратэгіі ў адказ на расійскую агрэсіўную палітыку. Еўрапейскія ўрадоўцы ды эксперты кажуць пра тое, што Захад павінен як мага хутчэй умацаваць свой абарончы патэнцыял.
Юры Ліхтаровіч