Беларуская Служба

Ценявы флот РФ выконвае новую і больш небяспечную задачу 

01.10.2025 12:33
Заглушэнне GPS — танны і эфектыўны метад дэстабілізацыі. Ён пагражае не толькі палётам, але і лагістыцы, энергетыцы, сувязі.
     730   GPS  2025    55  2023-.
Шведская транспартная агенцыя паведаміла пра 730 выпадкаў заглушэння GPS у 2025 годзе супраць толькі 55 у 2023-м. Shutterstock.com

Расійская ценявы флот, які першапачаткова ўзнік для абыходу санкцый на нафту і паліва, выконвае новую, значна больш небяспечную задачу. Паводле расследавання нямецкіх выданняў Die Welt і Merkur, на якія спасылаецца польскае выданне biznesalert.pl, частка гэтых суднаў выкарыстоўваецца для ўмяшання ў сістэмы навігацыі — яны мэтанакіравана заглушаюць сігнал GPS у еўрапейскай авіяцыйнай прасторы, ствараючы пагрозу для грамадзянскай авіяцыі.

Федэральная асацыяцыя грамадзянскай авіяцыі Германіі (BDL) папярэджвае, што такія дзеянні могуць прывесці да «сур’ёзнай небяспекі». У перыяд з студзеня па жнівень 2025 года ў нямецкай паветраннай прасторы зафіксавана 447 выпадкаў GPS-збояў — рост больш як на 2500% у параўнанні з 2023 годам. Эксперты мяркуюць, што крыніцай праблемы з’яўляюцца расійскія гандлёвыя судны з магутнымі станцыямі-глушылкамі. Многія з іх уваходзяць у  ценявы флот РФ — сотні старых танкераў і сухагрузаў, якія плаваюць без афіцыйнага адсочвання, мяняюць сцягі і адключаюць транспондары.

Падобныя інцыдэнты фіксуюцца ў Швецыі і Вялікабрытаніі. Шведская транспартная агенцыя паведаміла пра 730 выпадкаў заглушэння GPS у 2025 годзе супраць толькі 55 у 2023-м. Збоі спачатку адбываліся над міжнароднымі водамі, але цяпер усё часцей фіксуюцца над тэрыторыяй краіны.

Праблема не абмяжоўваецца авіяцыяй. Узімку 2024–2025 гадоў расійскія судны падазраваліся ў пашкоджанні падводных тэлекамунікацыйных кабеляў у Балтыйскім моры. Такім чынам, ценявы флот Расіі ператвараецца з «плывучай пральні нафты» ў інструмент гібрыднай вайны.

Заглушэнне GPS — танны і эфектыўны метад дэстабілізацыі. Ён пагражае не толькі палётам, але і лагістыцы, энергетыцы, сувязі. Германія, Швецыя і Вялікабрытанія ўжо абмяркоўваюць узмацненне маніторынгу і развіццё альтэрнатыўных сістэм навігацыі.

Адна выснова відавочная: Расія выкарыстоўвае ценявы флот як зброю, якая б’е не толькі па эфектыўнасці заходні санкцый, але і па асновах бяспекі ўсёй Еўропы.

эж