Падчас Варшаўскага форуму па бяспецы, які на гэтым тыдні прайшоў у польскай сталіцы, Уладзімір Зяленскі высмеяў Лукашэнку і Пуціна, выклікаўшы смех у зале. Прэзідэнт Украіны выступаў на мерапрыемстве па відэасувязі. Сёння мы вырашылі прыгадаць некаторыя перлы, перапалкі і некультурныя рэплікі Лукашэнкі, накіраваныя ў адрас іншых удзельнікаў палітычнага жыцця.
Знаходжанне пры ўладзе цягам больш чым 30 гадоў адарвала Лукашэнку ад рэальнасці. Ён сябе лічыць бездакорным палітыкам сусветнага маштабу, што дазваляе яму павучаць іншых, часта іх абражаючы і выказваючыся без элементарных правіл культуры.
У лістападзе 2010 года тагачасныя міністры замежных спраў Германіі Гіда Вэстэрвэле і Польшчы Радаслаў Сікорскі накіраваліся ў Мінск, каб пераканаць Лукашэнку да правядзення дэмакратычным шляхам чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Пакойны ўжо Вэрстэрвэле быў адкрытым геем. Гэтага факту Лукашэнка не змог не згадаць, каментуючы пасля выбараў пратэсты сусветнай супольнасці адносна недэмакратычнага характару галасавання.
Але на гэтым дыктатар не спыніўся і пры нагодзе зноўку згадаў Вэстэрвеле, зазначыўшы, што «лепш быць дыктатарам, чым «блакітным».
МЗС Нямеччыны ў адказ заявіла, што словы Лукашэнкі сведчаць аб яго адносінах да асноўных правоў чалавека. Увогуле, дыктатар часта ўжывае словы, характэрныя для крымінальнага асяроддзя, якія не павінны гучаць з вуснаў кіраўніка дзяржавы.
У 2011 годзе гучным скандалам стаў каментар Аляксандра Лукашэнкі аб прэзідэнце Еўрапейскай камісіі Жазэ Барозу, які адмовіўся ехаць на саміт па ядзернай бяспецы ў Кіеў, калі там будзе прысутнічаць беларускі дыктатар.
«Што да такіх казлоў, як Барозу і іншых... – сказаў тады Лукашэнка. – Ну, хто такі Барозу? Быў нейкі Барозу ў Партугаліі, але выгналі яго і ўладкавалі ў Еўракамісію. Я менш за ўсё гляджу, што дзе нехта ляпнуў з еўрапейскіх чыноўнікаў. Іх там тысячы».
Вядомай таксама стала перапалка Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, якая мела месца ў снежні мінулага года. Тады яны абмяняліся колкімі рэплікамі на саміце СНД. Нагодай стала адмова армянскай дэлегацыі ехаць у Мінск на наступную сустрэчу. А раней Пашынян нагадаў, што не наведае Беларусь, пакуль краінай кіруе Лукашэнка. Гэта была яго рэакцыя на тое, што Лукашэнка падтрымаў Азербайджан у вайне ў Нагорным Карабаху.
Паміж «бітвай за ўраджай» і рэгуляваннем усяго ў краіне, у тым ліку, а можа і перш за ўсё сельскай і харчовай гаспадаркі (памятаеце крылатую фразу «за яйкі ўзяўся, малако прапала»?), дыктатар стараецца быць значнай фігурай у міжнароднай палітыцы, даючы рады ў тым ліку і Украіне. На яго рады падчас выступлення на Варшаўскім форуме па бяспецы Зяленскі адрэагаваў такім чынам.
«Ён жыве ў сваім свеце. І ў гэты свет часам да яго ў яго дом заходзіць Пуцін, таму яны пра нешта там размаўляюць, ну, два такія старыя чалавекі, гэта значыць, ну, складана нешта каментаваць. Няхай сабе размаўляюць», – заявіў ён.
Слоўныя перапалкі паміж Зяленскім і Лукашэнкам маюць даўнюю гісторыю, пры гэтым абражаць апанента дазваляе толькі беларускі дыктатар, называючы ўкраінскага прэзідэнта «гнідай». Прычым раней, як здавалася, адносіны паміж імі не былі дрэннымі, аднак усё змяніў 2020 год у Беларусі і нападзенне Расіі на Украіну. А так было падчас сустрэчы Зяленскага і Лукашэнкі ў 2029 годзе.
Падсумоўваючы. Выказванні і перлы Лукашэнкі можна было б успрымаць з гумарам і пасмяяцца, калі б не тое, што ён адказны за сотні тысяч паламаных жыццяў, смерць невінаватых людзей, слёзы і трагедыю цэлага народа. Некалі адзін беларус назваў Пуціна і Лукашэнку «двума дзядамі, якія сарваліся з катушак». І гэта праўда, бо пасрэдна яго словы пацвердзіў, хоць і ў дыпламатычнай форме, Зяленскі – чалавек, пад кіраўніцтвам якога Украіна стараецца выстаяць перад агрэсіяй небяспечнага суседа.
вс
слухайце аўдыёфайл