Прэзідэнт ЗША і пасярэднікі з Егіпта, Катара і Турцыі падпісалі 13 кастрычніка ў егіпецкім горадзе Шарм-эль-Шэйх пагадненне аб спыненні агню ў сектары Газа. Для жыхароў рэгіёна гэта шанец на мір, вяртанне закладнікаў і палонных.
На саміце прысутнічалі больш за два дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў, у тым ліку прэзідэнт Францыі, Арменіі, Азербайджану, Палестынскай Аўтаноміі, што надало пагадненню шырокую міжнародную падтрымку.
Удзельнікі саміту пагадзіліся, што сектар Газа будзе дэмілітарызаваны. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падкрэсліў, што размова ідзе толькі пра падтрымку мірных ініцыятыў, аднаўленне сектара Газа:
«Мы ўсе пагадзіліся з тым, што падтрымка Газы павінна быць зроблена дзеля ўздыму народа, але мы не хочам фінансаваць што-небудзь, што звязана з кровапраліццем, нянавісцю ці тэрорам, як гэта рабілася ў мінулым. Таму мы таксама пагадзіліся з тым, што рэканструкцыя Газы патрабуе яе дэмілітарызацыі, і што новыя грамадзянскія паліцэйскія сілы павінны мець магчымасць стварыць бяспечнае асяроддзе для жыхароў Газы».
Паводле ацэнак экспертаў, аднаўленне Газы можа заняць да 25 гадоў. Цяпер у сектары Газа знаходзіцца прыблізна 60 мільярдаў тон друзу, і 94 працэнты будынкаў зраўнаныя з зямлёй, так заявіў эксперт па Блізкім Усходзе Марыюш Баркоўскі:
– Гэта будзе турма, як кажуць, без даху. Выглядае, што не будзе магчымасці выехаць у Ізраіль з сектара Газа, Таксама выглядае на тое, што насельніцтва ў 2,4 млн чалавек не будзе мець магчымасці перасякаць мяжу з Егіптам, бо Егіпет будзе гэтага баяцца.
Паводле слоў эксперта, дамы прыблізна 330 000 чалавек цалкам разбураныя.
На пытанне журналістаў пра палітычную будучыню анклава Дональд Трамп адказаў, што адны падтрымліваюць рашэнне аб стварэнні адной дзяржавы, іншыя –ідэю стварэння дзвюх дзяржаў. Ён не агучваў асабістую пазіцыю, аднак сказаў, што рашэнне будзе прынята ў кансультацыі з іншымі краінамі.
«Многім падабаецца рашэнне аб стварэнні адной дзяржавы. Некаторыя аддаюць перавагу рашэнню аб стварэнні дзвюх дзяржаў. Я не каментаваў гэта. Я прыму рашэнне ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі, але буду каардынаваць дзеянні з іншымі дзяржавамі, іншымі краінамі», — зазначыў Трамп.
Першы этап мірнага плана прадугледжваў вяртанне ізраільскіх закладнікаў, вызваленне палестынскіх зняволеных, частковы вывад ізраільскіх войскаў і спыненне ваенных дзеянняў. Трампа спыталі, ці не было абвяшчэнне міру заўчасным, і ён адказаў, што ўважае час ідэальным. Ён таксама згадаў пра другі этап перамоў па доўгатэрміновым мірным пагадненні:
«У нас ёсць сіла. Краіны, якія аб'ядналіся, каб падпісаць план, ствараюць сілу. Гэта багатыя краіны. Я думаю, што Злучаныя Штаты, цяпер, калі было ўведзена мыта, зʼяўляюцца самай багатай краінай у свеце. Але яны таксама вельмі багатыя. Яны справяцца з гэтым».
Эксперт па Блізкім Усходзе Марыюш Баркоўскі, што перамовы адносна будучыні ХАМАС будуць самымі складанымі:
– Жаданне Ізраіля і амерыканцаў у тым, каб ХАМАС цалкам склаў зброю, распаўся як арганізацыя, а хто не пагаджаецца з мэтамі мірнага пагаднення, мог бы выехаць без перашкод, атрымаць амністыю, але не ўдзельнічаць у публічным жыцці. Пагадненне прадугледжвае, што на гэтую тэрыторыю ўвойдуць міратворчыя сілы розных арабскіх краін і будзе палестынская паліцыя. Але міратворчых сіл і паліцыі яшчэ няма.
Панядзелкавы саміт у Шарм-эль-Шэйху і падпісанае пагадненне паміж Ізраілем і ХАМАС выклікалі рэзананс у рэгіёне – ад ацэнкі палітычных наступстваў да разважанняў аб магчымых эканамічных выгодах, а таксама аб магчымасцях для аднаўлення і стабілізацыі сектара Газа і іншых краін Блізкага Усходу.
Пагадненне ў Шарм-эль-Шэйху можа прынесці вялікія эканамічныя выгады ўсяму рэгіёну. Чакаецца, што інвестыцыі ў турызм, энергетыку, інфраструктуру, штучны інтэлект, сельскую гаспадарку і ахову здароўя павялічацца, і краіны рэгіёна рыхтуюцца да павелічэння прытоку дапамогі і замежных сродкаў развіцця. Егіпет, Іарданія і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, у прыватнасці, разлічваюць атрымаць прыбытак ад каардынацыі праектаў па аднаўленні ў Сектары Газа, а план стварэння рэгіянальнага эканамічнага савета для кіравання дапамогай і развіццём таксама зʼяўляецца магчымасцю для Ізраіля палепшыць свой імідж і аднавіць эканамічныя адносіны.
У ізраільскай газеце «Haarec» аглядальнік Раві Друкер называе пагадненне дэманстрацыяй амерыканскай моцы. Трамп – як і Генры Кісінджэр, які вёў перамовы аб вывадзе войскаў паміж Ізраілем, Егіптам і Сірыяй пасля вайны Суднага дня 1973 года – вымусіў заключыць здзелку, якую не хацеў ні адзін з бакоў. Паводле каментатара, Нетаньяху, нягледзячы на афіцыйныя заявы аб поспеху, быў вымушаны пайсці на саступкі – сектар Газа ўсё яшчэ ў значнай ступені застаецца пад кантролем ХАМАС.
ХАМАС, у сваю чаргу, назваў гэты вынік трыумфам, бо «Трамп прымусіў Нетаньяху стаць на калені». У сваю чаргу, паводле слоў Одэ Бішарата, яшчэ аднаго аглядальніка «Haarec», не Трамп перамог Нетаньяху, а міжнародны ціск.
«Ізраіль не можа змагацца з усім светам, Бібі!» – нібыта сказаў Трамп ізраільскаму прэмʼер-міністру Беньяміну Нетаньяху.
Пасля нападу ХАМАС свет падтрымаў Ізраіль, але калі дзеянні Ізраіля перараслі ў масавыя бамбардзіроўкі, настрой змяніўся. Захад успрыняў дзеянні Ізраіля як «машыну смерці без тармазоў», і, паводле Бішарата, еўрапейская віна перад Ізраілем, якая бярэ карані ў часах Халакосту, знікла.
Каментатары таксама падкрэсліваюць, што ўсё большая колькасць краін прызнае палестынскую дзяржаву і што будучыня залежыць ад адмовы палестынцаў ад ХАМАС – як у палітычным, так і ў ваенным плане.
IAR/РАР/вх